Сына затрыманай журналісткі Ларысы Шчыраковай забраў з прытулку ягоны тата


Былы муж палітзняволенай гомельскай журналісткі Ларысы Шчыраковай сабраў неабходныя дакументы і нарэшце змог забраць сына Святаслава з прытулку. Ён аказаўся там пасля затрымання маці.

Лврыса Шчыракова з сынам. Крыніца: Ларыса Шчыракова/Facebook

Падлетак трапіў у прытулак (сацыяльна-пэдагагічны цэнтр) 6 снежня, пасля арышту маці. Тата Святаслава апошнія гады жыў у Новасібірску. Ён прыляцеў, каб забраць сына, бо іншым сваякам яго не аддавалі. Пакуль што яны знаходзяцца ў Гомлі. Святаслаў вучыцца ў 10 класе, яму патрэбная дапамога па матэматыцы і фізіцы.

Нагадаем, былая журналістка Ларыса Шчыракова была затрыманая ўвечары 6 снежня ў Гомлі. На яе завялі крымінальную справу за «дыскрэдытацыю Беларусі» (арт. 369-1 Крымінальнага кодэксу). Ёй пагражае да 4 гадоў пазбаўлення волі.

Ларыса Шчыракова – вядомая ў Гомлі журналістка. Да 2021 года яна супрацоўнічала з шэрагам незалежных выданняў. Раней узначальвала краязнаўчую арганізацыю «Талака», якую ўлады зліквідавалі.

Апошнім часам Ларыса Шчыракова фатаграфавала людзей у народных беларускіх строях.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў