Хроніка рэпрэсіяў у Беларусі за 24 жніўня


«Белсат» распавядае пра рэпрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, што чыняцца супраць беларускага народу, за 24 жніўня.

Суд Зэльвенскага раёна вынес рашэнне па справе аднаго з самых паспяховых гандбольных трэнераў краіны – Міхаіла Міхуты, якога абвінавачвалі ў «Абразе Лукашэнкі» (ч. 1 і ч. 2 арт. 368), а таксама ў «Паклёпе ў дачыненні да Лукашэнкі» (ч. 2 арт. 367). Суддзя Люцыя Жук асудзіла Міхуту на 5 гадоў «хатняй хіміі» за рэпосты і каментары пра Лукашэнку.

У Менску затрымалі Вольгу Барушку – лекарку анестэзіёлага-рэаніматолага Менскага навукова-практычнага цэнтру хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі. «Пакаяльная відэа» з 35-гадовай жанчынай зʼявілася на праўладных тэлеграм-каналах. Лекарка ў роліку кажа, што была затрыманая з-за каментароў у інтэрнэце – нібыта яна абражала супрацоўнікаў міліцыі.

Вольга Барушка.
Фота: spring96.org

Паводле праваабаронцаў, ГУБАЗіК затрымаў жыхара Магілёва Уладзіміра Макоўскага – яго вінавацяць у тым, што ён нібыта прайшоў рэгістрацыі ў плане «Перамога», а таксама быў падпісаны на «экстрэмісцкія» каналы.

У Менску сілавікі затрымалі сямейную пару з ЖК «Каскад». У «пакаяльным відэа» яны кажуць, што ўдзельнічалі ў пратэстах у 2020 годзе. Праваабаронцам стала вядома, што затрыманых клічуць Ганна Чарвонец і Яўген Сляпцоў.

Стала вядома пра затрыманне чарговага прадстаўніка IT-індустрыі – жыхара Горадні Яўгена Кіселя. Паводле падкантрольных спецслужбам тэлеграм-каналам, хлопец удзельнічаў у паслявыбарчых акцыях пратэсту, а таксама распаўсюджваў «экстрэмісцкія матэрыялы».

У Следчым камітэце заявілі, што агулам толькі за апошнія паўгода за ўдзел у пратэстах 2020 году было затрымана 280 чалавек. 238 з іх было выстаўлена абвінавачванне, яны цяпер знаходзяцца пад вартай.

Дома ў палітвязня Аляксандра Казакевіча адбыўся ператрус у рамках новай крымінальнай справы. 19 ліпеня Аляксандру прысудзілі паўтара года «хатняй хіміі» нібыта за «абразу прадстаўніка ўлады». Казакевіча вызвалілі ў залі суда, але 26 ліпеня зноў затрымалі і распачалі новую крымінальную справу паводле «абраза прадстаўніка ўлады». Сёння дома ў Казакевіча адбыўся ператрус, паведамляюць праваабаронцы.

Менчука Паўла Гіля пакаралі 15 соднямі арышту за татуіроўку з партрэтам Гітлера, хаця мужчына сцвярджаў, што насамрэч гэта Янка Купала.

Сацсеткі Symbаl.bу, hоdna.bу, bnr100.bу і тэлеграм-канал «Белы легіён» былі прызнаныя ў Беларусі «экстрэмісцкімі».

Hавiны
Палітзняволеную журналістку Ксенію Луцкіну пачнуць судзіць 1 верасня
2022.08.24 16:07

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў