У рэгіёнах вакантныя сотні месцаў у сферы культуры. Каго шукаюць – і якія заробкі прапаноўваюць?


Хваля масавых звальненняў ахапіла практычна ўсе сферы – медыцыну, адукацыю, прамысловасць, культуру. З лістапада мінулага года звольненыя сотні людзей з музеяў, тэатраў, дамоў культуры. Асабліва востра гэта адчуваецца ў раёнах.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: Маладзечна Палац культуры / vk.com

Днямі міністр культуры Беларусі Анатоль Маркевіч заявіў, што як мінімум 300 работнікаў культуры ў краіне звольнілі з-за «дэструктыўнай пазіцыі». Артыкул з гучнымі прызнаннямі хутка выдалілі, але інтэрнэт усё памятае. Агучаная лічба на мінімум 300 чалавек – хутчэй пазначаная ніжняя планка звальненняў. Ідзем на сайт дзяржаўнай службы занятасці і глядзім лічбы ў рэгіёнах. Так, напрыклад, з леташняга лістапада з’явілася 197 вакансіяў «культарганізатар» у раённых дамах культуры. Найбольш вакансіяў з’явілася за студзень, які яшчэ не скончыўся, – 142.

Hавiны
«Галоўнае цяпер – чысціня кадраў». Дзяржслужачыя пра працу «да канца» і рост заробкаў
2021.12.28 11:51

Акампаніятараў патрэбна яшчэ больш – мы знайшлі 222 вакансіі, якія масава пачалі публікаваць са снежня. За няпоўны студзень – 155 вакансіяў.

За апошнія два месяцы звольненыя 35 загадчыкаў раённых клубаў, большасць – 26 вакансіяў – з’явілася таксама ў студзені. Такая прапорцыя – на ўсіх пазіцыях у сферы культуры. І гэта мы глядзім толькі на раёны.

У табліцы – канкрэтныя прыклады ў раёнах, дзе ў мясцовыя раённыя дамы культуры патрэбна ад 10 і больш спецыялістаў. Вакансіі розныя: культарганізатары, метадысты, харэографы, акампаніятары, загадчыкі клубаў, мастацкія кіраўнікі і іншыя. Часта прапаноўваюць вакансіі на 0,5 стаўкі з заробкамі 119–250 рублёў. Найбольш грошай абяцаюць загадчыкам дамоў культуры – да 700 рублёў.

У больш буйных гарадах і абласных цэнтрах сітуацыя не лепшая. Звольнілі некалькі супрацоўнікаў Наваградскага музею, музею Адама Міцкевіча – ён практычна абезгалоўлены. У Ваўкавыскім музеі пасля гучнай смерці дырэктара Канстанціна Шышмакова, які адмовіўся падпісваць выніковы пратакол на выбарах праз відавочныя фальсіфікацыі, да гэтай пары няма новага дырэктара.

Гісторыі
«Я не веру ў суіцыд»: бацькі загінулага дырэктара ваўкавыскага музею распавялі пра сына
2021.03.09 14:58

У гарадзенскім абласным лялечным тэатры акторам Анастасіі Суханосік, Івану Добруку і Аляксандру Анджэеўскаму прапанавалі напісаць заявы аб звальненні паводле пагаднення бакоў. Пасля выбараў і пратэстаў 2020 года з тэатру лялек сышоў актор Аляксандр Рацько, звольнены Віталь Лявонаў, Васіль Прабадзяк і ягоная жонка, Ларыса Мікіна-Прабадзяк, якая доўгі час была галоўнай мастачкай тэатру. Восенню 2020 года больш за 10 актораў звольніліся або былі звольненыя з Гарадзенскага абласнога драматычнага тэатру. Сярод іх – два рэжысёры-пастаноўшчыкі. Звальненні працягнуліся і ў 2021 годзе: у сакавіку драмтэатр не падоўжыў кантракту з акторкаю Аксанай Плікус, у лістападзе з драмтэатру звольніўся харэограф і балетмайстар Аляксандр Цебянькоў, у снежні – фатограф Руслан Хілімончык. Якой культурнай катастрофай гэта абярнулася – можна меркаваць з цяперашніх афішаў гарадзенскага драмтэатру.

КК belsat.eu

Стужка навінаў