У Міжнародны дзень юрыстаў, якія знаходзяцца пад пагрозай, беларускія адвакаты падтрымалі зняволеных калег


24 студзеня, калі ў свеце адзначаецца Міжнародны дзень юрыстаў, якія знаходзяцца пад пагрозай, беларускія адвакаты апублікавалі відэа ў падтрымку сваіх зняволеных калег.

Зняволеныя адвакаты: Віталь Брагінец, Аляксандр Данілевіч, Анастасія Лазарэнка, Аляксей Бародка, Юлія Юргелевіч, Максім Знак.
Фота: калаж «Наша Ніва»

У відэа прэзідэнтка Беларускай асацыяцыі адвакатаў правоў чалавека Марыя Колесава-Гудзіліна ад імя ўсёй арганізацыі выразіла падтрымку тым юрыстам, хто зведаў пераслед з-за сваёй прафесіі.

«Сёння мы нагадваем вам пра Максіма Знака, Віталя Брагінца, Аляксея Бародку, Юлію Юргелевіч, Анастасію Лазарэнку і Аляксандра Данілевіча. Іх жыццё – прыклад гонару і годнасці для адвакатаў», – кажа ў сваім звароце Марыя Колесава-Гудзіліна.

Таксама яна нагадала пра тых, хто адышоў ад асноваў адвакацкай этыкі, бо іхная маўклівая згода і падпарадкаванне ўказам Міністэрства юстыцыі – гэта і ёсць «пагроза для адвакатуры ў Беларусі сёння».

«Але мы верым у справядлівасць і ў тое, што кожны ўчынак мае наступствы… Наша барацьба – гэта барацьба за вызваленне нашых калег і за свабоду кожнага чалавека, які жыве пад ціскам і страхам», – адзначыла прэзідэнтка Беларускай асацыяцыі адвакатаў правоў чалавека.

Яна заклікала міжнародную супольнасць адвакатаў і праваабаронцаў, а таксама ўсіх неабыякавых падтрымаць беларускіх адвакатаў у зняволенні, напісаць пра іх у сваіх сацыяльных сетках, расказаць пра іх сваім знаёмым. «Няхай больш людзей даведаюцца, што нашыя адвакаты пад пагрозай», – сказала Колесава-Гудзіліна.

Паводле падлікаў праекта «Права на абарону», з 2020 па 2023 год у Беларусі з-за рэпрэсіяў, якія чыніць рэжым Аляксандра Лукашэнкі, спынілі працу 550 адвакатаў. Амаль 130 адвакатаў, пераважна тых, хто абаранялі палітзняволеных, падпісвалі публічныя звароты або былі прыкмечаныя ў публічнай прасторы, былі пазбаўленыя прафесійнага статусу.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў