«Лукашэнка мусіць зразумець, што яму прыйдзецца сысці». Эксперты – пра Беларусь да гадавіны вайны


«Belarus in Focus» у партнёрстве з камандай сайту «Наше мнение» і BISS правялі онлайн-абмеркаванне вынікаў года вайны. Беларускія і ўкраінскія эксперты паспрабавалі адказаць на пытанні: як можна ацаніць ролю Беларусі і беларусаў у вайне за год, ці ёсць стратэгіі ў Кіева, Менску і апанентаў Лукашэнкі ў адносінах адзін аднаго, на чым яны палягаюць і наколькі паспяховыя? Спойлер: усё складана.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

Пераказваем самае цікавае.

Пазіцыя Украіны адносна Беларусі

Украінскі эксперт Дзмітрый Грамакоў падчас дыскусіі дакладна акрэсліў пазіцыю Украіны: Беларусь – суагрэсар у вайне, беларусы мусяць несці калектыўную адказнасць за сваю дзяржаву, а Лукашэнку трэба стварыць умовы да лібералізацыі ягонага рэжыму.

«Пасля заканчэнне вайны Беларусь павінна несці ўсю адказнасць як суагрэсар. Беларускі народ нясе калектыўную адказнасць за суўдзел у вайне, бо паводле Канстытуцыі крыніца ўлады – народ. Таму беларусы нясуць адказнасць за дзеянні палітычнага рэжыму, які існуе ў іхнай краіне», – падкрэсліў Грамакоў.

Другі эксперт з Украіны, палітолаг Яўген Магда, быў не такі катэгарычны ў сваіх ацэнках.

«Беларусь у вайне перабывае на лаве запасных, гэта добра, але яна намагаецца ўсяляк паказаць, што гатова ісці на поле [бою]. Да Беларусі прыкаваная ўвага як да плацдарму расейскай агрэсіі, які можа быць выкарыстаны зноўку, – гэта факт. Лукашэнка – саўдзельнік агрэсіі, палітычная будучыня якога залежыць ад вынікаў расейска-ўкраінскай вайны. Агрэсія Расеі прыспешыла фармаванне ўкраінскай палітычнай нацыі, а з ёй – і беларускай», – перакананы эксперт.

У абарону беларусаў выступіў беларускі палітолаг Аляксандр Класкоўскі. Ён падкрэсліў, што трэба праводзіць мяжу паміж беларускім рэжымам і народам.

«Бухарэсцкая дзявятка прымае рэзалюцыю і асуджае Беларусь за дапамогу расейскай агрэсіі. Але Беларусь – гэта і полк Каліноўскага, які ваюе ва Украіне, і Святлана Ціханоўская, і іншыя дэмакратычныя сілы. Трэба гэта падзяляць. Беларускі рэжым з першага ж дня стаў суўдзельнікам агрэсіі, гэта прызнана на міжнародным узроўні. Але нават у такой складанай сітуацыі Лукашэнка дэманструе дзівосы лавіравання», – сказаў эксперт.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. 
Фота: Алесь Усцінаў / Белсат

Паводле яго, беларусы ў такой сітуацыі чарговы раз паказалі сябе антываеннаю нацыяй. Усе апытанні паказваюць, што нават значная частка прыхільнікаў рэжыму – «ябацек» – выступае супраць адпраўкі беларускіх войскаў на вайну. Такая пазіцыя народу трымае Лукашэнку ў рамках і прымушае яго ўсяляк адбівацца ад таго, каб улезці ў вайну.

«Лукашэнка ўмудрыўся нават атрымаць дывідэнды са статусу адзінага хаўрусніка Расеі: атрымаў танны газ на тры гады, прэферэнцыі для сваіх нафтаперапрацоўчых заводаў, адтэрміноўванне крэдытаў, 105 мільярдаў расейскіх рублёў на праграмы па імпартазамяшчэнні. Усё гэта – коштам яшчэ большай прывязкі беларускай эканомікі і палітыкі да Расеі», – адзначыў Аляксандр Класкоўскі.

Ці мае Украіна стратэгію што да Беларусі?

Мяркуючы за адказу Дзмітрыя Грамакова, ніякай дакладнай стратэгіі ўкраінскага кіраўніцтва ў адносінах Беларусі няма. Галоўнае – зрабіць усё магчымае, каб стрымаць акты агрэсіі з тэрыторыі Беларусі.

З ягоных словаў, усе цяпер разумеюць, што беларускі рэжым сам не сыдзе. Ёсць два шляхі: першы – ваенны, гэта грамадзянская вайна ў Беларусі, другі – выцісканне рэжыму праз санкцыі, палітычны і эканамічны ціск, каб ён лібералізаваўся, каб з’явіліся ўмовы вяртання беларусаў у краіну.

«Што датычыць палка Каліноўскага, яны пазіцыянуюцца як адзінкі ЗСУ, і ваююць яны пад украінскім сцягам. Мы іх ужо не разглядаем як выключна беларусаў, а як пабрацімаў, людзей, якія падзяляюць з намі ўсе цяжкасці вайны. І мы будзем будаваць з імі дачыненні, бо яны не падзяляюць пазіцыі Беларусі ў гэтай вайне і гатовыя за гэта змагацца на полі бою», – растлумачыў эксперт.

Дзмітрый Грымакоў таксама дадаў, што для Украіны не важна, будзе ці не будзе існаваць рэжым Лукашэнкі.

«Гэта праблема не нашая, гэта праблема беларусаў. Нам важна, каб беларусы змагаліся з Расеяй разам з намі. І тыя, хто за мяжой, і тыя, хто ўнутры Беларусі. Так, былі «рэйкавыя партызаны», але яны [менавіта] былі. Сёння мы такога не бачым. Гэта была адна група, якая паспела нашкодзіць расейцам у самы цяжкі момант. Але гэта не сістэма. Так, ёсць «Гаюн», які працуе як сістэма атрымання інфармацыі з тэрыторыі Беларусі. Але ў пэўных сітуацыях ён выступае як пагроза нашым адносінам, часам яны падліваюць алею ў агонь у і так складаныя адносіны Украіны і Беларусі», – сказаў эксперт.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. 
Фота: Белсат

Аляксандр Класкоўскі запярэчыў некаторым факталагічным недакладнасцям украінскага калегі, адзначыўшы, што гутарка чарговы раз паказвае, наколькі ўкраінцы не ведаюць сітуацыі ў Беларусі.

«Існавала не адна, а некалькі групаў рэйкавых партызанаў, якія працавалі ў розных рэгіёнах і не былі звязаныя паміж сабой. Чаму іх цяпер няма? У Беларусі пануе атмасфера страху і тэрору, такая, як і ў акупаваных вобласцях Украіны.

Калі вы кажыце, што Украіне ўсё роўна, будзе ў Беларусі Лукашэнка ці не, гэта таксама велізарная памылка. Пакуль Лукашэнка будзе ва ўладзе, будзе вісець дамоклаў меч над Украінай.

Мяне дзівіць намер сшыць беларускае грамадства, каб пазбегнуць грамадзянскай вайны. Але фактычна яна ўжо ідзе, рэжым Лукашэнкі абвесціў яе беларускаму народу. Знішчае і выціскае ў эміграцыю самую прасунутую і дэмакратычную частку беларусаў. І не бачыць перспектываў наладжваць кантакты менавіта з гэтай часткай, гэтымі людзьмі, якія заўтра будуць рабіць будучыню Беларусі, – вельмі недальнабачная пазіцыя», – падкрэсліў беларускі эксперт.

Ён адзначыў існаванне патаемнай дыпламатыі паміж Украінай і Беларуссю і гульню ў рэальпалітык з Лукашэнкам.

«Што датычыць палка Каліноўскага, добрыя ваяры не значыць добрыя палітыкі. Хоць, вядома, палітычныя амбіцыі там прачнуліся. На гэтым згуляў Зянон Пазняк, які збіраецца зрабіць у хаўрусе з імі альтэрнатыўны палітычны цэнтр – Раду бяспекі. Але гэта можа ўзмацніць раскол у апазіцыі», – каментуе Аляксандр Класкоўскі.

Агляд
Прастрэленыя калені і гады зняволення: чым плацяць беларусы ў Беларусі за сваю антываенную пазіцыю
2023.02.24 14:11

Украінскі эксперт Яўген Магда адзначыў, што ва Украіны наогул ёсць праблема з фармаваннем стратэгіі адносінаў з суседзямі. Беларусы тут не выключэнне.

