«Я чалавек-вакзал». Гісторыя Алены Жаркевіч, якая зарганізавала дом для ўцекачоў ва Украіне


Алена Жаркевіч прыехала ва Украіну тры месяцы таму разам з сынам. Цяпер яна дапамагае беларускім уцекачам: зняла дом і прымае тых, каму няма дзе жыць у Кіеве. Мы распыталі Алену пра нядаўняе затрыманне і тое, чаму яна не лічыць сябе валанцёркаю, хаця паклапацілася больш як пра 50 чалавек.

Алена Жаркевіч каля свайго дому-хостэлу, дзе знайшлі прытулак многія ўцекачы з Беларусі. Кіеў, Украіна. 21 верасня 2021 года.
Фота: Белсат

У Беларусі Алена збірала рэчы ды ежу для сіротаў, арганізоўвала піццё гарбаты ў дварах ды рабіла іншыя рэчы:

«У лістападзе мяне забралі, бо я перагароджвала дарогі ў Менску, потым вызвалілі. Другі раз мяне забралі на працы, павесілі два дадатковыя артыкулы. Яшчэ мяне арыштавалі ў красавіку, аштрафавалі на 100 базавых за вопратку. А потым на наступны дзень прыехалі да мяне, селі ў машыну, пасядзелі са мною 4 гадзіны, апалілі мне валасы запальніцай. Яны мне пагражалі, што я буду гніць у турме КДБ, што яны ў любым выпадку пасадзяць, не дадуць спакойна жыць майму сыну, што яму не дапамогуць дактары. У Назара адна нырка, і яны казалі, што яму не дапамогуць, бо маці ў яго ідыётка, якая не любіць дзяржаву».

Не зважаючы на гэта, Алена пастанавіла застацца ў Беларусі, але пратрымацца выпала толькі месяц:

«Потым прыйшоў пратакол, што я супраціўлялася пры затрыманні, чаплялася, абражала, хапала за адзенне таварыша Крамарава. Так, гэта вядомая асоба. Паводле ягоных сведчанняў у судах, яго, бадай, пабіў ці штурхаў кожны са змагароў. І мы сазваніліся з адвакатам ды зразумелі, што ўжо нічога не зможам зрабіць».

Дом-хостэл, дзе знайшлі прытулак многія ўцекачы з Беларусі. Кіеў, Украіна. 21 верасня 2021 года.
Фота: Белсат

Алена пачала збірацца на ўцёкі, але не змагла забраць нават сваёй медычнай карткі – сказалі, што яна ў міліцыі.

«Мы паехалі ў Расею, доўга думалі, як нам трапіць ва Украіну. Урэшце трапілі і пачалося самае цікавае: нам тут фонды не дапамаглі. Нам не было дзе жыць, пакуль не дапамагла Наста Базар, прыўкрасная дзяўчына. Яна зняла нам кватэру. І ў гэты ж час прыехала яшчэ адна сям’я, шматдзетная, ім не было дзе жыць. Яны яшчэ з Беларусі былі са мною на сувязі. Вось мы жылі з імі разам. Потым да нас прыехалі… ой, нават не памятаю хто… У нас жыло столькі людзей, што я не ўсіх нават запомніла», – дзеліцца жанчына.

За колькі месяцаў у трохпакаёвай кватэры Алены пажылі каля 60 асобаў. Калі яна зразумела, што людзей будзе ўсё болей, то наважылася на асобны дом:

«Мы знайшлі вось гэты дом і забралі ўсю сваю кватэру з пятнаццаці чалавек. Потым да нас паехалі новыя беларусы. А затым СБУ».

Нават прапаноўвалі каву

Кіеў, Украіна. 21 верасня 2021 года.
Фота: Белсат

Пра затрыманне Алены ды ейных суседзяў пісалі розныя СМІ, і шмат хто баяўся, што гаворка пойдзе пра зняволенне і дэпартацыю, аднак размова з украінскімі сілавікамі склалася даволі лагодна.

«Яны нас не дапытвалі, не глуміліся. Яны нават дзяцей не пабудзілі, калі прыйшлі. Мы ў акно пабачылі, што нас ачапілі. Мы не збіраліся бегчы. Было зразумела, што ім патрэбная была я, бо дамова на дом аформленая на мяне. І Ягор ім быў цікавы. Яны думалі, што ён былы міліцыянт, а калі даведаліся, што ён з дэпартаменту аховы і не разганяў людзей, то ажно выдыхнулі», – распавядае беларуска.

