Twitter змяніў лагатып: замест птушкі – Х


Сацыяльная сетка Twitter удзень 24 ліпеня змяніла лагатып на літару X. Гэтую літару любіць уладальнік сацсеткі Ілан Маск, які хоча развітацца з брэндам «Twitter».

Бізнесовец Ілан Маск пісаў, што неўзабаве ён развітаецца з брэндам «Twitter» і фірмовымі сінімі птушкамі, а новы лагатып з літарай X будзе адлюстроўваць «недасканаласці, якія робяць нас унікальнымі».

Яшчэ ў 1999 годзе Маск быў сузаснавальнікам онлайн-банку X.com (ніяк не звязанага з серыяй відэагульняў «X-COM» аб змаганні з іншапланетнікамі, што выходзяць з 1994 года). У 2017 годзе Маск выкупіў дамен X.com у PayPal – плацежнай сістэмы, утворанай зліццём X.com з распрацоўнікам софту «Confinity». У 2022 годзе Маск выкупіў Twitter за $ 44 млрд – тады ён пісаў, што хоча стварыць «X – праграму ўсяго».

Пакуль дамен X.com толькі перанакіроўвае на старонку Twitter.com, якая застаецца асноўнай. У аздабленні сацсеткі засталіся словы, звязаныя са старой назвай: дзеясловы «tweet» і «retweet».

Маск – заснавальнік і кіраўнік касмічнай кампаніі «SpaceX», дырэктар аўтамабільнай кампаніі «Tesla», сузаснавальнік распрацоўнікаў штучнага інтэлекту «OpenAI». Доўгі час ён меў рэпутацыю надзвычай паспяховага бізнесоўцы, але з набыццём Twitter пачаўся шэраг скандалаў, масавых звальненняў, спрэчак з журналістамі і актывістамі. У траўні Маск на тле скандалаў паабяцаў сысці з пасады генеральнага дырэктара Twitter, ягонае месца заняла 59-гадовая маркетолаг і палітык Лінда Якарына.

У час скандалаў з Twitter карпарацыя «Meta», мацярынская кампанія Facebook, Instagram і WhatsApp, запусціла клон Twitter пад назвай Threads. Маск пагражаў судом.

Агляд
Як бяспечна карыстацца Telegram у Беларусі? 7 пытанняў да «Кіберпартызанаў»
2023.07.11 13:00

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў