Каліноўскі – Касцюшка – Міцкевіч: вандруем па Заходняй Беларусі шляхамі беларускіх нацыянальных герояў


Каронавірус і замкнёныя межы спрычыніліся да актыўных вандровак па Беларусі і адкрыцця таямніцаў нашага краю. У гэтыя спякотныя дні прапануем вам цікавы маршрут выходнага дня па мясцінах у Заходняй Беларусі, звязаных з нашымі выбітнымі гістарычнымі постацямі: Кастусём Каліноўскім, Тадэвушам Касцюшкам і Адамам Міцкевічам. Запасайцеся вадой і рыхтуйцеся да душэўнага прыгожага падарожжа!

Шляхамі Каліноўскага і яго паўстанцаў. Свіслач

Першы пункт нашага падарожжа – Свіслач, горад на самай мяжы з Польшчай. Менавіта тут усталяваны адзіны пакуль што ў Беларусі помнік Кастусю Каліноўскаму. І невыпадкова – з гэтым мястэчкам звязаныя многія падзеі ў ягоным жыцці. Тут працавала слынная ў краі гімназія – першая ў Беларусі акадэмічная свецкая ўстанова, гісторыя якой цесна злучаная з вызваленчым рухам у XIX ст. на тэрыторыі Беларусі. У гімназіі існавала некалькі таемных грамадстваў, тут навучаліся многія выбітныя асобы: Кастусь Каліноўскі і яго старэйшы брат-аднадумец Віктар, пісьменнік Юзэфаў Крашэўскі, мастак і кампазітар Напалеон Орда, мастак-баталіст Януар Сухадольскі, палітычныя дзеячы і паўстанцы Віктар Гельтман, Рамуальд Траўгут ды іншыя. Будынак гімназіі стаіць і па сёння, зараз ён з’яўляецца часткай комплексу раённага шпіталя.

Свіслач. 12 ліпеня 2021 года.
Фота: ІВ / Белсат
Будынак Свіслацкай гімназіі. 12 ліпеня 2021 года.
Фота: ІВ / Белсат
Крыжы ў гонар невядомых паўстанцаў 1863 года. Адным з ініцыятараў ушанавання быў Вітольд Ашурак. 12 ліпеня 2021 года.
Фота: ІВ / Белсат
Фота: ІВ / Белсат
Крыжы ў гонар невядомых паўстанцаў 1863 года. Адным з ініцыятараў ушанавання быў Вітольд Ашурак. 12 ліпеня 2021 года.
Фота: ІВ / Белсат

Помнік Кастусю Каліноўскаму аўтарства скульптара Заіра Азгура знаходзіцца па вул. Леніна каля будынку сярэдняй школы, у самым цэнтры гораду. Ён уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей. Беларускі нацыянальны герой адлюстраваны ў экспрэсіўным выглядзе: валасы развіваюцца, рука напружана сцятая.

Помнік Рамуальду Траўбуту ў Свіслачы. 12 ліпеня 2021 года.
Фота: ІВ / Белсат
Помнік Сталіну ў Свіслачы. 12 ліпеня 2021 года.
Фота: ІВ / Белсат
Помнік Леніну і Сталіну ў Свіслачы. 12 ліпеня 2021 года.
Фота: ІВ / Белсат

Практычна насупраць, праз дарогу размяшчаецца славуты сквер «Алея Памяці»: на ўсю яго даўжыню расцягнуліся помнікі розным гістарычным фігурам, сярод якіх помнік герою паўстання 1863-1864 гг. Рамуальду Траўгуту (пастаўлены яшчэ польскімі ўладамі, потым знішчаны ўладамі савецкімі і адносна нядаўна адноўлены), помнік савецкім салдатам, загінулым падчас Вялікай Айчыннай вайны, салдатам-інтэрнацыяналістам, а таксама помнікі Іосіфу Сталіну і Уладзіміру Леніну, які бетоннай рукой паказвае на мясцовы шпіталь. Ад помніка да помніка ты нібыта трапляеш у розныя гістарычныя эпохі.

На могілках у Свіслачы пахаваны брат Кастуся Каліноўскага Віктар. 12 ліпеня 2021 года.
Фота: ІВ / Белсат
Магіла брата кастуся Каліноўскага Віктара ў Свіслачы 12 ліпеня 2021 года.
Фота: ІВ / Белсат

На старых мясцовых могілках шмат пахаванняў канца XIX стагоддзя. Тут захавалася магіла і Віктара Каліноўскага, які заўчасна памёр ад сухотаў. Знайсці пахаванне нескладана: справа ад капліцы здалёк бачнае надмагілле з крыжам. На надмагіллі па-беларуску напісана:

«Віктар Атан Каліноўскі (9.04.1933 – 25.10.1862). Змагарам за незалежнасць Беларусі, героям паўстання 1863 году ад удзячных нашчадкаў».

