Як рэжым Лукашэнкі спрабуе памірыцца з Захадам


Рэжым Лукашэнкі дасылае Захаду сігналы пра сваё імкненне нармалізаваць стасункі, але неабходнасць дэманстраваць лаяльнасцю Крамлю і нежаданне адмовіцца ад рэпрэсіяў гэтыя сігналы абясцэньваюць.

Аляксандр Лукашэнка.
Фота: Yuri Smityuk / TASS / Forum

23 траўня дзяржаўныя медыі апублікавалі ліст Аляксандра Лукашэнкі да генеральнага сакратара ААН Антонью Гутэрыша. У ім Лукашэнка спрабуе пераканаць Гутэрыша, што Беларусь не агрэсар (у дачыненні Украіны) і не здраднік (у дачыненні Расеі), а заўсёды выступала за мір. У лісце агулам выкладаецца крамлёўскі погляд на вайну ва Украіне: адказнасць за канфлікт ускладаецца на заходнія краіны, а першачарговым сродкам дээскалацыі называецца спыненне паставак зброі (маюцца на ўвазе пастаўкі ва Украіну) і супрацьстаянне абмежаванням у гандлі (намёк на санкцыі).

У лісце Лукашэнка кажа пра тое, што генеральны сакратар ААН мог бы паспрыяць мірнаму ўрэгуляванню расейска-ўкраінскага канфлікту. Прычым зрабіць гэта, на думку, Лукашэнкі можна пры дапамозе глабальнага перамоўнага працэсу з удзелам усіх асноўных сусветных гульцоў. Вынікам гэтага працэсу мусяць стаць «ясныя і празрыстыя дамоўленасці аб правілах новага сусветнага парадку».

Далей Лукашэнка кажа пра тое, што Беларусь адкрытая для шырокага ўзаемадзеяння з усімі дзяржавамі, інтэграцыйнымі структурамі і міжнароднымі арганізацыямі.

«Беларусь гатовая да непасрэдных сустрэчаў і любой іншай працы з кожным зацікаўленым бокам, каб забяспечыць мір і магчымасці жыцця і развіцця для будучых пакаленняў!»

Нягледзячы на туманныя фармулёўкі, асноўны мэсідж Лукашэнкі ў лісце вельмі празрысты – ён хоча пазбавіцца ад рэпутацыі суўдзельніка агрэсіўнай вайны супраць Украіны і выйсці з міжнароднай ізаляцыі. Менавіта таму дэкларуецца гатовасць «да непасрэдных сустрэчаў і любой іншай працы».

Калійна-збожжавая ўгода

Цікава, што тэкст ліста быў апублікаваны 23 траўня. Але паводле БелТА, прадстаўнік Беларусі ў ААН Валянцін Рыбакоў перадаў Антонью Гутэрышу дакумент яшчэ 18 траўня. Гэтыя даты не выпадковыя.

Калі верыць БелТА, Рыбакоў сустрэўся з Гутэрышам напярэдадні паседжання Рады бяспекі ААН, прысвечанай харчоваму крызісу. У цэнтры дыскусіі стаяла пытанне экспарту ўкраінскага збожжа, якое ў выніку расейскай агрэсіі засталося заблакаваным. У пачатку траўня Гутэрыш ужо выказваў думку, што для пераадолення праблемы харчовай бяспекі патрэбная рэінтэграцыя на сусветны рынак угнаенняў з Беларусі і РФ. Прадстаўнік Беларусі Рыбакоў 19 траўня падчас выступу ў ААН заявіў, што адмова ад санкцыяў будзе важным крокам на шляху запэўнівання міжнароднай харчовай бяспекі.

Поле са збожжам. Крупскі раён, Беларусь. 6 ліпеня 2021 года.
Фота: АЗ / Белсат

20 траўня «The Wall Street Journal» паведаміла, што ў Радзе бяспекі ААН пастанавілі разгледзець магчымасць чыгуначнага транзіту ўкраінскага збожжа праз Беларусь. Паводле выдання, улады ЗША прапаноўваюць прыпыніць на паўгода санкцыі супраць беларускага калійнага сектару, калі Менск пагодзіцца на такі транзіт. Ідэя палягае ў транспартаванні збожжа з Украіны чыгункай праз Беларусь да порту ў Клайпедзе (Літва). Пры гэтым з артыкулу не зразумела, ці будзе дазвол на транзіт збожжа адзінай умовай зняцця калійных санкцыяў або ёсць і дадатковыя патрабаванні.

Белы дом на публікацыю «The Wall Street Journal» аніяк не адрэагаваў – то бок не зняпраўдзіў і не пацвердзіў. Афіцыйны Кіеў і краіны ЕЗ таксама захоўваюць маўчанне. Затое беларускія дэмакратычныя сілы ідэю ўгоды жорстка раскрытыкавалі.

