У кампаніі былога прэс-сакратара КДБ Беларусі знайшлі офіс у Польшчы


Былы прэс-сакратар КДБ Беларусі Дзмітрый Пабяржын цяпер з’яўляецца ўласнікам і кіраўніком кампаніі, якая займаецца распрацоўкай кампʼютарных гульняў. І ў гэтай кампаніі ёсць нават офіс у Польшчы, піша Zerkalo.

Дзмітрый Пабяржын.
Фота: Дмитрий Побяржин / Facebook

Паводле звестак BELPOL, Дзмітрый Пабяржын быў кіраўніком прэсавай службы КДБ недзе ў 2016 – 2018 гадах. Пазней яго перавялі на ніжэйшую пасаду загадам старшыні КДБ, бо пра афармленні камандзіровачных ён указаў няправільныя звесткі і атрымаў лішнія грошы. Ці звольніўся ён з КДБ, невядома.

У пачатку 2020 года Пабяржын і палкоўнік КДБ Андрэй Мільчанка сталі фігурантам справы пра бойку, калі быў збіты дырэктар кавярні ў Гомлі. Аднак асуджаны – на сем гадоў – быў толькі Мільчанка.

15 мая 2023 года Пабяржын змясціў на вокладцы сваёй старонкі ў Facebook эмблему гульнявой кампаніі GameMod. Сам ён прадстаўлены як яе кіраўнік і заснавальнік. Паводле адзінага дзяржрэестру, у ТАА «ГеймМод» Пабяржыну належыць 60 % юрыдычнай асобы яшчэ 40 % – Анатолю Пушко. Такія ж уласнікі ў польскай SOO Gamemod, дзе долі паміж Пабяржыным і Пушкам падзеленыя пароўну.

Пушко таксама ўзначальвае кампанію «Пластма-Кансалт», якая раней будавала ў Беларусі дрэваапрацоўныя заводы і ўдзельнічала ў мадэрнізацыі абʼектаў цэлюлозна-папяровай прамысловасці.

Што датычыць «ГеймМод», то да красавіка 2022 года яна называлася «ЮРАНЭКС-бяспека», а яе сфера дзейнасці апісвалася як «кансультаванне ў пытаннях камерцыйнай дзейнасці і іншае кансультаванне ў пытаннях кіравання». Разам з Пабяржыным кампаніяй валодалі Аляксандр Раманоўскі і «Клуб вялікага тэніса».

Раманоўскі – гэта былы супрацоўнік Службы бяспекі Лукашэнкі, які таксама быў саўладальнікам кампаніяў «Глабалкастам-менеджмент» і «Глабалакстам-камерс», звязаных з Віктарам Шэйманам. Пазней гэтыя арганізацыі сталі заснавальнікамі «ГардСэрвісу» – адзінай ахоўнай кампаніі ў Беларусі, якая мае права валодаць агнястрэльнай зброяй.

Яшчэ адзін былы ўладальнік «ГеймМод» (ужо пасля перайменавання) – бацька экс-спікера КДБ Збышак Пабяржын. Да 2000 года ён быў дэпутатам спачатку Вярхоўнага савету, а затым Палаты прадстаўнікоў.

Аб дзейнасці самой GameMod вядома не так шмат. Афіцыйнага сайта ў кампаніі няма. У LinkedIn яна апісваецца як «міжнародная студыя распрацоўкі AAA-гульняў для PC і кансоляў поўнага цыклу». Але крыніцы Zerkalo мяркуюць, што яна не распрацоўвае ўласныя гульні, а займаецца аўтсорсам.

Гісторыі
«Лукашэнкаўскія вагнэраўцы» заняліся будаўнічым бізнесам. Расследаванне «BELPOL»
2023.11.19 11:28

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў