У Гомлі судзяць жанчыну з псіхічным разладам. Яна нібыта схапіла амапаўца за руку


У судзе Цэнтральнага раёну Гомля 24 лістапада пачаўся разгляд справы за «гвалт над міліцыянтам» у дачыненні Ларысы Кузьменкі паводле арт. 364 КК РБ, паведамляе радыё «Свабода».

Яна застаецца ў зняволенні з 6 жніўня. У 49-гадовай жанчыны дыягнаставаныя псіхічныя разлады – клаўстрафобія і дэпрэсія.

Ларыса Кузьменка.
Фота: spring96.org

Першы раз Ларысу Кузьменку затрымалі 27 верасня 2020 года ў Гомлі, падчас акцыі пратэсту. Тады сілавікі ўжывалі газ і святлошумавыя гранаты супраць пратэстоўцаў, шмат людзей затрымалі, сярод іх і Ларысу. За ўдзел у акцыі яе пакаралі 7-сутачным арыштам. Падчас адбывання тэрміну жанчыне стала дрэнна, і яна трапіла ў псіхіятрычную лякарню, дзе пацвердзілі клаўстрафобію і дэпрэсіўны разлад, на які яна пакутуе каля дзесяці гадоў.

Амаль праз год Ларысу Кузьменку затрымалі паводле крымінальнага артыкулу і абвінавацілі ў гвалце над супрацоўнікам міліцыі. Згодна са звесткамі следства, падчас маршу 27 верасня яна, «ужыўшы фізічную сілу, узяла за руку супрацоўніка праваахоўных органаў і не дазваляла яму выконваць ягоных абавязкаў».

Ларыса Кузьменка ў цэнтры.
Фота: Гомельская Вясна

На судзе дзяржаўны абвінаваўца заявіў, што жанчына, «дзейнічаючы з матываў палітычнай варожасці», нанесла пабоі і выклікала боль у супрацоўніка АМАПу.

Пацярпелы амапавец у суд не прыйшоў і папрасіў разглядаць справу без ягонага ўдзелу. Таксама ў справе ёсць тры допыты супрацоўнікаў АМАПу, паказанні якіх супярэчаць адно аднаму. Усе яны апісвалі розныя падзеі таго дня.

У лістах гамяльчанка пісала, што не прызнае сваёй віны.

Інкрымінаваны Ларысе Кузьменцы артыкул прадугледжвае абмежаванне свабоды на тэрмін да 5 гадоў або пазбаўленне волі на тэрмін да 7 гадоў.

Артыкулы
Салігорскага актывіста Паўла Батуева затрымалі ў крымінальнай справе
2021.11.24 14:15

АД, belsat.eu

Стужка навінаў