Дэпутаты з 10 краінаў падпісалі ліст аб магчымай акупацыі Беларусі


Група дэпутатаў, якая называе сябе «Сябрамі Беларусі», звярнулася да Еўразвязу і Злучаных Штатаў.

Фрагмент ліста «Сяброў Беларусі». 24 студзеня 2021 года.
Фота: lrs.lt

У лісце дэпутаты пішуць: размяшчэнне расейскіх войскаў у Беларусі нясе пагрозу Украіне, Польшчы і Літве, а таксама можа быць часткай канчатковага плану акупацыі Беларусі.

«Далейшая прысутнасць расейскіх узброеных сілаў на патрабаванне нелегітымнага рэжыму Лукашэнкі павінна разглядацца як акупацыя Беларусі. Гэта мусіць быць абсалютна ясна выяўлена ў бягучым дыялогу ЗША і Еўразвязу з Расеяй. Любое дыпламатычнае рашэнне аб стрымліванні магчымай агрэсіі Расеі супраць Украіны не павінна быць коштам незалежнай і дэмакратычнай будучыні Беларусі», – гаворыцца ў лісце.

Гэты зварот падпісалі дэпутаты з парламентаў Злучаных Штатаў, Бельгіі, Ірландыі, Іспаніі, Латвіі, Літвы, Нямеччыны, Польшчы, Украіны і Эстоніі, а таксама польскі дэпутат Еўрапарламенту.

Аналітыка
Сем’і дыпламатаў эвакуююць з Кіева, амерыканцаў у Беларусі папярэдзілі аб небяспецы. Заўтра вайна?
2022.01.24 17:52

Гаворка відавочна ідзе пра пазапланавыя расейска-беларускія вучэнні «Саюзная рашучасць – 2022», якія маюць адбыцца на паўднёвых і заходніх межах Беларусі 10–20 лютага.

Намеснік міністра абароны РФ Аляксандр Фамін 18 студзеня заявіў, што колькасць удзельнікаў вучэнняў і асноўных сістэмаў узбраення не перавышаюць параметраў, якія падлягаюць апавяшчэнню, згодна з Венскім дакументам 2011 года. Паводле гэтага дакументу, каб не ствараць дадатковай напружанасці ў Еўропе, у выпадку правядзення вучэнняў з удзелам больш як 9 тысяч жаўнераў трэба за 42 дні да іх пачатку рассылаць апавяшчэнне (а пры колькасці больш за 13 тысячаў – запрашаць назіральнікаў).

У Беларусь прыбываюць расейскія вайскоўцы, завозяць зенітна-ракетныя комплексы, самалёты-знішчальнікі – агулам толькі на чыгунцы чакаецца 200 эшалонаў. Абавязку вывесці войскі адразу пасля апошняга дня вучэнняў няма – расейскія вайскоўцы могуць застацца на тэрыторыі Беларусі і ў час «рэферэндуму».

ВІДЭА
Непланаваныя ваенныя гульні Лукашэнкі з Пуціным. Ці пачалася расейская акупацыя Беларусі?
2022.01.21 17:32

АА belsat.eu

Стужка навінаў