Лік пацярпелых падчас тэракту ў Падмаскоўі вырас да 152. У Расеі – агульнанацыянальная жалоба


МНС Маскоўскай вобласці ўдакладніла, што падчас атакі на канцэртную залу пацярпелі 152 асобы. У ведамстве таксама пацвердзілі лік ахвяраў: 133. Раней паведамлялася, што раненні атрымалі 147 асобаў.

Учынены тэрарыстамі пажар у комплексе «Крокус Сити Холл». Краснагорск, Маскоўская вобласць. 22 сакавіка 2024 года.
Фота: Maxim Shemetov / Reuters / Forum

Сярод 152 пацярпелых – 5 дзяцей. Шпіталізаваных – 114.

Паводле апошніх звестак Следчага камітэту Расеі, ахвярамі нападу сталі 133 асобы, у тым ліку трое дзяцей. Гэтую лічбу пацвердзілі ў Падмаскоўным упраўленні Міністэрства надзвычайных сітуацыяў.

Пра сканчэнне пошукавай аперацыі ў комплексе «Крокус Сити Холл» не паведамлялася, таму нельга выключаць, што на месцы тэракту знойдуць новых ахвяраў.

Сёння ў Расеі – дзень агульнанацыянальнай жалобы. Да канцэртнай залы людзі прыносяць кветкі, знічы і плюшавыя цацкі.

Кветкі каля комплексу «Крокус Сити Холл». Краснагорск, Маскоўская вобласць. 23 сакавіка 2024 года.
Фота: Дзмітрый Галубовіч / Russian Look / Forum

У Беларусі каля будынку МЗС прыспусцілі чырвона-зялёны сцяг і сцяг ведамства. Напярэдадні на фасадзе Нацыянальнай бібліятэкі пачалі паказваць выяву расейскага трыкалору.

Падчас тэракту пацярпеў адзін беларус – нарадзінец Бабруйску Алім Кашавараў. Ён у скрайне цяжкім стане, падключаны да апарату ШВЛ. Акрамя таго, адзін грамадзянін Беларусі лічыцца зніклым без звестак: пра яго ў пасольства ў Маскве паведамілі сваякі.

Hавiны
Пацярпелы падчас тэракту ў Маскве беларус у скрайне цяжкім стане, падключаны да апарату ШВЛ
2024.03.23 22:27

Тым часам набліжаныя да тэрарыстычных груповак крыніцы распаўсюдзілі відэа, запісанае самымі нападнікамі. На кадрах відаць, што ў атацы бралі ўдзел сама меней чацвёра. Яны расстрэльвалі людзей з аўтаматаў, а аднаму мужчыну перарэзалі горла. Твары тэрарыстаў на відэа заблюраныя, аднак, як заўважыў Telegram-канал «ASTRA», адзенне гэтых людзей падобнае да таго, у якім былі затрыманыя ў Бранскай вобласці.

Пра тэракт выказаўся прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Ён назваў Уладзіміра Пуціна нікчэмнасцю і абурыўся, што ў гэтым нападзе Расея знайшла «ўкраінскі след»:

«Тое, што адбылося ў Маскве, відавочна, і Пуцін, і іншыя падонкі проста спрабуюць зваліць на кагосьці іншага. Яны прыйшлі ва Украіну, спальваюць нашыя гарады – і Украіну ж спрабуюць абвінаваціць. Яны катуюць, гвалтуюць нашых людзей – і іх жа абвінавачваюць. Яны сюды, на ўкраінскую зямлю, нагналі сотні тысяч тэрарыстаў сваіх, ваююць супраць нас, і ім усё роўна, што адбываецца ўнутры іхнай жа краіны. Гэтая нікчэмнасць Пуцін, замест таго каб займацца сваімі грамадзянамі Расеі, звяртацца да іх, содні маўчаў – думаў, як гэта прыцягнуць да Украіны».

Зяленскі таксама адзначыў, што расейскіх вайскоўцаў, якія цяпер ваююць супраць Украіны, «хапіла б, каб спыніць любых тэрарыстаў»:

«І калі расейцы гатовыя моўчкі паміраць у «крокусах» і не задаваць аніякіх пытанняў сваім спецслужбам, то Пуцін яшчэ не адную такую сітуацыю паспрабуе вярнуць на карысць сваёй асабістай улады».

Пуцін раней у адмысловым звароце заявіў, што тэрарысты намагаліся ўцячы ва Украіну і на мяжы для іх было падрыхтаванае «акно».

Палітолаг, аглядальнік еўрапейскай і міжнароднай палітыкі выдання «Новая газета Европа» Дзяніс Левен у размове з «Белсатам» назваў версію хоць якой-кольвек датычнасці Кіева няслушнаю:

«Гэта сумнеўна, бо не вельмі зразумелая матывацыя. Навошта гэта спатрэбілася? Што Захад ці Украіна ад гэтага могуць атрымаць, акрамя адплаты або рэакцыі ў адказ? Я не бачу ніякага ў гэтым інтарэсу. У мяне няма сумневаў у тым, што ўрад ЗША мае магчымасць учыняць такія атакі, але каб што? Каб абвастрыць стасункі з Расеяй яшчэ больш?»

Разбор
«Калі гэта Захад, то не зразумелая матывацыя». Што не так з версіямі прапаганды пра тэракт у Падмаскоўі?
2024.03.23 20:25

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў