У Літве адклалі суд над прарасейскім блогерам


Адбылося чарговае паседжанне ў судзе над прарасейскім блогерам Лаўрынасам Рагельскісам. Яго вінавацяць у распальванні варажнечы і разбурэнні народнага беларускага мемарыялу.

Прарасейскі блогер Лаўрынас Рагельскіс. Крыніца: vis24.lt

Да будынку Віленскага ўчастковага суда прыйшлі беларусы з бел-чырвона-белым сцягам, каб выказаць свой пратэст дзеянням Лаўрынаса.

«Рагельскіс абразіў наш мемарыял, ён яго разбіў, патаптаўся па фатаграфіях нашых герояў, што абражае і апаганьвае гонар беларусаў. Ён неаднаразова зрываў акцыі, спрабаваў гадзіць нам, здымаць свае прапагандысцкія відэа, у якіх абражаюцца, высмейваюцца беларусы. Плюс ён дасылаў звесткі на палітычных беларусаў у КДБ і беларускае тэлебачанне, пра што неаднаразова былі рэпартажы, ён даваў інтэрв’ю, відэа і фотадакументы, дзе бачныя твары тых, хто ўцёк у Літву. Натуральна, людзі ад гэтага пацярпелі. Мы не можам дапусціць таго, каб нашыя звесткі зліваліся КДБ, каб нас ганьбілі», – кажа адна з удзельніц акцыі Ілона Рудзеня.

Людзей абрыла тое, што Лаўрынас Рагельскіс здымаў на акцыях, а некаторые людзі былі без масак, з незакрытымі тварамі.

«Мы мусім паказаць прапагандыстам, агентам, што тут няма беспакаранасці, тут за кожнае дзеянне ты будзеш пакараны», – кажа спадарыня.

«Я таксама была тою, хто падпісваў гэтую калектыўную заяву ў паліцыю, але насамрэч было шмат беларусаў, хто падпісваўся. Лаўрынас Рагельскіс вельмі вядомы чалавек Літве, нават ён трапіў у справаздачу дэпартаменту дзяржаўнай бяспекі Літвы як чалавек, які адмініструе больш за 100 розных сацыяльных пляцовак і распаўсюджвае пракрамлёўскую прапаганду. Ён шмат разоў не толькі здымаў, ён з’яўляўся і ў праграмах Ігара Тура ды іншых прапагандыстаў. Ён абразіў беларусаў, ён павінен быць за кратамі. І мы спадзяемся, што ўсё ж такі ён за краты трапіць. Нам нават не так важна, на колькі ён трапіць, сам факт крымінальнай справы і сам факт прысуду для нас вельмі важны. Таму мы каля суда, каб паказаць, што ўсё ж такі для нас мемарыял мае значэнне, і так нельга рабіць», – кажа Вольга Карач з праваабарончага цэнтру «Наш дом».

Акцыя перад участковым судом у Вільні, Літва. 24 кастрычніка 2022 года.
Фота: Ганна Русінава / Белсат

Гэта ўжо трэці з ліку суд, які падвіноўны ўсякім чынам зацягвае.

«Працэс зацягнуўся, бо абвінавачваны маніпулюе, што не ведае літоўскай мовы. Суд забавязаў перакласці абвінаваўчы акт на расейскую мову. Пераклад зацягнуўся. Усё ж абвінаваўчы акт складае 60 аркушаў. Потым яшчэ адну просьбу абвінавачваны выказаў, каб яго абараняў адвакат, на гэта ён мае права. Цяпер далі час, каб выбраць адваката», – кажа пракурор Віленскай акруговай пракуратуры Мантас Янушкявічус.

Паседжанне перанеслі на 9 лістапада.

belsat.eu

 

Стужка навінаў