Расея нанесла масіраваныя ракетныя ўдары па Украіне, адзначаны шматлікія пападанні па абʼектах крытычнай інфраструктуры. У першую чаргу пашкоджаны энергетычныя абʼекты, аварыйна спынена Паўднёва-Украінская АЭС, адключаны энергаблокі яшчэ некалькіх АЭС, без электрычнасці засталіся Кіеў, абласныя цэнтры і ўся Малдова. Ёсць загінулыя і пацярпелыя.
Паводле UNIAN, па стану на 16:00 кіеўскага часу з-за расейскага ракетнага абстрэлу без электрычнасці цалкам альбо часткова засталіся Кіеў, Харкаў, Днепр, Львоў, Крывы Рог, Роўна, Луцк, Мікалаеў, Адэса, Сумы, Палтава, Міргарад, Хмяльніцкі, Жытомір. У Кіеве, Харкаве і Львове прыпынена водазабеспячэнне. Па ўсё краіне па звестках «Укрзалізніцы» назіраецца затрымка руху цягнікоў.
Аб масавых перабояў электразабеспячэння па ўсёй тэрыторыі Малдовы паведаміў віцэ-прэмʼер і міністр інфраструктуры і рэгіянальнага развіцця Андрэй Спыну. Гэта звязана з расейскімі ўдарамі па Украіне, адкуль Малдова атрымлівала электрычнасць.
З-за зніжэння частаты ў энергасістэмах Украіны ў выніку сённяшняга расейскага ракетнага ўдару было спынена сілкаванне ўласных патрэб Запарожскай АЭС з энергасістэмы. Як адзначаюць у прэс-службе «Энергаатома», станцыя перайшла ў рэжым поўнага блэкаўта. Усе дызель-генератары – у працы. Радыяцыйны фон на пляцоўцы ЗАЭС застаецца ў норме.
Акрамя таго, у кампаніі распавялі, што таксама з-за зніжэння частаты ў энергасістэме Украіны на Ровенскай, Паўднёва-Украінскай і Хмяльніцкай АЭС спрацавала аварыйная абарона, у выніку чаго ўсе энергаблокі былі аўтаматычна адключаны. Зараз яны працуюць у праектным рэжыме, без генерацыі ў энергасістэме. Радыяцыйны фон на пляцоўках АЭС і прылеглых тэрыторыях не змяніўся, усе паказчыкі ў норме.
Раней паведамлялася, што на Паўднёва-Украінскай АЭС аварыйна спынены ўсе тры энергаблокі. Як паведаміў спікер «Энергаатома» Леанід Алейнік, прычынай гэтага з’яўляецца разбурэнне электрасетак, перадае РБК-Украіна.
«Гэта звязана з разбурэннем сетак. Са станцыяй усё добра. Некуды выдаваць электраэнергію», – заявіў ён.
«Энергаатам» пацвердзіў інфармацыю, паведаміўшы, што на Паўднёва-Украінскай АЭС спрацавала аварыйная абарона, з-за чаго ўсе энергаблокі былі аўтаматычна адключаныя: «Пакуль яны працуюць у праектным рэжыме, без выпрацоўкі ў айчынную энергасістэму. Радыяцыйны фон на пляцоўках АЭС і прылеглых тэрыторыях не змяніўся, усе паказчыкі ў норме. Як толькі нармалізуецца праца энергасістэмы, выдача электраэнергіі з АЭС будзе адноўлена».
Энергаблокі Хмяльніцкай атамнай электрастанцыі таксама адключаны ад энергасістэм. Аб гэтым паведаміў кіраўнік Хмяльніцкай АВА Сяргей Гамалій. Таксама Гамалій дадаў, што ў выніку ракетных удараў па аб’ектах інфраструктуры электрасеткі выключаны, пакуль адсутнічае напружанне ў большасці населеных пунктаў. Акрамя таго, частка горада Хмяльніцкага без вады.
У Кіеве ад ракетных абстрэлаў загінулі тры чалавек і шасцёра пацярпела, паведамляе Кіеўская ваенная адміністрацыя. Кіраўнік Кіеўскай АВА Аляксей Кулеба пазней удакладніў, што у горадзе пацярпела не менш за 20 чалавек.
У Кіеўскай вобласці ракета ўдарыла ў шматпавярховы дом, пачаўся пажар, працуюць ратавальнікі. Аб гэтым ў сваім тэлеграм-канале паведаміў начальнік паліцыі вобласці Андрэй Небутаў.
Паведамляецца, што ракетныя ўдары па Украіне нанеслі стратэгічныя бамбардзіроўшчыкі Паветранна-Касмічных сілаў Расеі, выпусціўшы «шмат ракет». Адразу ў некалькіх вобласцях спрацавала сістэма супрацьпаветранай абароны. Па дадзеных кіраўніка Мікалаеўскай АВА Віталя Кіма, Расея падняла ў неба не менш за 9 бамбардзіроўшчыкаў Ту-95. Авіяцыя ў раёне Марыюпаля выпусціла мінімум 5 ракет.
Львоў застаўся без святла з-за масіраванага ракетнага абстрэлу. Пра гэта паведаміў мэр Львова Андрэй Садавой. «Увесь горад – без святла. Чакаем дадатковую інфармацыю ад энергетыкаў. Могуць быць перабоі з водазабеспячэннем. Заставайцеся ў хованках», – напісаў ён.
Пазней Садавой зазначыў, што трамваі і тралейбусы ў горадзе не курсуюць: «Пасля завяршэння трывогі на дарогі выпусцім дадатковыя аўтобусы». Таксама з-за адсутнасці электраэнергіі ў Львове часова прыпынена падача ацяплення і вады. «Пераходзім на працу дызель-генератараў», – дадаў мэр Львова.
Як паведаміў кіраўнік Львоўскай АВА Максім Казіцкі, зафіксавана два ракетныя ўдары па электрападстанцыі ў Львоўскай вобласці: «Явараўскі, Львоўскі і Чырвонаградскі раёны без электраэнергіі. З-за ракетнага ўдару па энергетычным абʼекце ў вобласці прымяняюць экстраныя адключэнні электраэнергіі. Графікі планавых адключэнняў не дзейнічаюць». Паводле Казіцкага, без электрычнасці застаюцца каля 1,5 мільёна жыхароў Львова і вобласці.
Антон Тачняк belsat.eu