Сілавікі затрымалі былога футбаліста «Крумкачоў» Аляксандра Яцкевіча


Тэлеграм-каналы рэжыму Аляксандра Лукашэнкі паведамілі пра затрыманне былога гульца футбольнага клубу «Крумкачы» Аляксандра Яцкевіча.

Аляксандр Яцкевіч.
Фота: krumkachy.com

На відэа, якое з ім запісалі, Аляксандр Яцкевіч кажа, што нібыта трапіў у пастку створанага сілавікамі фэйкавага чат-боту «BYPOL». Пасля сілавікі нібыта прапаноўвалі яму прыйсці да іх самастойна, але тое не зрабіў гэтага, таму быў затрыманы.

Фэйкавая рассылка, што капіявала нядаўнюю рассылку «BYPOL», дзе прапаноўвалася праверыць акаўнт, была зробленая ў сярэдзіне красавіка. Рассыланне па чатах адбывалася з пустых, нядаўна зарэгістраваных акаўнтаў. Але кантакты ў ёй несапраўдныя.

38-гадовы Аляксандр Яцкевіч правёў каля 300 матчаў у беларускай найвышэйшай лізе. З 2019 да 2022 года гуляў за «Крумкачоў», быў капітанам каманды. У сакавіку 2023-га абвясціў пра заканчэнне кар’еры.

У 2020 годзе Яцкевіч разам з іншымі гульцамі «Крумкачоў» выступіў супраць паслявыбарчага гвалту і фальсіфікацыі выбараў. Перад матчам супраць менскага «Дынама» ў верасні 2020-га футбалісты надзелі футболкі з надпісам «Мы супраць гвалту».

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў