Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская заклікае свет адрэагаваць на моцную хвалю рэпрэсіяў супраць былых палітзняволеных і сваякоў палітвязняў. 23 студзеня былі затрыманыя ці прайшлі праз ператрусы прынамсі 84 асобы.
«Я шакаваная сённяшнімі [23 студзеня. – Рэд.] аблавамі беларускага рэжыму на семʼі палітычных зняволеных. Сярод затрыманых – Марына Адамовіч, жонка палітыка Міколы Статкевіча, асуджанага на 14 гадоў пазбаўлення волі. Я заклікаю сусветную супольнасць рашуча адрэагаваць на гэтае злачынства», – напісала Святлана Ціханоўская ў X.
Таксама затрыманыя былы палітвязень Аляксей Раманаў і 76-гадовы актывіст Барыс Хамайда. Дзесяць гадзінаў сілавікі праводзілі ператрус у маці сузаснавальніцы «Dissidentby» Марыны Касінеравай.
У тых, каго ў выніку адпускалі, а не арыштоўвалі, бралі падпіскі аб неразгалошванні.
«Шматлікія сведчанні людзей кажуць пра тое, што сілавікі спрабуюць даведацца, якім чынам людзі атрымлівалі прадуктовую дапамогу ад ініцыятывы «INeedHelpBy» (INHB). Хутчэй за ўсё, інфармацыю пра атрыманне прадуктовай дапамогі сілавікі ўзялі з баз дадзеных еўраоптаўскай «е-дастаўкі». Таксама шукаюць і іншых слядоў дапамогі ад «BYSOL», «By_Help» і іншых структур, якія дапамагаюць палітвязням, – піша сузаснавальнік «BYSOL» Андрэй Стрыжак. – Яшчэ ўчора, пакуль INHB не былі прызнаныя экстрэмістамі, атрыманне такой дапамогі не было аніякай праблемай. Але ўжо сёння сілавікі трасуць перад носам дзясяткаў людзей раздрукоўкамі са спісамі памперсаў, банак кавы і гронак бананаў і дапытваюць, колькі экстрэмізму ў варанай каўбасе ці сланечнікавым алеі. Гэтая рэальнасць гучыць як абсурд».
Арсен Рудэнка belsat.eu