Стартавалі разам – фінішуем паасобку

Чатыры месяцы, як не абнаўляўся Instagram-акаўнт Вольнага аб’яднання беларускіх спартоўцаў («SOS by»). Як удалося высветліць, яго заблакавала нашая знаная баскетбалістка Алена Леўчанка. Толькі яна мае доступ.

Апошні пост у акаўнце «SOS by».
Фота: sos.by / Instagram

Тэкст на развітанне быў такі: «Мы пастанавілі прыпыніць абнаўленне Instagram’у «SOS by», каб выключыць любыя некарэктныя дзеянні ці спекуляцыі ў дачыненні да спартовай супольнасці Беларусі. Важна ведаць, што «SOS by» і BSSF – гэта дзве розныя незалежныя структуры, якія спантанна ўтварыліся ў жніўні 2020 года. […] Ведайце, што любое магчымае зʼяўленне кантэнту ад нашага імя не будзе мець да руху вольных спартоўцаў «SOS by» ніякага дачынення.

Мы гуляем сумленна! І мы працягваем нашую барацьбу!»

Выходзіць, што Радзіма ў нас быццам бы агульная, а быццам бы і ў кожнага свая. Хтосьці лічыць сябе больш годным беларусам, чым іншыя.

Пачыналася ўсё пакрысе. Аляксандра Герасіменя, трохразовая прызёрка Алімпіядаў у плаванні, абвінаваціла кіраўніка, а раней падначаленага ёй як кіраўніцы БФСС Аляксандра Апейкіна ў закрытых схемах дзейнасці на падставе таго, што той не паказаў ёй фінансавых дакументаў. І пайшла з арганізацыі ў красавіку 2022 года.

Іншаму ініцыятару разладу ў БФСС, Міхаілу Залеўскаму, якога калектыў фонду прыняў пазней за іншых і які адным з першых пайшоў з арганізацыі, стала цесна ў адным толькі спорце. Спадар Міхаіл падаўся ў палітыку і стаў намеснікам Паўла Латушкі, які прызначыў яго, праз узгадненне з кіраўніцай Аб’яднанага пераходнага кабінету Святланай Ціханоўскай, адказным за пытанні санкцыйнай палітыкі ў спорце і ўдзелу беларускіх спартоўцаў у спаборніцтвах. Дзіўная ініцыятыва Кабінету Святланы Ціханоўскай і самога Паўла Латушкі дубляваць тое, што Беларускі фонд спартовай салідарнасці рабіў і робіць ужо тры гады. Дый як гэта будзе выглядаць у вачах функцыянераў міжнародных спартовых арганізацыяў? Спачатку з імі перамаўляюцца знаёмыя працаўнікі з БФСС, а потым прыходзіць Міхаіл Залеўскі са структуры Паўла Латушкі і ўздымае тыя ж самыя пытанні. Прычым Залеўскі яшчэ і сябра адмысловай камісіі Міністэрства спорту Польшчы ў пытаннях допуску грамадзянаў Беларусі і Расеі да спаборніцтваў на тэрыторыі краіны. Камісіі, створанай ведамствам Аляксандра Апейкіна. Паводле працаўніка БФСС Анатоля Котава, арганізацыя ў свой час рэкамендавала Залеўскага ў склад камісіі як прадстаўніка сваёй структуры. Але пазней у Мінспорце Польшчы было абвешчана, што са студзеня 2023 года Міхаіл Залеўскі больш не ў гэтым фондзе.

Сцяпан Папоў і Святлана Ціханоўская.
Фота: stepan_fairplay / Instagram

Калі гэта – жаданне адстаўнікоў аддаліцца ад арганізацыі, прызнанай у Беларусі экстрэмісцкім фармаваннем, дык адыход не дапамог. Як вядома, паўтара месяца таму затрымалі і асудзілі на 10 содняў бацькоў і брата Сцяпана Папова. Паралельна з гэтым іх звольнілі з віцебскай абласной СДЮСШАР прафсаюзаў «Волат», дзе яны працавалі трэнерамі па дзюдо і самба.

«Адэкватнасць у Беларусі адсутнічае», – пракаментаваў сітуацыю Сцяпан Папоў. – Пасадзіць пенсіянераў (бацька мае 65 гадоў, а маці – 64) на 10 дзён у камеру без матрацаў за тое, што яны падпісаныя на нейкія каналы, якіх яны нават не глядзяць, або пакараць іх за пазіцыю сына? Атрымваецца, што ўтоптваюць у гразь шматгадовыя дасягненні людзей прыдуманымі ідыёцкімі законамі».

Але і гэта не ахаладзіла амбіцыяў спадара Папова. Ён вярнуўся да расейскай мовы ў сацсетках. Стварыў «FreeSPOrT», не прызнаны пакуль экстрэмісцкім фармаваннем, але не знайшоў магчымасці здзейсніць праз яго сваё жаданне рабіць відэаўрокі самба. Асабіста абвясціў збор: «Усе сродкі, што паступяць на развіццё праекту, не будуць накіраваныя на прапаганду вайны і дыктатуры. Абяцаю выкарыстоўваць іх толькі на развіццё Самба [менавіта так, з вялікай літары!] Для ананімнасці ёсць магчымасць адправіць данаты ў крыптавалюце».

Так і існуюць кожны паасобку: Сцяпан Папоў жыве сваімі мэтамі; Алена Леўчанка – сваімі; Кацярына Сныціна таксама адышла ад агульнай справы; Міхаіл Залеўскі прасоўвае сябе на розных пасадах гэтак, што не зразумела, дзе асабістыя інтарэсы, а дзе грамадскія; Аляксандра Герасіменя ўсцяж здымае пару плавальных дарожак у басейне прадмесця Варшавы для навучання дзяцей плаванню.

Бачым сітуацыю, калі вольныя спартоўцы ўчыстую прайгралі бой праўладным атлетам. Бо не пасварыліся ж Анастасія Мірончык-Іванова з Максімам Недасекавым, Максім Мірны – з Уладзімірам Валчковым ці Вікторыя Азаранкай, Яніна Карольчык – з Іванам Ціханам. Што гэта, стома ад вымушанай і ўжо даволі працяглай эміграцыі – ці высоўванне на пярэдні план уласных амбіцыяў? Так ці інакш, Вольнае аб’яднанне спартоўцаў ужо зусім не аб’яднанне. Выязджалі разам і супольна – вяртацца будзем, адводзячы вочы адно ад аднаго. Думаю, найлепшым крытэрам для кожнага з нас, датычных да беларускага спорту, будзе момант надыходу перамогі. Ці забудуцца старыя крыўды і непаразуменні? Менавіта той час і высветліць: хто быў і застаўся годнай асобаю – а хто не будзе лічыцца такою асобаю ўжо ніколі.

Алесь Пуціла belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў