Пуцін просіць прытулку ў Фінляндыі?.. Аналітыкі абмеркавалі сцэнары будучага на «Менскім Форуме XX»


Удзельнікі варшаўскай сесіі «Менскага Форуму XX» 23 верасня абмеркавалі сцэнары будучыні, якія чакаюць Усходнюю Еўропу пасля поўнамаштабнага вайсковага ўварвання Расеі ва Украіну, а таксама змены геапалітычнага парадку. Спектр прагнозаў вагаўся ад самых змрочных (ядравая вайна) да фантастычных (Пуцін просіць палітычнага прытулку ў Фінляндыі). Але спікеры былі згодныя ў адным: Еўропа і свет мусяць быць падрыхтаваныя да розных варыянтаў развіцця падзеяў.

Варшаўская сэсія Менскага форуму
Злева направа: мадэратарка і ўдзельнікі панэлі «Змена геапалітычнага парадку і будучыня Усходняй Еўропы пасля поўнамаштабнага вайсковага ўварвання Расеі ва Украіну» у межах варшаўскай сэсіі Менскага форуму: Вераніка Лапуцкая, Агнешка Легуцка, Анастасія Сяргеева і Уладзімір Астапенка. 23 верасня 2022 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Як абвешчаныя Уладзімірам Пуціным «частковая мабілізацыя» і «рэферэндумы» на захопленых тэрыторыях Украіны адаб’юцца на сітуацыі ў будучыні? Ці абвесцяць мабілізацыю ў Беларусі і як гэта ўспрыме беларускае грамадства? Ці адбудзецца ядравая вайна і ці трэба шукаць новага прэзідэнта для Расеі будучага? На гэтыя ды іншыя пытанні спрабавалі адказаць падчас дыскусіі аналітык Польскага інстытуту міжнародных справаў прафесарка Агнешка Легуцка, расейская прадстаўніца фонду «Wot» Анастасія Сяргеева і намеснік прадстаўніка ў замежнай палітыцы Аб’яднанага пераходнага кабінету Беларусі Уладзімір Астапенка.

«Лукашэнка будзе трымацца ў баку»

Уладзімір Астапенка зазначыў падчас дыскусіі, што цяжкія хвіліны насталі зараз не толькі для расейскага грамадства, але і для беларускага, і выказаў надзею «ў лепшую будучыню, нягледзячы на тое што адбываецца». Зазначыў, што мабілізацыя ў Беларусі магчымая, але Лукашэнка, які да вайны пастаянна лавіраваў між бакамі, будзе адцягваць яе да апошняга.

«Лукашэнка ведае, што ніхто не хоча ваяваць, таму не абвяшчае мабілізацыі. Сітуацыя ў бліжэйшым будучым не зменіцца. У людзей няма згоды, і яны не будуць удзельнічаць у гэтай агрэсіі», – сказаў Уладзімір Астапенка.

Па словах беларускага спікера, Аляксандр Лукашэнка, які больш не мае хаўруснікаў, апроч Пуціна, ведае таксама, што Пуцін не пераможа, і «таму пастараецца трымацца ў баку». Ён будзе працягваць «бавіцца ў манеўры», каб заняць галовы і рукі вышэйшых афіцэраў, але ён добра адчувае рызыку таго, што беларускае войска, якое ён адправіць на вайну з Украінай, можа змяніць бок.

Варшаўская сэсія Менскага форуму
Уладзімір Астапенка, намеснік прадстаўніка па замежнай палітыцы Аб’яднанага пераходнага кабінету Беларусі, падчас дыскусіі ў межах панэлі «Змена геапалітычнага парадку і будучыня Усходняй Еўропы пасля поўнамаштабнага вайсковага ўварвання Расеі ва Украіну» у межах варшаўскай сэсіі Менскага форуму. 23 верасня 2022 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

«Ён адчувае, што войска, замест таго каб ісці на Украіну, можа пайсці на Менск», – выказаў меркаванне Уладзімір Астапенка.

Пад нечаканымі промнямі вераснёўскага сонца і на фоне вялікага плаката з надпісам «Усё будзе добра» такія словы гучалі вельмі аптымістычна.

Ці мусіць Еўропа прымаць расейскіх «дэзерціраў»?

Анастасія Сяргеева, кажучы пра адсутнасць масавых пратэстаў у Расеі пасля абвяшчэння Пуціным мабілізацыі, прыйшла да высновы, што людзі проста да іх не гатовыя і «выбіраюць стратэгію персанальнага выжывання» – масава зʼязджаюць з краіны, выказваючы нежаданне ваяваць з украінцамі.

«Ніхто не верыць у тое, што жыццё можна змяніць, знаходзячыся ў Расеі», – кажа Анастасія Сяргеева, наракаючы на адсутнасць новых палітычных лідараў і ідэяў у краіне, апанаванай прапагандай і пуцінскімі рэпрэсіямі.

Варшаўская сэсія Менскага форуму
Анастасія Сяргеева, чалец рады асацыяцыі «За свабодную Расею». 23 верасня 2022 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Як мяркуе Анастасія Сяргеева, думка пра тое, што еўрапейскія краіны не мусяць закрываць межы перад расейскімі «дэзерцірамі», што бягуць ад мабілізацыі (такую думку выказаў нядаўна шоўмен Аляксандр Гудкоў), мае сэнс.

«Можа, гэта адзінае выйсце для гэтых людзей, якія не хочуць ваяваць і здавацца ў палон. І цяпер гэта выклік для еўрапейскай бюракратыі, у прыватнасці – краінаў Балтыі, якія закрылі межы. Але гэта не мусіць быць вынікам толькі рашэння бюракратаў, але – вынікам дыскусіі паміж актывістамі», – сказала Анастасія Сяргеева.

«Пуцін перапалохаўся»

Што да абвешчаных Расеяй «рэферэндумаў», польскі аналітык Агнешка Легуцка адмаўляецца называць іх гэтым словам, бо «урны для галасавання знаходзяцца ў Маскве». Па словах спікеркі, гэтыя мерапрыемствы сведчаць пра тое, што «Пуцін перапалохаўся», і таму ажыццяўляе сцэнары, апрабаваныя яшчэ ў 2014 годзе.

Аналітык прадказвае, што абвешчаныя вынікі «рэферэндумаў» будуць вельмі да спадобы расейскаму кіраўніцтву. За прапановы ўвайсці ў склад РФ «прагаласуе» 99 % насельніцтва захопленых тэрыторыяў, і «гэта будзе хлуснёй».

Варшаўская сэсія Менскага форуму
Агнешка Легуцка, аналітык Польскага інстытуту міжнародных справаў. 23 верасня 2022 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

«Тое, што робіць зараз Расея, – гэта стратэгічныя сігналы. Яны сігналізуюць, што калі Украіна працягне контратакаваць, яны будуць вымушаныя ўжыць атамную зброю», – гаворыць Агнешка Легуцка.

Але заўважае, што сігналы ў адказ падае і NATO, дзе ўжо падрыхтаваныя свае сцэнары на магчымыя крокі Расеі. Таму ў гэтай вайне

«Таму тут, у гэтай вайне, маем некалькі сцэнароў, але разумеем, што тактычная ядравая зброя на тэрыторыі Украіны можа быць ужытая», – мяркуе Агнешка Легуцка.

«Што варыцца ў галаве вар’ята?»

З меркаваннем пра магчымасць выкарыстання ядравай зброі Пуціным згаджаецца і расейская экспертка Анастасія Сяргеева, бо «не можам уявіць сабе, што варыцца ў галаве варʼята».

«Усе нашыя прагнозы – базуюцца на падставе недастатковай інфармацыі. І мы не ведаем напэўна, які будзе ягоны наступны крок», – кажа Анастасія Сяргеева.

Варшаўская сэсія Менскага форуму
Наведнікі дыскісійнай панэлі «Змена геапалітычнага парадку і будучыня Усходняй Еўропы пасля поўнамаштабнага вайсковага ўварвання Расеі ва Украіну» у межах варшаўскай сэсіі Менскага форуму. 23 верасня 2022 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

У чым выказвае пэўнасць, дык у тым, што ў выніку і Пуцін, і Лукашэнка, і ўсе ваенныя злачынцы мусяць панесці ў будучым адказнасць за свае ўчынкі. Але папярэджвае, што будучыя суды маюць быць адкрытымі і прытрымлівацца міжнародных прынцыпаў правоў чалавека. Нават калі на лаўцы падсудных будзе сядзець такі чалавек, як Пуцін.

«І калі раптам Пуцін прыедзе ў Фінляндыю і папросіць палітычнага прытулку, мы мусім прыняць яго. Бо павінны трымаць нашыя эмоцыі пад кантролем і не павінны яго дыскрымінаваць. Так, гэта будзе цяжка, але мусім гэтак рабіць так. Не можам быць субʼектыўнымі», – заявіла Анастасія Сяргеева.

«Магчымасць пратэстаў у Беларусі яшчэ існуе»

Прадстаўнік Абʼяднанага пераходнага кабінету Беларусі Уладзімір Астапенка таксама перакананы, што ваенныя злачынцы мусяць панесці адказнасць пасля перамогі Украіны – «і гэта справа будучыні». Ён падкрэсліў, што без дэмакратычнай і незалежнай Украіны не будзе незалежнай Беларусі.

«Чым горш будзе сітуацыя Расеі ў гэтай вайне, тым лепшай бачыцца будучыня беларускай дзяржаўнасці», – сказаў Астапенка.

Ён зазначыў, што частка беларускага грамадства сапраўды знаходзіцца пад уплывам расейскай прапаганды і ў гэтым сэнсе Беларусь адлюстроўвае працэсы, якія адбываюцца і ў Расеі.

«Мы іх частка. Але ў нас будуць лепшыя лічбы, і мы чакаем, што колькасць тых, хто падтрымлівае агрэсію Расеі, будзе неўзабаве падаць», – сказаў беларускі палітык.

«І мы ўпэўненыя, што магчымасць пратэстаў у Беларусі яшчэ існуе. Супраціў зараз у падполлі. Але ёсць патэнцыял, каб гэтыя пратэставыя рухі маглі ажыццявіцца на практыцы», – дадаў Уладзімір Астапенка.

У 2022 годзе Менскі форум адбываецца ў 20 раз. Да 2020 года гэтую канферэнцыю прымаў нямецкі адукацыйны цэнтр у Менску. Летась форум праходзіў у гібрыдным фармаце (онлайн і офлайн) у Вільні, Варшаве і Берліне. Сёлета першая сесія адбылася 22 верасня ў Вільні, другая – у Варшаве, трэцяя – 24 верасня ў Бруселі. Варшаўская секцыя «Менскага форуму – 2022» ладзілася ў Беларускім моладзевым хабе.

Hавiны
«The New York Times»: расейскія вайскоўцы хацелі адступіць з Херсону, але Пуцін забараніў
2022.09.24 12:32

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў