Лакальныя поспехі расейцаў на розных участках фронту. Што адбываецца ва Украіне?


«Белсат» падводзіць вынікі 668-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 23 снежня чытайце ў нашым аглядзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: прэс-служба 95-й асобнай дэсантна-штурмавой брыгады / Media Center Ukraine

Купянскі і ліманскі кірункі (паўночна-ўсходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

На паўночным усходзе Харкаўскай вобласці працягваюцца баі ў ваколіцах сяла Сынькоўка. Генеральны Штаб Збройных сілаў Украіны паведаміў пра 16 няўдалых атак праціўніка. Пры гэтым самыя вайскоўцы ЗСУ гавораць, што атакі расейцаў цяпер не такія маштабныя, як у папярэднія дні, і абмежаваныя выключна пяхотнымі дзеяннямі.

На суседнім ліманскім кірунку расейцы атакавалі на ўсходзе ад сяла Церны на поўначы Данецкай вобласці і змаглі прасунуцца ўглыб абароны ЗСУ.

Пры гэтым самыя ўкраінцы адзначыліся няўдалымі наступальнымі дзеяннямі каля Торскага і Дзібровы ў Данецкай і Луганскай вобласцях адпаведна.

Бахмуцкі кірунак (лінія фронту ў ваколіцах аднайменнага гораду ў Данецкай вобласці)

На бахмуцкім кірунку, паводле ўкраінскага камандавання, сілы абароны краіны адбілі восем атак праціўніка каля населеных пунктаў Багданаўка, Іванаўскае, Клішчыеўка і Андрэеўка.

Між тым аналітыкі Deepstate гавораць, што расейцы маюць поспех у Багданаўцы і ейных ваколіцах.

Расейскі ваенкар Сямён Пегаў піша, што таксама войскі РФ прасунуліся на паўночным усходзе ад Клішчыеўкі.

Тэлеграм-канал «Два майора» фіксуе рух расейцаў і каля населенага пункту Іванаўскае (на паўднёвым захадзе ад Бахмуту).

Праўкраінскі тэлеграм-канал «Бахмутський Балу» пацвярджае адыход ЗСУ з пазіцыяў у ваколіцах Клішчыеўкі (каля чыгуначнай лініі), а таксама побач з Багданаўкай. Акрамя гэтага крыніца адзначае цяжкія баі ў ваколіцах бахмуцкіх лецішчаў.

У Міністэрстве абароны РФ паведамілі, што самыя Збройныя сілы Украіны 11 разоў атакавалі каля населеных пунктаў Іванаўскае, Кірава, Дылееўка і Георгіеўка ў Данецкай вобласці, але поспеху не дасягнулі.

Аўдзееўскі і мар’інскі кірункі (на поўначы і захадзе ад Данецку)

Разам з тым найбольшая актыўнасць баявых дзеянняў назіраецца ў ваколіцах Данецку.

На паўночным флангу аўдзееўскага кірунку, паводле Генштабу ЗСУ, сілы абароны краіны адбілі 23 атакі расейцаў каля населеных пунктаў Новабахмутаўка, Стэпавое і Андрэеўка. У гэты ж час на паўднёвым флангу УС РФ 17 разоў няўдала атакавалі каля Первамайскага і Невельскага.

На мар’інскім кірунку ўкраінскі бок фіксуе чатыры безвыніковыя атакі войскаў РФ каля Мар’інкі і Пабеды.

У гэты ж час аналітыкі Deepstate гавораць, што расейцы прасунуліся на паўднёвым захадзе Мар’інкі.

У сваю чаргу чаргу Збройныя сілы тры разы атакавалі каля Новаміхайлаўкі – таксама без поспеху.

Бярдзянскі і мелітопальскі кірункі (лінія фронту на поўдні Данецкай вобласці, а таксама ў Запарожскай вобласці)

На паўднёвым захадзе Данецкай вобласці Узброеныя сілы РФ зноў намагаліся прасунуцца на захадзе ад сяла Старамаёрскае, але былі спыненыя ўкраінскімі вайскоўцамі.

На мелітопальскім кірунку актыўнасць расейцаў засяроджаная на выступе па фронце з поўначы ад гораду Арэхаў у Запарожскай вобласці: тут, паводле Генштабу ЗСУ, былі адбітыя ўсе атакі войскаў РФ каля населеных пунктаў Вэрбовае і Работына.

Херсонскі кірунак (лінія фронту ў аднайменным рэгіёне)

На херсонскім кірунку ідуць баі за сяло Крынкі на левым беразе Дняпра, дзе ЗСУ ўтрымліваюць некалькі плацдарм. Прарасейскі тэлеграм-канал «Позывной OSETIN» сцвярджае, што УС РФ занялі некалькі апорных пунктаў украінскіх вайскоўцаў.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Hавiны
Сітуацыя ва Украіне: Збітыя самалёты і захоп расейцамі «Звярынца»
2023.12.22 19:11

Наталля Кулыгіна belsat.eu

Стужка навінаў