Новы падатак для «дармаедаў» і агульная база прыбыткаў. Што будуць ведаць падатковыя службы пасля Новага года?


Улады Беларусі рыхтуюць абнаўленне Падатковага кодэксу. Яно набудзе моц з наступнага года. З апублікаванага праекту дакументу вынікае, што чыноўнікі імкнуцца пашырыць кантроль над грашамі насельніцтва, колькасць падаткаў вырасце. Закрануць змены і так званых «дармаедаў». Падаткавікі жадаюць больш пільна правяраць выдаткі і прыбыткі працаздольнага насельніцтва, не занятага ў эканоміцы. «Белсат» разам з эканамістамі праекту «Кошт ураду» высвятляў, якія новаўвядзенні чакаюць беларусаў у сувязі з новым падатковым заканадаўствам.

Ілюстрацыйны здымак.
Фота: Белсат
Даведка

З 2017 года падаткавікі могуць параўноўваць сумы расходаў і даходаў фізічных асобаў за 10 апошніх поўных каляндарных гадоў. Для афіцыйна беспрацоўных расходы не павінныя перавышаць даходы на суму, большую за 500 базавых велічынь (цяпер гэта 16 000 рублёў). Нюанс у тым, што перавышэнне можа «набегчы» за некалькі гадоў у суме, і гэта можа стаць падставай для паглыбленага правярання з боку падатковай.

Штогод улады краіны імкнуцца пашырыць кантроль за фінансамі беларусаў. Дасюль падаткавікі на запыт сілавікоў або органаў кантролю падлічвалі, на колькі выдаткі грамадзянаў перавышаюць прыбыткі, і калі бачылі разыходжанне на 20 %, то патрабавалі патлумачыць, адкуль дадатковыя сродкі. З новага года перавышэнне выдаткаў над прыбыткамі павінна складаць не больш за 1000 базавых велічыняў (32 000 рублёў). А вось для «незанятых у эканоміцы» суму перавышэння выдаткаў над прыбыткамі скарацілі да 500 базавых велічыняў (цяпер гэта 16 000 рублёў).

Пры гэтым падаткавікі могуць палічыць перавышэнне агулам за некалькі гадоў. Новаўвядзеннем у кодэксе можа стаць таксама тое, што з 2023 года падаткавікі не будуць улічваць у прыбыткі падораныя грошы, атрыманыя пазыкі, а таксама перададзеныя на захоўванне грошы. Па сутнасці, чыноўнікі ўводзяць новы падатак для незанятых у эканоміцы.

Hавiны
Лукашэнка істотна змяніў умовы працы аграсядзіб
2022.10.05 17:32

Эксперты праекту «Кошт ураду» тлумачаць, што імкненне дзяржавы пільна заняцца так званымі дармаедамі мае пад сабой нямала падставаў.

«На паверхні ляжыць эканамічны адказ – проста грошы вельмі патрэбныя. Тым не менш, абгрунтаванне для такога падыходу ўлады знаходзяць вельмі сумнеўнае. Патрабаваць з незанятых людзей плаціць падаткі ці падвышаць ім тарыф на камунальныя паслугі, калі разабрацца, супярэчыць логіцы. Бо нават калі прыняць да ўвагі тое, што камунальныя паслугі дзяржава надае па субсідаваных тарыфах, то за такі «клопат» у канчатковым выніку больш высокія тарыфы плаціць бізнес, уключаючы павышаныя тарыфы ў цану сваёй прадукцыі», – кажуць эксперты.

Ілюстрацыйны здымак.
Фота: Белсат

А тавары ў выніку набываюць усе грамадзяне краіны, як тыя, хто заняты ў эканоміцы, гэтак і тыя, хто з нейкіх прычынаў не мае працы. Таму ў выніку сапраўдны кошт камунальных плацяжоў усё адно кладзецца на насельніцтва, толькі ў наяўнай форме – праз кошт тавараў і паслуг, адзначаюць эканамісты.

Але ўвага да тых, хто афіцыйна не працуе ў Беларусі, не абмяжоўваецца толькі эканамічнымі чыннікамі.