Меркаванні
Дыктатура, збожжа і геапалітыка. Ці магчымая новая здзелка з Лукашэнкам?
2022.05.21 13:53

Толькі пасля з’яўлення публікацыі «The Wall Street Journal» афіцыйны Менск распаўсюдзіў інфармацыю пра сустрэчу Рыбакова і Гутэрыша, падчас якой генеральнаму сакратару перадалі ліст Лукашэнкі. У тым ліку, як паведамілі ў МЗС, на сустрэчы абмяркоўвалася пытанне санкцыйнага ціску. Прэс-рэліз МЗС быў вельмі кароткі, нічога пра змест паслання Лукашэнкі там не сказана. Але 23 траўня ліст быў апублікаваны.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Генеральны сакратар ААН Антонью Гутэрыш (справа) на сустрэчы з прадстаўніком Беларусі ў ААН Валянцінам Рыбаковым (злева). 2019 год.
Фота: president.gov.by

Можна толькі здагадвацца, чым тлумачыцца такая паўза. Але звяртае на сябе ўвагу той факт, што публікацыя ліста адбылася перад пачаткам перамоваў Лукашэнкі і Пуціна ў Сочы. Нельга выключаць, што такім чынам афіцыйны Менск хацеў пазбавіцца любых падазрэнняў наконт магчымых сепаратных дамоўленасцяў з Захадам і паказаць, што ў лісце ў ААН Лукашэнка фактычна адстойвае пуцінскія ідэі наконт «новага сусветнага парадку».

Няўдалая спроба Макея

За апошні час гэта не першая спроба ўсталяваць кантакт з Захадам для нармалізацыі стасункаў і аслаблення санкцыйнага ціску.

На фоне правалу расейскага бліцкрыгу ва Украіне і пагаршэння міжнароднай сітуацыі для Расеі Лукашэнка змяніў сваю рыторыку з адкрыта агрэсіўнай на больш міралюбную. Афіцыйны Менск стаў дасылаць Захаду асцярожныя сігналы, што ён гатовы мірыцца.

Падчас паседжання Савету бяспекі 7 красавіка Лукашэнка заявіў, што Беларусь «бяздоказна і беспадстаўна» была абʼяўленая «дапаможнікам агрэсара» і заявіў пра важнасць «кропкавай дыпламатыі». Паводле інфармацыі Паўла Латушкі, на закрытай частцы паседжання Лукашэнка паставіў задачу КДБ наладзіць кантакты з калегамі з еўрапейскіх краінаў і даў даручэнне Уладзіміру Макею аднавіць стасункі з вонкавапалітычнымі ведамствамі заходніх краінаў.

Уладзімір Макей. Скрыншот: Белсат

Праз тыдзень пасля нарады ў медыі трапіла інфармацыя пра тое, што Макей накіраваў еўрапейскім дыпламатам ліст, у якім заклікаў Еўразвяз да дыялогу (праўда, з фотакопіі ліста вынікае, што ён быў напісаны ўсё ж да паседжання лукашэнкаўскага Савету бяспекі). Макей у лісце сцвярджаў, што Беларусь не ангажаваная ў баявыя дзеянні ва Украіне і не будзе ўцягнутая ў вайну. Ён канстатаваў, што ў стасунках Менску і Бруселю назіраецца амаль «ледавіковы перыяд», а гэта не ў інтарэсах Еўропы. Макей заклікаў адмовіцца ад «абвінавачанняў і ярлыкоў, запальнай рыторыкі і аднабаковых абмежавальных захадаў ды пераасэнсаваць парадыгму будучых адносінаў Беларусі і ЕЗ».

Адначасова адбылося некалькі падзеяў, якія можна расцаніць як дэманстрацыю афіцыйным Менскам сваёй гатовасці наладжваць стасункі з Захадам. 14 красавіка Беларусь абвесціла аб увядзенні бязвізавага рэжыму для грамадзянаў Літвы і Латвіі. А яшчэ раней, у сакавіку, на свабоду выйшлі 6 фігурантаў справы TUT.by, а старшыню Саюзу палякаў Беларусі Анжэліку Борыс перавялі са следчага ізалятару пад хатні арышт.

Больш за тое, неўзабаве пасля публікацыі ліста Макея з’явіліся чуткі пра нейкія таемныя перамовы аб змякчэнні санкцыяў, якія нібыта вёў экс-міністр замежных справаў Беларусі Сяргей Мартынаў. Размова ішла пра ўгоду: вызваленне 300 палітвязняў у абмен на аднаўленне калійнага транзіту праз порт Клайпеды. Праўда, пацверджання факту такіх перамоваў дагэтуль няма.

Публічнай рэакцыі Бруселю на гэты ліст Макея не было. Але сам факт таго, што канфідэнцыйны дакумент трапіў у медыі, сведчыць пра тое, што еўрапейскія дыпламаты скептычна паставіліся да звароту Макея і не бачаць у гэтай ініцыятыве перспектываў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ВО / Белсат

Пазней у МЗС Беларусі заявілі, што ілюзіяў на гэты конт не мелі, але ад некаторых дыпламатаў рэакцыя была – «можа, не пазітыўная, але дакладна канструктыўная». «То бок некаторыя людзі сігнал успрынялі», – запэўнілі ў ведамстве. Праўда, гэтая «канструктыўная» рэакцыя некаторых дыпламатаў наступстваў не мела.

У канцы красавіку «Наша Ніва» на ўмовах ананімнасці апублікавала выказванне еўрапейскага дыпламата, які сцвярджаў: калі Лукашэнка хоча пераламаць негатыўную атмасферу ў Бруселі, ён павінен зрабіць відавочны жэст на адрас уласнага грамадства. Паводле дыпламата, Лукашэнка мусіць вызваліць мінімум 1000 палітвязняў, а таксама вывесці з тэрыторыі Беларусі расейскія войскі (ці прынамсі гарантаваць, што па Украіне больш не будзе наносіцца ўдараў). Хаця і гэта, як заявіў дыпламат, не прывядзе да аўтаматычнага зняцця санкцыяў. «Поўнасцю ж санкцыі з лукашэнкаўцаў будуць знятыя толькі ў выпадку, калі Аляксандр Лукашэнка дамовіцца з грамадзянскай супольнасцю краіны пра дэмакратычныя перамены», – адзначыў ён.

Палітыка прамых супярэчнасцяў

Ліст Лукашэнкі і ліст Макея аб’ядноўвая адна прынцыповая акалічнасць: беларускія ўлады нічога не прапаноўваюць узамен на «нармалізацыю» стасункаў і аслабленне санкцыяў. Яны проста прапануюць паверыць, што яны не маюць дачыненні да агрэсіі супраць Украіны, і спрабуюць пераканаць Захад, што санкцыі – гэта кепска.

Прычым адначасова робяцца абсалютна супрацьлеглыя па сэнсе заявы. «Справа наша справядлівая, і рана ці позна мы ўсё роўна пераможам», – заявіў Лукашэнка падчас перамоваў з Пуціным у Сочы, падагульняючы абмеркаванне сітуацыі ва Украіне. Хаця сама фармулёўка пра «нашу справу» наўпрост супярэчыць запэўненням у тым, што Беларусь не мае дачынення да агрэсіі супраць Украіны.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Макей.
Фота: president.gov.by

Тое ж самае тычацца канкрэтных справаў. Вызваленне часткі супрацоўнікаў TUT.by і перавод пад хатні арышт Анжэлікі Борыс не суправаджаўся прыпыненнем рэпрэсіяў. Наадварот, падчас нарады 19 красавіка Лукашэнка раскрытыкаваў сілавікоў за тое, што яны нібыта забыліся пра ўрокі 2020 года. Генеральны пракурор Андрэй Швед на той жа нарадзе абурыўся нізкай раскрывальнасцю крымінальных справаў за экстрэмізм (то бок за іншадумства), панаракаў на факты цяганіны і бяздзейнасці.

У выніку ў наступныя месяцы рэпрэсіі толькі актывізаваліся. Адбыліся масавыя арышты прадстаўнікоў незалежных прафсаюзаў, арыштавалі галоўную рэдактарку «Новага часу» Аксану Колб, была распачатая справа супраць кіраўніцтва газеты «Белорусы и рынок», затрыманыя адвакаты Аляксандр Данілевіч і Віталь Брагінец, разгромленая кнігарня выдавецтва «Янушкевіч». Больш за тое, 17 траўня Лукашэнка падпісаў законапраект, які прадугледжвае пашырэнне сферы выкарыстання смяротнага пакарання.

Наяўнасць двух супрацьлеглых лініяў у палітыцы афіцыйнага Менску сведчыць пра непераадольны разрыў паміж жаданнямі і магчымасцямі рэжыму Лукашэнкі. Ён хоча наладзіць стасункі з Захадам і дамагчыся скасавання санкцыяў, але не здольны пайсці супраць Крамля ва ўкраінскім пытанні і не можа адмовіцца ад масавых рэпрэсіяў унутры краіны. У абодвух кроках Лукашэнка бачыць непасрэдную пагрозу свайму рэжыму. Таму вяртанне стасункаў Беларусі і Захаду на ўзровень пачатку 2020 года проста немагчымае.

Фатаграфія Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна насупраць будынку Харкаўскай абласной адміністрацыі, размешчаная актывістамі на барыкадзе. Харкаў, Украіна. 24 красавіка 2022 года.
Фота: Белсат

Адзінае, на што Лукашэнка можа разлічваць у гэтай сітуацыі, гэта на спрыяльную міжнародную кан’юнктуру, якая дазволіць заключыць канкрэтную ўгоду – кшталту той, пра якую піша «The Wall Street Journal». Але яе перспектывы застаюцца вельмі туманнымі, бо транзіт збожжа наўрад ці стане адзінай умовай для замарозкі санкцыяў. Да таго ж сепаратныя пагадненні наўрад ці спадабаюцца Крамлю.

Глеб Нержын, belsat.eu

Стужка навінаў