Інтэрв’ю
Былы капітан МУС: Служба цяжкая, але прызвычайваешся, што заробак – у адзін і той жа дзень
2021.09.18 12:00

У Алены ад гэтай сустрэчы засталіся даволі цёплыя ўспаміны:

«Пагрозаў не было. Яны думалі, што я замежная шпіёнка, бо доўгі час была ў Расеі, і не толькі на Смаленшчыне. Яны дзівіліся, што я легальна перайшла мяжу з маймі артыкуламі. Я ім і распавяла, што была ўпэўненая, што мяне пасадзяць расейскія органы на мяжы, таму з намі ехаў яшчэ адзін чалавек, з якім бы застаўся мой сын. А я б паехала ў расейскую турму, але я разумею, што расейская турма больш бяспечная за беларускую. Зразумела, што праз паўгода б мяне выдалі, але за гэты час, можа, нешта змянілася. Але расейцы недзе штосьці не заўважылі і прапусцілі нас. Я ім гэтую гісторыю распавяла, і яны ўсё зразумелі».

Назар, сын Алены Жаркевіч, вучыцца анлайн. Кіеў, Украіна. 21 верасня 2021 года.
Фота: Белсат

Уцекачам прапаноўвалі супрацу, але не ў плане даносаў, а каб самым ім нічога не пагражала:

«Яны казалі, што беларусы іх задзяўблі хамствам, маўляў, яны не ворагі, а проста хочуць, каб цягам пяці дзён нелегалы прыходзілі ў Дзяржаўную міграцыйную службу і адзначаліся. Украіна разумее, што нам цяжка і чаму мы бяжым сюды. Яны прасілі, каб нашыя людзі беглі не лясамі-палямі, а адразу да ўкраінскіх памежнікаў, а тыя дапамогуць. Я ім патлумачыла, што пасля Беларусі ва ўцекачоў мала даверу да людзей у форме. Але на нас яны не ціснулі».

Аналітыка
Чаму з Украіны выправаджваюць палітычных эмігрантаў, і як гэтага пазбегчы
2021.09.16 14:37

У адным з кабінетаў нават вісеў бел-чырвона-белы сцяг:

«Я запытала, а мне адзін з іх адказаў, што гэта яму беларусы падарылі. То і я паабяцала ім сцяг падарыць. Папярэджвалі, што могуць прыехаць беларускія кадэбісты пад выглядам уцекачоў і нашкодзіць нам, то каб мы былі асцярожныя».

Дом – гэта не гостэл, дзе ўсе сядзяць нага за нагу

Двухпавярховы будынак з мансардай Алена здымае ў вельмі цікавага мужчыны, які сам змагаецца за сваю краіну шмат гадоў:

«Калі мы сюды прыехалі, то пабачылі прыўкраснага дзядулю. Ён пісьменнік, казак, апазіцыянер, удзельнік Майдану 2004 і 2014 гадоў, спачувае беларусам. Ён нас ад эсбэушнікаў бараніў нават. А калі мы вярнуліся, ён мяне абняў, што я аж заплакала. І кажа: «Я нікому вас не аддам». Так міла было».

Алена Жаркевіч паказвае адзенне, якое перададуць беларускім сем’ям. Кіеў, Украіна. 21 верасня 2021 года.
Фота: Белсат

Рыэлтарка распавяла гісторыю, што спадар Сцяпан застаўся адзін, бо ягоная сям’я з’ехала ў Расею, і ён вельмі сумаваў у адзіноце:

«А тут ён у адзін дзень атрымаў цэлую агромністую сям’ю: і дачок, і сыноў, і ўнукаў багата».

Нашая суразмоўца першапачаткова дамовілася з гаспадаром, што будзе тут пастаянна жыць з сынам, але да іх будуць прыязджаць іншыя людзі, якім патрэбны прытулак:

«Не заўжды розныя ініцыятывы рэагуюць своечасова, не заўжды людзям хапае чатырох тыдняў, каб дачакацца візы ці іншыя свае пытанні развязаць. Некаму не стае доказаў для верыфікацыі. І візу чакаць можна некалькі месяцаў, людзі ўладкоўваюцца на працы. У нас дом – не гостэл, тут людзі не сядзяць нага за нагу. У асноўным усе працуюць».

У Алены ўжо назбіралася гісторыяў уцекачоў на цэлую кнігу:

«Былі ў нас хлопцы, якія зусім без грошай прыехалі, нават на метро не было. Мы ім выклікалі таксі і сюды забралі. Была дзяўчына, што а шостай ранку прыехала, думала, што здыме кватэру, але ў Кіеве гэта не так лёгка, то і яна ў нас пабыла. Былі людзі, якія не ведалі, ці змогуць іх родныя да Кіева дабрацца. Я такі чалавек-вакзал, гэта пра нас».

Hавiны
Як беларусу легалізавацца ва Украіне? Тлумачым на пальцах
2020.08.26 19:36

Арэнду дому на некалькі месяцаў Алене аплаціў чалавек, які жадае застацца ананімным. Але беларуска плануе, што гэты праект мае быць доўгатэрміновым і за кошт супольнай аплаты жыхарамі:

«Мы ўсе можам працаваць, хто поўнагадовы. І мы палічылі, што цяпер дарослых 11 чалавек, то, калі па 2000 грыўняў, мы цалкам можам самі дом аплочваць. Харчаванне ў нас таксама агульнае. Селі, палічылі, колькі нам трэба дзясяткаў яек, мукі таго-сяго. Адна з нас атрымала дапамогу ад «INeedHelp», гэта ўсё пайшло ў агульную касу. А потым, пасля затрымання, нам пачалі пісаць іншыя ініцыятывы і прапаноўваць харчовыя кошыкі».

Алена Жаркевіч размаўляе з гаспадаром дома, дзе знайшлі прытулак многія уцекачы з Беларусі. Кіеў, Украіна. 21 верасня 2021 года.
Фота: Белсат

Яшчэ адна функцыя дому – ратаваць людзей ад адзіноты і талакою развязваць асабістыя праблемы кожнага з жыхароў.

«Мы можам быць нянькамі, кухарамі, проста дапамагаць адно аднаму. Пра той жа ДМС: мы можам патлумачыць новаму чалавеку, што гэта такое, што гэта бяспечна ды істотна, нават узяць за руку і адвесці туды, каб ён не парушаў тутэйшага заканадаўства», – тлумачыць беларуска.

Новыя ўмовы жыцця змянілі светаадчуванне Алены ды ейнага сына:

«Мы з Назарам у Беларусі жылі ўдваіх. І калі да нас прыходзілі госці, то гэта было да вечара. А калі яны заставаліся начаваць, то ранкам я ўжо чакала, каб яны пайшлі, бо хацела застацца адной. Але тут ужо прызвычаіліся. І нават Назар прасіў, каб я нам падсяліла кагосьці ягонага ўзросту, каб яму было з кім гуляць. І мы смяяліся, што гэта ж не на змову – хто да нас едзе».

Жанчына прызнаецца, што за тры месяцы стамілася ад такога вялікага наплыву новых людзей і нават думае наладзіць працэсы ў гэтым доме ды пашукаць сабе асобнае жытло:

«Мы тут можам сутыкнуцца з людзьмі, якія думаюць, што дом аплацілі фонды і новым жыхарам тут нехта нешта вінны. Тут мусяць быць адказныя людзі. Тады мы з Назарам пашукаем нешта для сябе».

Кіеў, Украіна. 21 верасня 2021 года.
Фота: Белсат

Алена перакананая, што беларуская салідарнасць нікуды не падзелася. Як мінімум у ейным доме яна ёсць і працягвае існаваць, дапамагаць беларусам:

«Салідарнасць, можа, недзе згубілася праз розныя праблемы, але тут яна ёсць. Нават пасля затрымання пра нас столькі людзей даведаліся, пачалі прапаноўваць дапамогу. То вось жа яна, нашая салідарнасць».

Артыкулы
Каардынатарка Free Belarus Center: Дыяспары ва Украіне не склалася, але гэта і не кепска
2021.09.11 15:30

МГМ belsat.eu

Стужка навінаў