«Іншая прычына ўвагі да незанятых ляжыць у плашчыні псіхалогіі або ў сацыяльна-палітычнай сферы. Тут улады зыходзіць з савецкіх уяўленняў аб грамадстве, дзе ўсе павінны быць занятыя і праз гэта ўносіць свой уклад у агульную справу. Заадно гэта падвышае кантраляванасць грамадства. Чаго тут больш – састарэлых уяўленняў аб развіцці грамадства або банальнага страху страціць кантроль, пытанне для асобнай дыскусіі. Але як факт, гэтая акалічнасць уплывае ані не менш за эканамічную цікавасць дзяржавы да незанятых», – кажуць эканамісты.

Hавiны
Улады збіраюцца істотна павысіць падаткі ў Беларусі, а для «дармаедаў» увядуць «падатак на даўгі»
2022.11.20 15:42

Увогуле жаданне адшукаць сродкі для папаўнення бюджэту з боку дзяржавы распаўсюджваецца не толькі на незанятых у эканоміцы краіны. З наступнага года ўлады жадаюць стварыць адмысловую базу ўсіх без выключэння прыбыткаў насельніцтва. Дзяржава хоча бачыць усе грашовыя паступленні грамадзянаў. Дзеля гэтага падаткавікі маюць намер абавязаць наймальнікаў падаваць інфармацыю аб усіх прыбытках працаўнікоў. Новаўвядзеннем у гэтым памкненні можа стаць патрабаванне ад банкаў даваць падатковай інфармацыю пра кліентаў, у якіх агульная сума прыходных аперацыяў за каляндарны год перавысіла 150 000 рублёў. І нават Беларускую валютна-фондавую біржу могуць абавязаць даваць інфармацыю аб угодах фізічных асобаў з каштоўнымі паперамі.

«Кожная дзяржава хоча ведаць, дзе… грошы. Таму вельмі важна кантраляваць фінансавыя аперацыі, перамяшчэнне любых сродкаў унутры краіны і з яе. А паколькі інфарматызацыі «ўсе рэжымы пакорлівыя», то ў нашым выпадку грэх было б не скарыстацца расейскім і кітайскім досведам павышэння даступнасці для дзяржавы любой фінансавай інфармацыі.

Татальная інфарматызацыя мае шмат перавагаў, многія з якіх мы актыўна выкарыстоўваем у разліках, падчас падарожжа, камунікацыі. Але ёсць і адваротны бок: небяспека лічбавага гета ці лагеру з празрыстасцю для дзяржавы, але без празрыстасці самой дзяржавы і з рознага кшталту сацыяльнымі рэйтынгамі. Гэта, безумоўна, дорага і неэфектыўна для эканомікі. Але затое працуе на стабільнасць дзяржаўнай сістэмы», – звяртаюць увагу эканамісты праекту «Кошт ураду».

Фота: Belsat.eu

Акрамя гэтых новаўвядзенняў з новага года індывідуальныя прадпрымальнікі будуць больш плаціць падаткаў і адлічэнняў, насельніцтва ўжо плаціць падатак на першую кватэру, нямала цяпер гаворак пра павышэнне падатку на дададзеную вартасць (ПДВ) – кажуць суразмоўцы «Белсату».

«З улікам сур’ёзнай прасадкі эканомікі Беларусі грошы патрэбныя як ніколі, тым больш што спадзяванняў на пазітыўныя сцэнары, пры якіх эканоміка зноў пойдзе ў рост, рэальна не праглядаецца. Надзеі на расейскі і кітайскі рынкі пераацэненыя. Першы і сам застаецца пад жорсткімі санкцыямі, другі размешчаны далёка, што істотна абмяжоўвае нашыя экспартныя магчымасці», – лічаць эканамісты.

У выніку, калі няма магчымасцяў зарабіць грошы за мяжой, улады пачынаюць шукаць сродкі для падтрымання існай эканамічнай мадэлі ўсё больш узмоцнена за кошт унутраных магчымасцяў.

Аналітыка
Пагадненню аб пазбяганні падвойнага падаткаабкладання з Украінаю хутка канец. Што яшчэ ў чарзе
2022.10.07 08:00

Мікалай Каткоў belsat.eu

Стужка навінаў