Матэрыялы аб экстрадыцыі Соф’і Сапегі ў Расею разгледзіць Прэсненскі суд Масквы


Матэрыялы справы Соф’і Сапегі накіраваныя ў Прэсненскі суд Масквы для правядзення працэдуры ейнай перадачы ў Расею. Пра гэта паведаміў міністр юстыцыі Расейскай Федэрацыі Канстанцін Чуйчанка.

Вымушаная пасадка самалёта кампаніі «Ryanair» у Менску, у выніку якой былі арыштаваныя Соф’я Сапега і Раман Пратасевіч. 23 траўня 2021 года.
Фота: Delfi.lt

Расейскі міністр адзначыў, што пытанне аб перадачы Сапегі разглядаецца Міністэрствам юстыцыі РФ з канца лютага, падставай для гэтага стаў зварот сваячкі Соф’і.

Згодна з заявай Канстанціна Чуйчанкі, матэрыялы аб перадачы асуджанай на тэрыторыю Расеі накіраваныя Міністэрствам юстыцыі РФ у Федэральную службу выканання пакаранняў «для ўнясення ў расейскі суд прадстаўлення аб прызнанні і выкананні прысуду беларускага суда на тэрыторыі Расейскай Федэрацыі». Ён дадаў, што матэрыялы аб перадачы Соф’і Сапегі накіраваныя Федэральнай службаю выканання пакаранняў Расеі ў Прэсненскі суд Масквы.

«Далей рашэнне суда ў дадзеным пытанні будзе накіраванае ў кампетэнтны орган Рэспублікі Беларусь для прыняцця канчатковага рашэння адносна перадачы асуджанай», – падкрэсліў расейскі міністр.

Перадача асуджаных паміж Расеяй і Беларуссю, адзначыў Чуйчанка, праводзіцца на падставе Канвенцыі аб перадачы асуджаных да пазбаўлення волі для далейшага адбывання пакарання 1998 года. Як пазначана ў расейскім Крымінальна-працэсуальным кодэксе, рашэнне аб перадачы асуджанай асобы для адбывання пакарання ў дзяржаву ейнага грамадзянства прымаецца ў судовым парадку.

Нагадаем, што Соф’ю Сапегу затрымалі разам з блогерам Раманам Пратасевічам 23 траўня 2021 года ў выніку вымушанай пасадкі самалёта кампаніі «Ryanair». Праз год яе асудзілі на 6 гадоў пазбаўлення волі і прызналі вінаватай у наўмысных дзеяннях, накіраваных на распальванне сацыяльнай варожасці, а таксама ў незаконным зборы і распаўсюдзе звестак аб прыватным жыцці, якія пацягнулі прычыненне шкоды. У чэрвені 2022 года Соф’я Сапега падала прашэнне аб памілаванні на імя Аляксандра Лукашэнкі, але ёй было адмоўлена. На пачатку красавіка 2023 года Сапега дала згоду на экстрадыцыю ў расейскую калонію.

Каментар
Соф’ю Сапегу збіраюцца экстрадаваць у Расею. Там яе пасадзяць ці адпусцяць?
2023.04.15 14:34

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў