Тэлефонныя злодзеі скралі ў пенсіянеркі 157 тысяч рублёў


У жыхаркі Менскай вобласці злодзеі скралі амаль Br 157 тыс. Па тэлефоне выдавалі сябе за супрацоўнікаў службы бяспекі банку. Аб гэтым перадае БелТА са спасылкай на Следчы камітэт.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

24 красавіка Следчы камітэт паведаміў, што 69-гадовая жыхарка Пухавіцкага раёну стала ахвярай махляроў і пазбавілася амаль Br 157 тыс. Паводле следчых,  зламыснікі «вялі» сваю ахвяру амаль тры месяцы.

Першы раз махляры патэлефанавалі жанчыне ў лютым, выдалі сябе за супрацоўнікаў службы бяспекі банку і паведамілі, што яе зберажэнні ў небяспецы. Маўляў, невядомыя хочуць узламаць банкаўскую картку. Даверлівая жанчына спалохалася, паверыла зламыснікам і сама паведаміла ім, што мае некалькі дэпазітаў з буйной сумай. Далей жанчына амаль тры месяцы вяла тэлефонныя перамовы са зламыснікамі і выконвала ўсе іх указанні.

Скончылася ўсё тым, што пенсіянерка ўсталявала на свой смартфон аплікацыю для аддаленага доступу, затым паведаміла ашуканцам лагін і пароль ад інтэрнэт-банкінгу. У міліцыя пацярпелая звярнулася толькі калі заўважыла знікненне ўсіх зберажэнняў. Следчыя высветлілі, што зламыснікі тэлефанавалі з нумара, які належыць сотаваму аператару ў Мексіцы.

Цяпер Пухавіцкі РАСК расследуе крымінальную справу па ч.4 ст.212 КК («Крадзеж маёмасці шляхам мадыфікацыі кампʼютарнай інфармацыі, здзейснены ў асабліва буйным памеры»).

Следчыя раяць адразу спыняць размову з «супрацоўнікамі службы бяспекі банку» і перазваніць па нумары тэлефона, указаным на банкаўскай карце. Ні ў якім разе нельга ўстанаўліваць па просьбе іншых людзей ніякія аплікацыі на тэлефоны і тым больш паведамляць лагін і пароль.

Не гледзячы на ўсе перасцярогі, людзі ўступаюць у камунікацыю з махлярамі і застаюцца без грошай. Па звестках СК, у Менскай вобласці за студзень – сакавік больш за 500 чалавек трапіліся на вуду ілжэсупрацоўнікаў банкаў, якія выцягнулі з іх Br 400 тыс. Выпадак 69-гадовай жыхаркі Марʼінай Горкі – рэкордны.

Мірон Маліна belsat.eu

Стужка навінаў