Следчы сказаў чакаць. Цела памерлага ў калоніі Вітольда Ашурка родным не аддалі

У пятніцу, 22 траўня, стала вядома пра смерць палітвязня Вітольда Ашурка ў Шклоўскай калоніі. 24 траўня родныя не ведаюць, калі ім выдадуць цела памерлага. Пра прычыны смерці ім сказалі адно: «спынілася сэрца».

Брат памерлага Андрэй Ашурак расказаў «Белсату», што раніцай 24 траўня дазваніўся да следчага, які праводзіць праверку. Той запісаў ягоны нумар тэлефона і сказаў: «Чакайце званка», «эксперты працуюць». На пытанне, ці могуць родныя забраць цела Вітольда Ашурка, следчы адказаць не змог, прасіў чакаць.

«Мы даведаліся пра тое, што Вітольд памёр, вечарам у пятніцу – а тут субота і нядзеля, – расказвае Андрэй Ашурак. – Гэта ў нас трагедыя, а там выходныя».

У пятніцу ўвечары удаве Вітольда Вользе сказалі, што ейны муж памёр у калоніі ад спынення сэрца. Гэта ўсё, што сям’я памерлага ведае пра прычыны смерці. З усімі далейшымі пытаннямі трэба звяртацца ў Следчы камітэт. Вольга кажа, што сэрца ў Вітольда было здаровае.

У Вітольда Ашурка было шмат знаёмых, людзі прыходзяць выказаць спачуванні і дапамагчы сям’і. Андрэй зазначае, што пытанне цяпер не ў грошах, а ў тым, каб годна пахаваць Вітольда.

Сямʼі Вітольда Ашурка сабралі больш за € 7 тыс. Збор працягваецца

АА belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны