Дарадца офісу прэзідэнта Украіны Аляксей Арэстовіч даў інтэрв’ю «Медузе», у якім выказаўся і пра Беларусь. Прыводзім асноўныя думкі з гэтага інтэрв’ю – пра Беларусь, наступленне на Данбасе жы імавернасць вайны Расеі супраць Еўропы.
На думку Аляксея Арэстовіча, хоць Беларусь і вельмі актыўна спрабавалі ўцягнуць у вайну, аднак цяпер за нашую тэрыторыю Украіна можа больш не хвалявацца – зараз яе амаль не выкарыстоўваюць для баявых дзеянняў.
«Лукашэнка пятляе, як можа, і, паводле нашых звестак, актыўна вядзе сепаратныя перамовы з Захадам. Нам і беларуская апазіцыя пра гэта кажа, і заходняя выведка. <…> А Лукашэнка змог адпятляць», – кажа Арэстовіч.
Дарадца Зяленскага кажа, што Украіна разумее Беларусь і раздзяляе ўладу і народ.
«Беларуская тэрыторыя і беларуская вайсковая інфраструктура – аэрадромы, базы забеспячэння, чыгуначная сетка – цалкам выкарыстоўваліся супраць нас. Адтуль пускалі ракеты, ляцела авіяцыя, наступалі войскі. Гэта па вызначэнні – ваенная агрэсія, – зазначае Арэстовіч. – Але мы адмыслова не ставілі гэтага пытання, бо мы разумеем саму Беларусь і вельмі дакладна раздзяляем беларускі народ і беларускія ўлады. Беларускі народ супраць вайны, і ўкраінцы гэта бачаць.<…>. Беларускія партызаны сапсавалі чыгуначную сетку, чым вельмі моцна ўскладнілі жыццё расейскім вайскоўцам».
Акрамя тэмы Беларусі, у інтэрв’ю закраналася бітва за Данбас, якой усе чакаюць. Дарадца Зяленскага зазначыў, што расейскія войскі даволі актыўна наступаюць на Данбасе, але перашкодай для іх застаецца мясцовасць – лясныя дарогі, равы, пашкоджаныя чыгуначныя каляіны і пераезды, у дадатак да ўсяго там цягам двух тыднях ішлі дажджы, і цяпер па размоклых палях не так проста прайсці.
Аляксей Арэстовіч упэўнены, што праз два-тры тыдні наступленне расейцаў на Данбасе скончыцца, а разам з ім, магчыма, скончыцца і актыўная фаза вайны, бо ў расейскіх войскаў канчаюцца рэсурсы.
Дарадца прэзідэнта Украіны распавёў, што Украіна больш не вядзе перамоваў з NATO наконт закрыцця неба.
«Гэта закрытае пытанне. Тое, што нам патрэбна, – гэта сістэма супрацьпаветранай абароны, якую нам ужо даюць. А неба мы і самі закрыем, – кажа Арэстовіч. – Нам хопіць толькі ўзбраення. Мы і самі выдатна справімся. Нам не патрэбныя заходнія салдаты тут. Але яны і не пойдуць на гэта, калі не будзе ядравага ўдару».
Аляксей Арэстовіч лічыць немагчымым цяпер пераход ваенных дзеянняў у Еўропу, і пакідае такому сцэнару каля 1 % верагоднасці. Прычына – Расеі няма чым ваяваць.
ГГ, belsat.eu