«Існуе тры палітычныя сілы. Лукашэнка, які грае на палітычнае выжыванне. Святлана Ціханоўская, у якой ёсць стратэгія фармавання ўзаемаадносінаў з Украінай, але якая пакуль не можа быць рэалізаваная. І полк Каліноўскага, які спрабуе свой ваенны досвед канвертаваць у палітычную сілу. Сітуацыя будзе развязвацца на полі бою, ад гэтага будзе шмат што залежаць. Параза Расеі ў вайне падштурхне санкцыйны ціск на Беларусь, і сітуацыя тут таксама будзе мяняцца», – сказаў эксперт.

Якой павінна быць стратэгія беларусаў і дэмсілаў у адносінах Украіны?

Аляксандр Класкоўскі адзначыў галоўнае і асноўнае: усяляк падтрымоўваць Украіну ў яе барацьбе супраць імперыі. Толькі так беларусы могуць дамагчыся пераменаў у Беларусі, якія не атрымалася дасягнуць у 2020 годзе.

Якія ёсць сцэнары (ня)удзелу Беларусі ў другім годзе вайны, і што на іх уплывае?

Усе эксперты пагаджаюцца, што гэтае пытанне залежыць ад Пуціна. Ёсць меркаванне, што Лукашэнка гераічна не дапускае ўдзелу Беларусі ў вайне. Але гэта вялікая памылка.

«Пуціна задавальняе Беларусь як плацдарм для рыхтавання расейскіх мабілізаваных. Пакуль Пуцін спраўляецца сваймі сіламі ва Украіне, ён пагаджаецца на аргументы Лукашэнкі», – сказала Таццяна Ашуркевіч.

«На сёння ўступленне беларускіх войскаў у вайну не надта імавернае. Але калі Пуцін паставіць пытанне рубам, Лукашэнка нікуды не падзенецца», – дадаў Аляксандр Класкоўскі.

Украінскі эксперт Дзмітрый Грамакоў дадаў, што Лукашэнка пабаіцца застацца без войска адзін на адзін з расейскімі наёмнікамі, якія рыхтуюцца на беларускіх палігонах.

«Пытанне ў беларускім народзе, які бяжыць са сваёй краіны, і ў беларускай апазіцыі, якая вывозіць людзей з Беларусі. Замест таго, каб заставацца ў краіне і рыхтавацца. Найбольш эфектыўная стратэгія дэмсілаў была б у закліку да людзей навучыцца трымаць у руках зброю, каб у пэўны момант развярнуць яе супраць рэжыму», – выказаў думку эксперт. І справакаваў гэтымі развагамі пытанне: ці не шлях гэта да грамадзянскай вайны?

«Пачынае фармавацца віртуальная Беларусь, якая не мае адносінаў да тэрыторыі, але мае сваю ідэнтычнасць. І гэтую ідэнтычнасць заганяюць у віртуальную прастору. З’яўляецца свой урад, бачнасць віртуальнай дзяржаўнасці. Вы будуеце паветраныя замкі, якія мала датычыцца таго, што адбываецца ў самой Беларусі», – сказаў Дзмітрый Грамакоў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія вайскоўцы бяруць удзел у вучэннях узброеных сіл на мяжы з Беларуссю.
Фота: Viacheslav Ratynskyi / Reuters / Forum

Другі эксперт з Украіны, Яўген Магда, падкрэсліў: ён супраць таго, каб ставіць беларусаў і рэжым на адну дошку.

«Я паслядоўны прыхільнік арганізацыі дыялогу з усімі беларускімі супольнасцямі, акрамя Лукашэнкі, хоць ён і важкі палітычны актар у гэтай гісторыі. Мы перакананыя, што Украіна выйграе вайну з Расеяй, і лёс Лукашэнкі пасля гэтага будзе няпростым. Зараз яму трэба зразумець, што яму давядзецца сысці. І тут ужо цікава, якімі будуць далейшыя сцэнары: як будуць арганізаваныя выбары ў Беларусі, якім будзе транзіт улады. Ці стане Беларусь без Лукашэнкі асяродкам дэмакратыі і еўрапейскага выбару? Думаю, не. Беларусы багата ў чым нагадваюць украінцаў да 2014 года і анексіі Крыму. Тую трансфармацыю, якую мы прайшлі за 9 гадоў, беларусам яшчэ трэба будзе прайсці», – адзначыў Яўген Магда.

Ён прапанаваў супольна працаваць над памяркоўна-антырасейскім балта-чарнаморскім наратывам, у межах якога ўкраінцы і беларусы шукалі б пункты судакранання, шляхі ісці наперад ды інвентарызавалі агульныя прэтэнзіі, без яго гаварыць пра будучыню будзе складана.

СП belsat.eu

Стужка навінаў