У Расеі разбіўся Іл-76. Расейскі бок сцвярджае, што там былі ваеннапалонныя


У Белгародскай вобласці 24 студзеня пацярпеў катастрофу вайсковы самалёт, паведамляе губернатар вобласці Вячаслаў Гладкоў. Міністэрства абароны Расеі заяўляе, што загінулі 74 асобы, у тым ліку 65 украінскіх ваеннапалонных. Ва Украіне кажуць пра іншую версію.

Момант катастрофы Іл-76 24 студзеня 2024 года. Крыніца: t.me/bletgorod

Расейскія праўладныя СМІ сцвярджаюць, што ваеннапалонных дастаўлялі ў Белгародскую вобласць для абмену. Паводле гэтай версіі, суправаджалі іх усяго тры асобы, бо экіпаж Іл-76 складаецца з шасці чалавек.

«Українська правда» паведамляла, што да катастрофы самалёта датычная СБУ, але потым удакладніла, што інфармацыя не пацвердзілася. Крыніцы выдання ў Генштабе Украіны заяўляюць, што на борце былі ракеты для комплексаў С-300, з якіх расейскія войскі абстрэльваюць Харкаўскую вобласць.

«У Мінабароны Украіны пакуль не могуць пацвердзіць, што самалёт паразілі ўкраінскія сілы абароны, бо “яшчэ высвятляюць інфармацыю”», – паведамляе «Суспільне».

А Міністэрства абароны Расеі вінаватых ужо вызначыла. У ведамстве заявілі, што самалёт быў збіты дзвюма ракетамі ЗРК, запушчанымі з ваколіцаў паселішча Лыпці Харкаўскай вобласці. Гэта нібыта зафіксавана «радыёлакацыйнымі сродкамі Паветрана-касмічных сілаў Расеі».

Кіраўнік абароннага камітэту Дзяржаўнай думы Андрэй Картаполаў раней сцвярджаў, што ўкраінцы збілі Іл-76 трыма ракетамі:

«Кіраўніцтва Украіны выдатна ведала пра абмен, што рыхтуецца, было праінфармаванае пра тое, якім чынам палонныя будуць дастаўляцца, аднак самалёт Іл-76 быў збіты трыма ракетамі зенітна-ракетнага комплексу або «Patriot», або «IRIS T» нямецкай вытворчасці, адмыслоўцы разбяруцца».

Пры гэтым крыніца агенцтва «Інтерфакс-Україна» сцвярджае, што самалёт разбіўся на ўзлёце, і гэта супярэчыць інфармацыі расейскага боку пра тое, што ваеннапалонных везлі на абмен, то бок Іл-76 мусіў ляцець у Белгарад, а не з Белгараду.

Паводле расейскага праўладнага каналу «SHOT», абмен 192 на 192 асобы меў адбыцца на мяжы ў Белгародскай вобласці.

Hавiны
Ва Украіне загінуў беларускі афіцэр, які ваяваў на баку Расеі – СМІ
2024.01.24 09:51

Арсен Рудэнка, Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў