Яны бачылі сваёй марай вольную Беларусь: вандруем па месцах беларускага нацыянальнага руху. Частка 2

Працягваем разам з «Белсатам» адкрываць для сябе нашу краіну і постаці, якія змагаліся за Беларусь, прысвячаючы беларускай справе свае жыццё і лёс. У першай частцы нашай вандроўкі па месцах беларускага нацыянальнага руху мы прыпыніліся ў маёнтку Гародна, дзе жыў апошнія свае гады міністр абароны БНР. Рушым далей, на захад.

Касцёл у вёсцы Нача, Гарадзенская вобласць. Фота: Белсат

Ад каліноўцаў да Пазняка: вандруем па месцах беларускага нацыянальнага руху. Частка 1

Вёска Нача каля Радуні: Людвіг Нарбут, камень і крыж паўстанцам Каліноўскага

Са старадаўняга мястэчка Нача, што на Воранаўшчыне, паходзіць адзін з кіраўнікоў паўстання Каліноўскага Людвіг Нарбут. Былы царскі афіцэр, сын гісторыка Тэадора Нарбута, Людвіг разам з братам Баляславам пачаў паўстанне на тэрыторыі Лідчыны. Яго атрад некалькі месяцаў вёў баі з царскімі войскамі, але ў пачатку траўня быў аточаны каля в. Дубічы. У няроўным баі загінулі 13 паўстанцаў, сярод якіх і Людвіг.

Каля мясцовага касцёлу ёсць памятны знак у гонар паўстанцаў аддзелу Нарбута. Камень з шыльдаю быў пастаўлены ў 1988 г. пры ўдзеле настаўніка з Радуні У. Руля. Ён жа стварыў пры радунскай гімназіі цікавы музей, дзе нямала матэрыялаў прысвечана падзеям паўстання.

Помнік ў гонар атраду паўстанца Людвіка Нарбута у вёсцы Нача, Гарадзенская вобласць. Фота: Белсат

Вёска Ішчална: ксёндз Адам Фалькоўскі

У 1863 годзе ў мясцовым касцёле Найсвяцейшай Тройцы пробашч парафіі Адам Фалькоўскі зачытаў сялянам маніфест паўстання Каліноўскага з заклікам узяць у ім удзел. За гэта ён быў расстраляны на загад расейскага графа Міхаіла Мураўёва, вядомага ў Беларусі таксама як Вешальнік і Людажэр. У памяць пра святара ў касцёле захоўваецца адмысловая табліца.

Пасля расстрэлу цела Адама Фалькоўскага скінулі ў падрыхтаваную яму, залілі вапнай і закапалі. Жыхары пазначалі месца пахавання камянямі, якія потым раскідвалі расейскія паліцыянты.

Падобны лёс – расстрэл царскімі ўладамі ў 1863 г. – напаткаў многіх ксяндзоў Лідчыны, якія падтрымалі паўстанне і чыталі маніфест сялянам у сваіх прыходах.

Касцёл у вёсцы Ішчална, Гарадзенская вобласць. Фота: Белсат

Адам Фалькоўскі пахаваны ў Лідзе ў гарадскім парку на вул. Міцкевіча. На гэтым месцы не менш за сем разоў ставілі крыжы, але кожны раз іх знішчалі царскія, савецкія, а потым і беларускія ўлады. У 2010 годзе дзякуючы мясцовым польскім і беларускім актывістам тут быў усталяваны памятны камень.

Вёска Галавічполе: Вацлаў Іваноўскі, міністр асветы БНР

Прыязджаем у Шчучынскі раён. Асноўная славутасць вёскі Галавічполе – выдатна захаваная стылёвая сядзіба, якая была пабудавана тут у 1909 годзе. Аднак агледзець яе занадта падрабязна немагчыма: пасля рэстаўрацыі і рэканструкцыі будынак быў перададзены дому-інтэрнату для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, таму ўваход на тэрыторыю для чужых забаронены.

Ад каліноўцаў да Пазняка: вандруем па месцах беларускага нацыянальнага руху. Частка 1

Пакуль над сядзібай сімвалічна кружляюць буслы, узгадваем былых уладальнікаў маёнтку – знакаміты род Іваноўскіх.

На прыкладзе сыноў перадавога землеўласніка і цывільнага генерала Леанарда Іваноўскага можна яскрава пабачыць, як складана ў канцы ХІХ – пачатку ХХ ст. адбываўся працэс нацыянальнай самаідэнтыфікацыі тутэйшай шляхты. Першы і чацвёрты сыны сталі палякамі (напрыклад, Юрый Іваноўскі ў Польшчы двойчы быў міністрам, сенатарам, палкоўнікам Польскага войска), трэці праславіўся як выдатны літоўскі біёлаг (іменем прафесара заалогіі Тадэвуша Іваноўскага названы музей прыроды ў Коўне), а другі, Вацлаў Іваноўскі, лічыцца адным з заснавальнікаў беларускага нацыянальна-вызваленчага руху.

Вацлаў Іваноўскі самавызначыўся даволі рана, яшчэ падчас вучобы ў 5-й варшаўскай гімназіі, дзе ён быў адзіны, хто лічыў сябе беларусам. Дзякуючы яго дзейнасці беларусамі сталі пачувацца тысячы жыхароў Паўночна-Заходняга краю Расейскай імперыі.

Сядзіба Іваноўскіх у вёсцы Галавічполе, Гарадзенская вобласць. Фота: Белсат

Іваноўскі праявіў сябе як палітык, які стараўся выкарыстаць як мага больш магчымасцяў для беларусаў, якія давала тая ці іншая ўлада. Ён быў першым, хто пачаў надаваць беларускай ідэі канкрэтныя арганізацыйныя формы. Яму належала ініцыятыва стварэння першай палітычнай партыі Беларусі, ён быў сузаснавальнікам першай культурна-асветніцкай арганізацыі (Круг беларускай народнай прасветы і культуры), у 1903 ён выдаў першую ў ХХ ст. беларускую газету «Свабода» і ў тым самым годзе распачаў беларускую кнігавыдавецкую справу. Першая рэдакцыя «Свабоды», дарэчы, размяшчалася ў згаданым намі маёнтку ў Галавічполі. У 1906 г. Іваноўскі надрукаваў першы беларускі лемантар і ўзначаліў легальную выдавецкую суполку «Загляне сонца і ў наша ваконца». У 1913-м узначаліў Беларускае выдавецкае таварыства. Сябар Цэнтральнага камітэту Беларускай сацыялістычнай грамады, у 1906–1907 гг. ён кіраваў нелегальным выдавецтвам «Грамада». Выдавецкую дзейнасць Іваноўскі спалучаў з навуковай і настаўніцкай. Таксама ён надаваў падтрыманне асабіста Янку Купалу. Цяжка нават уявіць, як развівалася б беларуская літаратура, калі б не ягоная дзейнасць.

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі Вацлаў уключыўся ў палітычную дзейнасць, удзельнічаў ва Усебеларускім з’ездзе ў Менску (1917). У 1918 г. Іваноўскі стаў міністрам асветы ва ўрадзе БНР, які ўзначальваў Луцкевіч.

Восенню 1919-га, пераканаўшыся ў памылковасці арыентацыі на Савецкую Расею, Іваноўскі пачаў супрацоўнічаць з польскай адміністрацыяй, увайшоў у Часовы беларускі нацыянальны камітэт у Менску. У лютым-сакавіку 1920 г. як упаўнаважаны Найвышэйшай рады БНР удзельнічаў у беларуска-польскіх перамовах, імкнуўся перадухіліць падзел Беларусі, выступаў з патрабаваннем да Польшчы і Расеі прызнаць Беларусь у яе этнаграфічных межах. Адначасова займаўся пашырэннем сеткі беларускіх школаў на Меншчыне, кіраваў Менскім беларускім педагагічным інстытутам, арганізаваў выданне літаратурнага штотыднёвіка «Рунь».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Жанчына стаіць побач з сонечным гадзіннікам ў двары касцёлу у вёсцы Ішчална, Гарадзенская вобласць. Фота: Белсат

Падзел Беларусі ў выніку Рыжскага мірнага дагавору пазбавіў Іваноўскага надзеі на ажыццяўленне ідэі беларускай дзяржаўнасці. Ён адмовіўся ад палітычнай дзейнасці і вярнуўся да навуковай працы, стаў прафесарам у Варшаўскай палітэхніцы.

