Выхоўваць прапагандыстаў, славіць правадыра!

На факультэце журналістыкі БДУ пачаўся новы навучальны год – па-новаму, у духу часу рэальнай на сёння Беларусі. Моцнай і квітучай, якую, паводле кіраўніка, вельмі жадаюць «раздербанить». Таму на фронце, паводле трывожнага выразу Лукашэнкі, усе: і чыноўнікі, і шараговыя грамадзяне, і тым больш службоўцы ідэалагічнага фронту. У гэтых умовах няма чаго пашыраць колькасць тых жа журналістаў. Чым іх меней, тым лягчэй кантраляваць.

Беларускія студэнты. Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Звязда

Як нагадвае сайт postuplenie.by, некалькі апошніх гадоў на факультэце журналістыкі набор змяншаецца. Міністэрства адукацыі тлумачыць гэта змяненнем попыту на журналістаў. Чаго раптам?

Калі лічыць цэлы шэраг закрытых выданняў пасля апошніх прэзідэнцкіх выбараў, то патрэбы ў журналістах стала меней.

Сапраўдных журналістаў амаль усіх вынішчылі. Раней іх толькі затрымлівалі, перапісвалі звесткі ды адпускалі. Пазней у іх ужо стралялі, кідалі ў іхны бок гарматы, збівалі і судзілі на вялікія турэмныя тэрміны. Ператрусаў у рэдакцыях і выняцця тэхнікі ўвогуле не пералічыць. Стала вельмі трывожна за прафесію, што яе проста знішчаюць, а замест гэтага будуць выхоўваць цалкам паслухмяных пісакаў.

Хаця пасля беспрэцэдэнтных паводле маштабу рэпрэсіяў можна было чакаць, што факультэту журналістыкі нададуць вельмі пільную ўвагу. Гэтак, набор на яго ўжо праходзіў не толькі паводле набраных балаў, але яшчэ і праз асабістыя гутаркі абітурыентаў з «людзьмі ў цывільным».

У выніку сёлета на журфаку адмянілі платнае навучанне, якое хоць неяк вызваляла ад прывязанасці да ВНУ ў пытанні таго ж размеркавання, і набралі толькі на бюджэт. Набралі 82 чалавекі (інфармацыя і камунікацыя – 22 асобы, уласна журналістыка – 60). А яшчэ ў 2022-м прынялі 100 першакурснікаў, і 9 з іх паступілі на платнае аддзяленне.

Hавiны
Міністр інфармацыі паслаў першакурснікаў журфаку жаўнерамі на вайну. Пакуль інфармацыйную
2023.09.01 12:00

Згадваецца, што ў мой час (я паступаў на журфак у 1986 годзе) першы курс складаў усяго 50 студэнтаў, якія пазней дзяліліся на два аддзяленні і збольшага на жаданне: 35 трэцякурснікаў пайшлі на газетную журналістыку, 15 абралі спецыялізацыю электронных медыяў – радыё і тэлебачанне. Тады не было міжнароднай журналістыкі асобна, а працавала кафедра замежнай журналістыкі. Цяперашні кірунак «міжнародная журналістыка», кафедру якой стварылі толькі 1 студзеня 2019 года, пратрымаўся нядоўга. Сёлета яе адмянілі, што знайшло адлюстраванне ў агульнадзяржаўным класіфікатары спецыяльнасцяў Беларусі.

Новыя правілы міністр адукацыі Андрэй Іванец мудрагеліста тлумачыў клопатам пра новае пакаленне:

«Падпісанне ўказу кіраўніка дзяржавы пра новыя правілы прыёму – гэта фактычна прынцыпова новы крок наперад для ўдасканалення як выніковай атэстацыі за курс агульнай сярэдняй школы, гэтак і ўступнай кампаніі ва ўстановы найвышэйшай адукацыі…

Кожны маладзён здолее абраць не толькі прафесію, але і наступнае месца працы. Гаворка пра новыя падыходы да мэтавай формы набору. Бо хлопцы і дзяўчаты, якія вучацца ў старэйшых класах, ужо глядзяць не толькі на ВНУ, але і на працадаўцу, патэнцыйнае працоўнае месца, на якое яны прыйдуць пасля навучання».

Вось так больш зразумела. То бок міжнародная журналістыка ніяк не стасуецца з працаю ў «СБ-Беларусь сегодня», ці БелТА, а жаданне глядзець на далейшае навучанне і працу за мяжой у Беларусі вось такімі «клопатамі» усё больш адбіваюць.

Як падкрэслівае postuplenie.by, з новага навучальнага года дадалі кірунак «блогінг», навуковую, дзелавую і аўтарскую журналістыку.

А вось і тое, дзеля чаго ўсё гэта: змены ў рыхтаванні журналістаў абумоўленыя патрэбамі дзяржавы ў надзейных (!) высокакваліфікаваных кадрах ва ўмовах інфармацыйнай вайны ў медыях ды інтэрнэце.

Сёння назваць журналістам кагосьці, хто працуе ў дзяржаўных (а іншых амаль не засталося) сродках масавай інфармацыі практычна немагчыма. У маім уяўленні журналістыка – гэта не толькі напісанне тэксту альбо галасавая перадача інфармацыі на экране ці эфіры радыё, гэта яшчэ і наяўнасць рознабаковага погляду на жыццё, уменне, жаданне і магчымасць выказвацца так, як гэта бачыць хлопец ці дзяўчына, згодна з сусветнымі тэндэнцыямі і патрабаваннямі. Прасцей кажучы, яна патрабуе асобаў неардынарных, цікавых, тых, каго будуць чытаць і глядзець.

Агляд
Уступная кампанія 2023 года ў Беларусі. Колькі каго куды бяруць і што варта ведаць
2023.05.25 07:00

Свабода меркаванняў, перакананняў ды іх вольнае выражэнне прапісаныя ў Законе аб СМІ Рэспублікі Беларусь, а 5-ы артыкул дакументу наўпрост гарантуе іх. А ў наступным, шостым артыкуле патрабуецца «недапушчальнасць манапалізацыі сродкаў масавай інфармацыі». У сёмым артыкуле – «недапушчальнасць незаконнага абмежавання свабоды масавай інфармацыі, якое выражаецца ў ажыццяўленні цэнзуры…». Таксама «не дапускаецца фальсіфікацыя інфармацыі, наўмысны распаўсюд недакладнай інфармацыі пад выглядам дакладных паведамленняў, знявага праз распаўсюд непраўдзівай інфармацыі грамадзяніна альбо асобных катэгорыяў грамадзянаў паводле прыкметаў полу, узросту, расавай ці нацыянальнай прыналежнасці, стаўлення да рэлігіі, прафесіі, месца жыхарства ці працы ў адпаведнасці з палітычнымі перакананнямі, а таксама дзелавую рэпутацыю юрыдычнай асобы»…

Можна пералічваць і пералічваць правільныя словы, але ж, на жаль, гэты закон нібы не існуе для азаронкаў, тураў, лебедзевых, пятрашак, мукавозчыкаў ды іншых казаковых з ялфімавымі як для грамадзянаў Рэспублікі Беларусь. Ці журналістыка тое, што яны робяць?

Зрэшты, не ўсе прапагандысты маюць журналісцкую адукацыю. Яна ў мае 1980-я–90-я гады была неабходнаю, каб працаваць у сродках масавай інфармацыі. Калега Уладзімір Навіцкі нават вымушаны быў услед за палітэхам скончыць і журфак БДУ, каб працаваць у дырэкцыі спартовых праграмаў. Цяпер гэтага нідзе не патрабуюць.

Азаронка выпусціла Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў, Мукавозчыка – факультэт фізікі БДУ, Казакова – гістарычны факультэт Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя Аркадзя Куляшова. Цяперашні галоўны рэдактар газеты «Минский курьер» сваю адданасць рэжыму і непахіснасць зацвердзіў, калі прайшоў прафесійную перападрыхтоўку ў інстытуце дзяржаўнай службы Акадэміі кіравання паводле спецыяльнасці «міжнародныя дачыненні».

Да таго ж цяпер яны ўсе ўжо не журналісты, а палітолагі. Гэта тэма асобнага матэрыялу, як і ўласна вельмі арыгінальная з’ява ў свеце – беларуская дзяржаўная паліталогія.

Сем гадоў таму, калі спадарыня Лебедзева пачынала сваю працу на тэлебачанні, дзе ёй знайшлі месца толькі ў эканамічным аддзеле АТН (паводле прапагандысткі, у сельскагаспадарчай рэдакцыі), яна шкадавала, што ў палітаддзел не прабіцца. Бо там шмат плоцяць і, адпаведна, высокая канкурэнцыя.

Канечне ж і сёння ўсе, хто мае ў сваіх абавязках падаваць палітычную інфармацыю, абавязкова атрымліваюць лепшае матэрыяльнае забеспячэнне ў параўнанні з калегамі з іншых рэдакцыяў. Але праца гэтая не вымушае шмат думаць, разважаць, супастаўляць розныя падзеі і факты, каб знаходзіць корань зла альбо дабра.

Задача простая: трансляваць і пашыраць тое, што кажа Лукашэнка, памятаючы, што крок улева, крок управа, спроба ўцячы, раптам адмовіцца – будуць пакараныя імгненна, а значыць, рухне рэальнасць заможнасці і бесклапотнасці.

Іншая рэч, што такія людзі ідуць выступаць, выкладаць на журфак, прыцягваць да свайго бессумленнага рамяства лакейства маладыя неўмацаваныя душы. Якімі будуць выпускнікі журфаку праз пяць гадоў, а нават і праз год, застаецца толькі ўяўляць. Хутчэй за ўсё, уяўляць у трывожным свеце. Трывожным за прафесію і за маладых беларусаў, якія яшчэ не навучыліся думаць і разважаць, але ім абавязкова ўкажуць, як гэта трэба рабіць «правільна».

Каментар
«Рыхтаванне да чагосьці мярзотнага». Змены ў закон аб медыях сталіся рэакцыяй на мэм пра 3 %
2023.04.18 21:15

belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў