«Супярэчлівы і з беспадстаўнымі надзеямі». Што не так з бюджэтам Беларусі налета?


Больш сілавікам, войску і ў фонд Лукашэнкі – і менш сем’ям з дзецьмі. Палата прадстаўнікоў разгледзела ў нулявым чытанні праект бюджэту налета. Эксперты кажуць, што планаванне атрымалася супярэчлівым і поўным беспадстаўных надзеяў. Агляд галоўнага фінансавага дакументу краіны – у матэрыяле «Белсату».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Улады запланавалі рост і прыбыткаў, і выдаткаў, і дэфіцыту бюджэту.

Традыцыйна самы буйны артыкул прыбыткаў – падаткі. Іх маюць сабраць на 29,4 млрд рублёў (з агульнага прыбытку казны ў 39,9 млрд рублёў). Чакаецца, што больш грошай прынясе і падатак на прыбытак (напрыклад, з заробкаў), і падатак на дададзеную вартасць (ПДВ), які улучаны ў цану амаль кожнага тавару і паслугі, і акцызы (алкаголь, цыгарэты, паліва). Рэзка – у два з паловаю разы – вырастуць паступленні ад экалагічнага падатку (імаверна, гэта звязана з працаю Беларускай АЭС).

Акрамя таго, амаль удвая павялічацца падатковыя прыбыткі замежнаэканамічнай дзейнасці. Тут улічваецца ўвознае і вывазное мыта, а таксама розныя іншыя зборы, што спаганяюць з удзельнікаў вонкавага гандлю.

«Сацыяльная скіраванасць – прыярытэт бюджэту наступнага года», – заявіў кіраўнік ураду Раман Галоўчанка дэпутатам Палаты прадстаўнікоў. 23 кастрычніка яны разгледзелі адпаведны законапраект у нулявым чытанні.

Пры гэтым артыкул «Сацыяльная палітыка» у выдатках бюджэту ўлады павялічылі толькі на 6%, і гэтае павышэнне можа цалкам з’есці інфляцыя, якая налета акурат плануецца ў тыя ж 6%. На пенсіі далі на 12% больш (1,8 млрд рублёў), але менш атрымаюць сем’і з дзецьмі (382,5 млн рублёў, мінус 11% у параўнанні з сёлетнім бюджэтам).

Рост выдаткаў на адукацыю і ахову здароўя амаль аднолькавы: 15% і 18% адпаведна. Суддзі, міліцыянты, работнікі пракуратуры, КДБ, мытнікі, памежнікі і іншыя супрацоўнікі «праваахоўнай» сістэмы атрымаюць на 14% больш.

Істотна вырастуць выдаткі на нацыянальную абарону (плюс 29%), прамысловасць і будаўніцтва (36%), а таксама на 50% павялічыцца рэзервовы фонд Лукашэнкі.

Налета дзяржава мусіць вярнуць пазыкаў на 7,3 млрд рублёў, прычым амаль усё – у валюце (каля $2 млрд), паведаміў у Палаце прадстаўнікоў міністр фінансаў Юрый Селівёрстаў. Яшчэ 5,3 млрд рублёў пойдзе на абслугоўванне дзяржаўнай пазыкі: выплату адсоткаў.

Але рады з касаваннем запазычанасці не дадуць: у наступным годзе дзяржава хоча знайсці $1,3 млрд на рэфінансаванне пазыкаў, што набралі раней.

Кіраўнік Мінфіну таксама растлумачыў неабходнасць даць больш грошай войску і сілавікам: «тэхнічнае перааснашчэнне ўзброеных сілаў ды іншых вайсковых фармаванняў», а таксама «умацаванне нацыянальнай бяспекі». Селівёрстаў прызнаўся, што сёлета гэтыя выдаткі «часткова прафінансавалі за кошт пазыкаў».

Акрамя таго, міністр фінансаў раскрыў прыбытак артыкула бюджэту «Вывазное мыта» (1,5 млрд рублёў). Аказалася, што гэта грошы, якія прынясе экспарт калійных угнаенняў. У сёлетнім бюджэце прадугледжваецца адпаведны прыбытак толькі ў 483 млн рублёў.

Яшчэ адна крыніца фінансавання беларускай казны – Расея. Налета Масква пералічыць Менску 2,1 млрд рублёў кампенсацыі нашым НПЗ стратаў праз падатковы манеўр. Гэтыя грошы таксама ўлучаныя ў бюджэт.

Праект «Нашы грошы» назваў беларускі бюджэт налета «поўным беспадстаўных надзеяў, лагічных супярэчнасцяў і спробаў замаскаваць сапраўдныя крыніцы папаўнення казны».

«Стаўка робіцца на непразрыстыя дамоўленасці з Расеяй або «схематоз», які моцна залежыць ад эканамічнай і палітычнай кан’юнктуры, што дынамічна змяняецца, а значыць, зʼяўляецца дастаткова рызыкоўным артыкулам прыбыткаў. Відавочна, што ўрад вымушаны рабіць стаўку на выняцце ўсё большых сум грошай з грамадзянаў і бізнесу праз акцызы і падаткі», – адзначаецца ў публікацыі.

Эканаміст Уладзімір Кавалкін у размове з медыя «Обычное утро» звярнуў увагу на артыкул бюджэту «Падатковыя прыбыткі ад знешнеэканамічнай дзейнасці».

Hавiны
Рост ВУП на 3,8 %, а інфляцыя – менш як 6 %. Улады агучылі планы і жаданні на 2024 год
2023.10.02 20:14

«Уяўляеце, што ў нас будзе адбывацца з экспартам, як ён папрэ і закаласіцца? Як «схематоз» паедзе? Удвая год да году – гэта фенаменальна. Мяркую, што яны плануюць нешта праз Беларусь ганяць у Расею і наадварот, і гэта абкладаць мытам. І другі момант, імаверна, звязаны са спробамі схаваць нейкія прэферэнцыі і фінансавую дапамогу Расеі рэжыму Лукашэнкі. Гэта абгорнуць нібыта ў камерцыйныя схемы, і прыбытак будзе адлюстроўвацца ў гэтым артыкуле», – заявіў эксперт.

Ён таксама папярэдзіў, што планы ўладаў павялічыць прыбыткі бюджэту ад ПДВ могуць справакаваць рост цэнаў, якія ўлучаюць гэты падатак. «І ўзнікае пытанне: як пры такім росце ПДВ мы збіраемся захаваць інфляцыю ў запланаваным параметры 6%? Прыбыткі грамадзянаў мусяць вырасці на 3,5%, а куды гэтыя прыбыткі пойдуць? Хутчэй за ўсё, на гэты ПДВ, што вырасце, і пойдуць», – сказаў эксперт.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Рост бюджэтных выдаткаў на войска Кавалкін растлумачыў планамі пераўзбраення. «Рыхтуюцца да нейкага канфлікту, але, у іх разуменні, нейкаму абмежаванаму рэгіянальнаму. Усялякія навучанні сілавікоў, сведчаць, хутчэй за ўсё, што яны рыхтуюцца да сцэнара «полк Каліноўскага заходзіць у Беларусь». Яны не рыхтуюцца ваяваць з NATO – гэта бачна з увагі на выдаткі і характар навучанняў», – сказаў аналітык.

У павелічэнні фінансавання артыкула «Нацыянальная эканоміка» Кавалкін пабачыў намаганне ўладаў кампенсаваць страты вытворцаў, што ўзнікаюць праз штучнае стрымліванне цэнаў.

«Увесь банкет з адносна невысокай інфляцыяй будзе аплачаны падаткамі праз рост акцызаў, ПДВ, падаткаў на прыбытак і гэтак далей. Цудаў не бывае: калі ў вас недзе забралі меней, то ў іншым месцы забяруць болей», – падсумаваў эканаміст.

Агляд
Рэформы непазбежныя: што рабіць з беларускай эканомікай пасля Лукашэнкі
2023.10.22 17:45

СК belsat.eu

Стужка навінаў