У Свіслачы, акрамя гэтага, захавалася радавая забудова XIX – пачала XX стст., будынак сінагогі, пабудаваны ў XIX ст., былая каталіцкая капліца-магільны склеп Юзэфы Тышкевіч на старых могілках (сёння тут функцыянуе Крыжаўзвіжанская царква), часткова захавалася сядзіба Тышкевічаў з прысядзібным паркам.

Якушоўка, месца сядзібы Кастуся Каліноўскага. 12 ліпеня 2021 года.
Фота: ІВ / Белсат

Якушоўка

Недалёка ад Свіслачы месціўся фальварак Якушоўка, куды сям’я Каліноўскіх пераехала з Мастаўлянаў, калі Кастусю было 11 гадоў. Сюды ж была перавезена бацькава палатняная фабрыка. Сёння пра маёнтак нагадваюць толькі падмуркі і ліповыя прысады. Паводле легенды, ліпы пасадзіў сам будучы кіраўнік паўстанцаў.

У канцы 1980-х гг. пасля раскопак пад кіраўніцтвам Міхася Ткачова быў распрацаваны праект адбудовы сядзібы. Але паспелі толькі ўсталяваць мемарыяльны камень і аднавіць падмурак.

Якушоўка, месца сядзібы Кастуся Каліноўскага. 12 ліпеня 2021 года.
Фота: ІВ / Белсат

Лыскава

Едзем далей – у Косава. Але па дарозе завітаем у некалькі іншых цікавых месцаў. Напрыклад, мястэчка Лыскава на Пружаншчыне, якое абмінуць проста немагчыма. І вось чаму.

Унікальны і велічны Троіцкі касцёл у Лыскаве быў узведзены ў 1763-1785 гадах у стылі віленскага барока і належаў каталіцкаму Ордэну місіянераў. Ордэн меў у Лыскаве свой кляштар, школу і вёў тут вялікую прапаведніцкую дзейнасць.

Касцёл у аг. Лыскава Пружанскага р-на Брэсцкай вобласці, радзіме польскага паэта Францішка Карпінскага. 12 ліпеня 2021 года.
Фота: ІВ / Белсат
Касцёл у аг. Лыскава Пружанскага р-на Брэсцкай вобласці, радзіме польскага паэта Францішка Карпінскага. 12 ліпеня 2021 года.
Фота: ІВ / Белсат
Касцёл у аг. Лыскава Пружанскага р-на Брэсцкай вобласці, радзіме польскага паэта Францішка Карпінскага. 12 ліпеня 2021 года.
Фота: ІВ / Белсат

Каталіцкіх манахаў-місіянераў запрасіў у мястэчка ў 1751 годзе Ян Быхавец, прадстаўнік аднаго з старажытных шляхецкіх родаў Вялікага княства Літоўскага. Лыскава унікальна яшчэ тым фактам, што менавіта тут стваралася знакамітая «Хроніка Быхаўца» – звод беларуска-літоўскіх летапісаў XVI стагоддзя. Яго знайшлі ў маёнтку Быхаўцаў. У дакуменце гісторыя ВКЛ падаецца як гісторыя выключна беларускай, ліцвінскай дзяржавы. Сямейны склеп-пахавальня некаторых прадстаўнікоў роду Быхаўцаў знаходзіўся якраз у Троіцкім касцёле.

Магіла польскага паэта Францішка Карпінскага на яго радзіме ў Лыскава Пружанскага р-на Брэсцкай вобласці, 12 ліпеня 2021 года.
Фота: ІВ / Белсат

Цяпер пра манахаў Ордэна ў Лыскаве нагадваюць вінаградныя смаўжы, нетыповы від для нашага краю. Іх завезлі з Еўропы італьянскія, французскія каталіцкія ордэны: місіянерам, калі яны трымалі пост, было забаронена есці мяса, таму яны замянялі яго смаўжамі. Жыхары Лыскава дагэтуль збіраюць смаўжоў для сталічных рэстарацыяў. Таксама ў ваколіцах касцёлу ў спадчыну ад манахаў засталіся лістоўніца і сажалкі, дзе яны гадавалі рыбу.

Пасля задушэння паўстання Кастуся Каліноўскага касцёл быў перададзены праваслаўнай царкве.

Насупраць лыскаўскага касцёлу размяшчаецца адрэстаўраваны ў 2007 годзе будынак кляштару місіянераў – цяпер там месціцца лякарня.

аг. Лыскава Пружанскага р-на Брэсцкай вобласці, радзіма польскага паэта Францішка Карпінскага. 12 ліпеня 2021 года.
Фота: ІВ / Белсат

Што яшчэ цікавае тут можна паглядзець? У Лыскаве ёсць праваслаўная царква Нараджэння Божай Маці, пабудаваная (увага!) у 1930-1933 гадах, то бок за польскім часам. Гэта адзіны ў Беларусі помнік драўлянага дойлідства, выкананы пад уплывам архітэктуры Закарпацця і стылю мадэрн. За царквой – старыя габрэйскія могілкі, на якіх засталіся некалькі камянёў з надпісамі. Непадалёк ад Лыскава – парэшткі замкавых валоў, курганы ХІІ стагоддзя. За 200 метраў адсюль, у вёсцы Барысікі, размяшчаюцца цікавыя каталіцкія могілкі, дзе пахаваныя сваякі Аляксандра Пушкіна (Горн), шляхцічы Валконскія, Быхаўцы, Дзяконскія. Каля Лыскава знаходзіцца адзін з самых унікальных у Беларусі могільнік старажытнага племені яцвягаў.

аг. Лыскава Пружанскага р-на Брэсцкай вобласці, радзіма польскага паэта Францішка Карпінскага. 12 ліпеня 2021 года.
Фота: ІВ / Белсат

У 1543 годзе мястэчка Лыскава было перададзена каралеве з італьянскімі каранямі Боне Сфорцы. Менавіта пры ёй з Еўропы ў ВКЛ прыйшла манера есці відэльцамі. У знак пашаны да каралевы, калі ў 2013 годзе недалёка ад лыскаўскага касцёла адчынялася кавярня, яе назвалі «Таверна»: пры Боне Сфорцы беларускія корчмы вельмі часта адчыняліся менавіта пад такім назовам, так як на яе радзіме. Сама кавярня ўнутры аформленая ў сярэднявечным стылі з выявамі гербаў мясцовай шляхты. Многія стравы гатуюцца паводле мясцовых рэцэптаў з часоў Боны Сфорцы. Тут можна перадыхнуць і ехаць далей.

Ружаны

Канешне, у нашай вандроўцы мы не маглі абмінуць і беларускі Вэрсаль. Палац пачатку XVII стагоддзя быў першапачаткова пабудаваны канцлерам ВКЛ Львом Сапегам як абарончы замак і яго рэзідэнцыя. Пры Сапегах Ружаны былі горадам: з Магдэбургскім правам і Ратушай для пасяджэнняў магістрата. Ружанскі замак прымаў каралёў і паслоў, тут захоўвалася казна ВКЛ, арсенал, дзяржаўныя дакументы і вялікія запасы харчавання. Цяпер Ружаны – гарадскі пасёлак, а ружанскі палац уяўляе сабой руіны. Тым не менш, гэтыя руіны з чырвонай цэглы дыхаюць гісторыяй і ў комплексе з адрэстаўраванай у 2011 годзе ўязной брамай глядзяцца вельмі эфектна.

Ружанскі палац. 12 ліпеня 2021 года.
Фота: ІВ / Белсат
Ружанскі палац. 12 ліпеня 2021 года.
Фота: ІВ / Белсат
Герб на браме Ружанскага палаца. 12 ліпеня 2021 года.
Фота: ІВ / Белсат

Ружанскі палац складаўся з асобных карпусоў, злучаных паміж сабой дэкаратыўнымі аркадамі. У цэнтральным будынку знаходзілася бальная заля. Уключым фантазію: уявіце, як, стаміўшыся ад танцаў, госці палацу выходзілі на тэрасу, якая падтрымлівалася дзесяццю калонамі. Ці ў невялікі парк, разбіты побач, з сажалкай, аранжарэяй і звярынцам. У бакавых карпусах палацу размяшчаліся бібліятэка і тэатр, а яшчэ Сапегі валодалі шыкоўнай карціннай галерэяй.

Ружанскі палац. 12 ліпеня 2021 года.
Фота: ІВ / Белсат

Зараз у комплексе ідзе рэстаўрацыя, якая пачалася ў 2008 годзе. Ва ўязных флігелях знаходзіцца музей «Ружанскі палацавы комплекс Сапегаў». Раім наведаць, там можна даведацца шмат цікавостак: напрыклад, пра тое, куды, згодна з легендай, вядзе падземны ход з 3-га паверха склепа ці калі тут бывалі ў апошні раз прадстаўнікі роду Сапегаў (вы здзівіцеся).

Будзе працяг

СП, фота ІВ belsat.eu

Стужка навінаў