Абвешчаны збор на адваката і дапамогу сям'і Рамана Пратасевіча


Раман Пратасевіч.
Фота: spring96.org

Беларускі фонд салідарнасці BySol абвясціў збор сродкаў на дапамогу блогеру Раману Пратасевічу, якога затрымалі ў выніку экстраннай пасадкі самалёту ў Менску.

«Раману і ягонай сямʼі патрэбная ваша падтрымка. Мы адкрываем збор на аплату адваката і дапамогу яго бацькам», – гаворыцца ў заяве фонду.

Збор сродкаў адбываецца па спасылцы. Ужо сабрана больш як € 5800.

Hавiны
Раман Пратасевіч перад затрыманнем у Менску: «Тут мяне чакае смяротнае пакаранне»
2021.05.23 19:57

Хто такі Раман Пратасевіч

Раман Пратасевіч – вядомы журналіст і блогер. У 2011 годзе ён у 16-гадовым узросце трапіў пад пераслед за ўдзел у маўклівых акцыях пратэсту і быў адлічаны з Ліцэю БНТУ. У 2011–2014 гады Пратасевіча неаднаразова затрымлівалі за тое, што ён адміністраваў апазіцыйныя суполкі ў сацсетках і браў удзел у пратэставых акцыях.

Пратасевіч вучыўся на журналісцкім факультэце БДУ, але быў адлічаны, як ён сам распавядаў, з палітычных матываў. Раман некалькіх гадоў супрацоўнічаў з шэрагам недзяржаўных выданняў, у тым ліку з радыё «Свабода» і «Еўрарадыё». У студзені 2020 года Пратасевіч з’ехаў у Польшчу і заявіў, што будзе прасіць там прытулку, бо ў Беларусі можа трапіць пад палітычна матываваны крымінальны пераслед. Эміграцыя Рамана была звязаная са «справай Чудзянцова», з якім ён сябраваў.

Абноўлена
У выніку спецаперацыі затрыманы Раман Пратасевіч. Галоўнае
2021.05.23 17:32

У Польшчы Раман Пратасевіч стаў рэдактарам тэлеграм-каналу «NEXTA». Увосень 2020 года на хвалі масавых пратэстаў спецслужбы Аляксандра Лукашэнкі завочна выставілі яму абвінавачанне паводле арт. 293 («Арганізацыя масавых беспарадкаў»), арт. 130 («Распальванне варожасці») і арт. 342 («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак»), Пратасевіч і Сцяпан Пуціла былі абвешчаныя ў вышук. Следчы камітэт абвінаваціў блогераў у тым, што ў тэлеграм-канале размяшчаліся «заклікі да пратэстаў, блакавання дарог, забастовак, каардынацыі несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў з указаннем канкрэтных месцаў правядзення, а таксама маршрутаў перасоўвання». СК накіраваў у Польшчу дакументы на экстрадыцыю Пуцілы і Пратасевіча. У лістападзе КДБ унёс блогераў у «тэрарыстычны спіс», аднак афіцыйна абвінавачанне ў тэрарызме Пратасевічу не выстаўлялі.

Пратасевіч сышоў з пасады рэдактара тэлеграм-каналу «NEXTA» ў верасні 2020 года. У сакавіку 2021 года блогер зрабіўся рэдактарам папулярнага тэлеграм-каналу «Беларусь головного мозга».

МГ belsat.eu

Стужка навінаў