Калі пачалася Другая сусветная вайна, Іваноўскі пакінуў Варшаву. Нямецка-савецкая вайна заспела яго на пасадзе прафесара Віленскага ўніверсітэту. У ліпені 1941-га ён узначаліў адноўлены Беларускі нацыянальны камітэт у Вільні. У 1942 г. быў прызначаны нямецкімі акупацыйнымі ўладамі на пасаду бурмістра Менску. У тым, што ў Менску не было голаду, працавалі шпіталі, прадпрыемствы, водаправод і каналізацыя, каля двух дзясяткаў школаў і гарадскі тэатр, немалая заслуга Іваноўскага. Яго называлі бацькам гораду.

Перш чым выехаць з Вільні, Вацлаў Іваноўскі даручыў сваёй дачцэ Ганне вывезці з Вільні ў Галавічполе дзвюх жанчын габрэйскага паходжання – Эму Альтберг і ейную сястру Марыю Арнольд. У 1943 г. ён быў старшынём Беларускай рады даверу пры генеральным камісары Беларусі Вільгэльму Кубэ, адначасова быў намеснікам старшыні Беларускага навуковага таварыства, узначальваў Беларускую народную самапомач.

Вацлаў Іваноўскі апынуўся ў цэнтры складанай палітычнай інтрыгі і барацьбы паміж міністэрствам акупаваных усходніх абшараў, якое рэпрэзентаваў Кубэ, і ведамствам Гімлера. Служба бяспекі райхсфюрэра СС (СД) рукамі савецкіх агентаў расправілася з Кубэ. Новым генеральным камісарам стаў начальнік СС і паліцыі К. фон Готбэрг, які неўзабаве заявіў, што Іваноўскага заб’юць самі беларусы. І яго сапраўды неўзабаве забілі – савецкія агенты, якія былі «пад каўпаком» СД. Іваноўскі памёр 7 снежня 1943 года.

Да смерці Іваноўскага Менск не бачыў такой масавай пахавальнай працэсіі. Працяглы час ягоная магіла на менскіх Кальварыйскіх могілках была ананімнаю. І толькі на пачатку 1990-х стала вядома, хто ляжыць пад крыжам. Пазней быў усталяваны надмагільны помнік.

Стары Двор, Астрына: Алаіза Пашкевіч-Цётка

Першая беларуская пісьменніца Алаіза Пашкевіч, вядомая пад псеўданімамі Цётка, не пражыла і 40 гадоў, але ў гісторыі беларускай літаратуры, беларускім нацыянальным руху пачатку XX стагоддзя займае пачэснае месца. Яна стварыла яркія і шчырыя лірычныя вершы, апавяданні, падарожныя нарысы, пісала падручнікі і навукова-папулярныя артыкулы, вывучала народны тэатр і фальклор, займалася перакладам, прымала актыўны ўдзел у выданні першых легальных беларускіх газет і часопісаў.

Помнік Алаізе Пашкевіч у паселішчы Астрына, Гарадзенская вобласць. Фота: Белсат

Алаіза Пашкевіч нарадзілася ў шляхецкай сям’і, дзяцінства правяла ў маёнтку Стары Двор, дзе і пахаваная, шмат падарожнічала.

Яшчэ падчас вучобы ў Пецярбургу Алаіза ўдзельнічала ў беларускіх гуртках і пачала публікавацца ў нелегальных выданнях. Вярнуўшыся на радзіму, у Вільню, яна брала ўдзел у беларускім нацыянальным руху, асветніцкай рабоце, стала адным з кіраўнікоў Беларускай сацыялістычнай грамады. У Вільні па-сапраўднаму разгарнуўся яе талент паэтэсы, рэвалюцыйнай дзяячкі і яркага аратара. Па складзе характару Алаіза была натура баявая, поўная творчай энергіі ды няўрымслівай прагі да барацьбы: яна выступала перад віленскімі рабочымі, ездзіла ў вёску, брала ўдзел у з’ездзе жанчын у 1905 годзе ў Маскве.

Пагроза арышту вымусіла Цётку ў снежні 1905 года выехаць у Галіцыю. У другой палове 1906 года яна прыязджае ў Вільню, бярэ ўдзел у выданні першай легальнай беларускай газеты «Наша доля». У эміграцыі вучылася на філасофскім факультэце Львоўскага ўніверсітэту, пасля жыла ў Кракаве і вучылася ў Ягелонскім універсітэце. Шмат падарожнічала па Італіі.

Алаіза змагла вярнуцца ў Беларусь, толькі выйшаўшы замуж і змяніўшы прозвішча. Некаторы час грала ў тэатры Ігната Буйніцкага, рэдагавала часопіс «Лучынка». Выйшла некалькі зборнікаў яе вершаў. Самыя вядомыя – «Хрэст на свабоду», «Скрыпка беларуская», падручнік «Першае чытанне для дзетак беларусаў».

У Алаізы быў досвед працы фельчарам у шпіталі, таму падчас Першай сусветнай вайны яна стала сястрой міласэрнасці. Спачатку дапамагала раненым на полі бою, а пасля – у тыфозным бараку Віленскага шпіталю. У пачатку студзеня 1916 г., атрымаўшы вестку пра смерць бацькі, Цётка едзе ў вёску Стары Двор. Пахаваўшы бацьку, застаецца ў Лідскім павеце, каб дапамагчы сваім землякам (тут лютавала эпідэмія тыфу). Але сама не ўсцераглася, захварэла тыфам і памерла. Пахаваная ў вёсцы Стары Двор.

Адзін з сучаснікаў, Хлябцэвіч, пісаў пра Алаізу Пашкевіч: «Нягледзячы на хваробу, вясёлая, радасная, захаплялася тэатрам і наогул мастацтвам. Яна была незаменным таварышам, заўсёды ўзнёсла вясёлая, заўсёды без грошай і ў той жа час ніколі не сумная, яна заўсёды працягвала сваю справу».

Брат Алаізы Войцех Пашкевіч у біяграфіі паэтэсы адзначыў: «Усе яе вельмі любілі – за яе бескарысную таварыскую помач: яна дзялілася апошнім кавалкам хлеба з тым, каму была патрэба. Яе альтруізм даходзіў да самазабыцця, і трэба было пільнаваць, каб сама з’ела абед, што мела – усё раздавала».

Помнік Алаізе Пашкевіч устаноўлены каля школы ў паселішчы Астрына, недалёка ад Старога Двара.

Азёры, Святое балота: зноў каліноўцы

Цяпер едзем у Гарадзенскую пушчу, маляўнічую мясцовасць Азёры. У цэнтры мясцовых каталіцкіх могілак адразу заўважныя пяць вялікіх крыжоў. На іх таблічка – «Паўстанцам 1863 г». Гэта магілы невядомых паўстанцаў з атраду Аляксандра Лянкевіча, які ў траўні 1863 года заняў Азёры, далучыўшы да свайго аддзелу значную колькасць мясцовых сялянаў.

Балота Святое, Гарадзенская вобласць. Фота: Белсат

На поўнач ад Азёраў ёсць Святое балота – месца бітвы паўстанцаў з царскімі войскамі, якая адбылася 22 красавіка 1863 года. У цэнтры балота ляжыць гара, на якой рос вялізарны дуб. Тут, аточаныя непрыступнаю багнаю, хаваліся паўстанцы-каліноўцы. Але ім здрадзілі, пра гэтае месца стала вядома расейскім карнікам. Царскія войскі не ведалі, як дабрацца да дуба праз дрыгву, і марылі голадам паўстанцаў, трымаючы доўгую аблогу. Але паўстанцы, якім была наканаваная галодная смерць, не здаліся. Адбылася бітва, каліноўцы былі разбітыя, бо амаль не мелі агнястрэльнай зброі. На 136 касінераў пад кіраўніцтвам палкоўніка Лянкевіча было 25 стрэльбаў, супраць іх – дзве роты ўзброенай пяхоты і 30 казакоў.

Стаяў туман, бой адбываўся раніцай, стралялі, арыентуючыся на выбліскі ад стрэлаў праціўніка. Царскія войскі панеслі вялікія страты і нават часткова адступілі. Але сілы былі няроўныя, амаль усе паўстанцы загінулі. Пасля гэтага балота атрымала назву Святое. У міжваенны час пад дуб прыязджалі людзі, каб памянуць герояў, маліліся пад вялікім крыжам, што быў там устаноўлены, пакідалі іконкі, крыжыкі. Вядома, што сюды, у пушчу, да паўстанцаў прыязджаў і сам Кастусь Каліноўскі.

Магілы паўстанцаў 1863 году ў вёсцы Азёры, Гарадзенская вобласць, Беларусь. Фота: Белсат

Гара, дзе размяшчаўся паўстанцкі лагер, і сёння ляжыць пасярод балота, трапіць туды магчыма толькі з правадніком. Сёння там стаіць драўляны крыж і расце малады дубок – на месцы старога, знішчанага часам дуба, пад якім адпачывалі паўстанцы.

Саша Гоман belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны