Служба бяспекі Украіны паведаміла пра затрыманне Вячаслава Багуслаева – прэзідэнта буйнога заводу «Мотор Січ», экс-дэпутата Вярхоўнай Рады, аднаго з самых багатых людзей краіны. Таксама затрыманы начальнік Дэпартаменту вонкаваэканамічнай дзейнасці гэтага прадпрыемства.
Іх затрымалі ў межах справы аб незаконных пастаўках тавараў ваеннага прызначэння для расейскай штурмавой авіяцыі.
У СБУ сцвярджаюць, што былі наладжаныя каналы незаконных паставак аптовых партыяў украінскіх авіяцыйных рухавікоў у Расею. Прадукцыя выкарыстоўвалася расейцамі для вытворчасці і рамонту ўдарных верталётаў тыпу Мі-8АМТШ-ВН «Сапсан», Ка-52 «Алігатар», Мі-28Н «Начны паляўнічы», што ўдзельнічаюць у вайне супраць Украіны. Пастаўкі былі арганізаваныя праз падкантрольныя структуры ў краінах Блізкага Ўсходу, Еўропы і Ўсходняй Азіі, сцвярджае следства
Багуслаеву і ягонаму топ-менеджару было выстаўлена падазрэнне па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу Украіны – «калабарацыйнай дзейнасць» (арт. 111-1) і «пасобніцтва дзяржаве агрэсару» (арт. 111-2). У СБУ лічаць, што падазраваныя дзейнічалі ў змове з набліжанымі да Крамля прадстаўнікамі Растэха.
Глеб Нержын belsat.eu