Беларусь далучылася да кітайска-расейскага праекту стварэння навуковай месяцавай станцыі


Нацыянальная акадэмія навук Беларусі і Кітайскае нацыянальнае касмічнае кіраўніцтва 23 кастрычніка падпісалі супольную дэкларацыю аб супрацы ў касмічным праекце. Сустрэча адбылася ў фармаце відэаканферэнцыі, паведамляе прэс-служба НАН.

НАН Беларусі і Кітайскае нацыянальнае касмічнае кіраўніцтва 23 кастрычніка падпісалі супольную дэкларацыю аб супрацы ў справе Міжнароднай навуковай месяцавай станцыі. Крыніца: nanbelarus / Telegram

Супольную дэкларацыю аб супрацы ў справе Міжнароднай навуковай месяцавай станцыі падпісалі старшыня НАН Уладзімір Гусакоў і кіраўнік КНКК Чжан Кэ Цзянь.

Згодна з падпісаным дакументам, бакі будуць «развіваць супрацу ў рамках кітайска-расейскага праекту для стварэння станцыі».

«Кірункамі супрацы будуць фундаментальныя і дастасоўныя даследаванні ў галіне тэхнікі і тэхналогіяў касмічнага прымянення, новых матэрыялаў і электроннай кампанентавай базы, рыхтаванне і павышэнне кваліфікацыі навуковых кадраў і спецыялістаў», – гаворыцца ў паведамленні НАН.

НАН Беларусі і Кітайскае нацыянальнае касмічнае кіраўніцтва 23 кастрычніка падпісалі супольную дэкларацыю аб супрацы ў справе Міжнароднай навуковай месяцавай станцыі. Крыніца: nanbelarus / Telegram

Таксама бакі плануюць распрацаваць дарожную мапу для канкрэтных навукова-тэхнічных праектаў у рамках стварэння і эксплуатацыі Міжнароднай месяцавай станцыі.

Рэалізацыя праекту пачалася ў 2021 годзе з дамоўленасці аб стварэнні станцыі з Расеяй, а ў мінулым годзе было падпісанае міжурадавае пагадненне аб супрацы і стварэнні Міжнароднай навуковай месяцавай станцыі. Пазней да яго далучыліся Азербайджан, Пакістан, ААЭ, ПАР, Азіяцка-Ціхаакіянская арганізацыя касмічнай супрацы і швейцарская авіякасмічная кампанія «nanoSPACE AG». Да праекту могуць далучацца і іншыя краіны.

Завяршыць будаўніцтва станцыі плануюць у 2031–2035 гадах, а ўжо да 2028 года павінна быць створаная базавая мадэль месяцавай станцыі.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў