У Гомельскай вобласці заўважылі іранскіх вайсковых інструктараў, сцвярджаюць Сілы спецаперацыяў ЗСУ


Групу іранскіх інструктараў, афіцэраў Корпусу вартавых ісламскай рэвалюцыі пад аховай расейскай Нацыянальнай гвардыі і афіцэраў Федэральнай службы бяспекі, бачылі ў сяле Мікулічы Гомельскай вобласці, паведамілі 23 кастрычніка Сілы спецыяльных аперацыяў Збройных сілаў Украіны. 

У паведамленні спасылаюцца на «інфармацыю ад беларускіх партызанаў». Тыя сцвярджаюць, што гэтыя самыя інструктары каардынавалі запускі іранскіх беспілотнікаў «Shahed-136» па аб’ектах інфраструктуры Кіеўшчыны і па паўночных і заходніх вобласцях Украіны. Таксама са спасылкай на «мясцовае падполле» сцвярджаецца, што «расейцы цалкам узялі на сябе кантроль над авіябазамі ў Баранавічах і Лідзе і працягваюць выкарыстоўваць іх для нанясення ўдараў па тэрыторыі Украіны».

Раней у публічных крыніцах не паведамлялася пра іранцаў у Мікулічах. Праект «Беларускі Гаюн», які збірае інфармацыю пра дзеянні расейскіх войскаў у Беларусі, не раз заяўляў, што не мае пацверджанняў запуску з Беларусі іранскіх «дронаў-камікадзэ» або нават іх завозу ў Беларусь, хоць дапускае, што іранскія дроны маглі завезці пасажырскім самалётам, які да Беларусі лётаў у Іран. Некаторыя паведамленні пра іранскія дроны ў Беларусі аказваліся фэйкамі. Праект пры тым піша, што запускі дронаў, у адрозненне ад запускаў ракет, цяжка заўважыць з зямлі.

Таксама «Гаюн» не заўважаў поўнага кантролю расейскіх войскаў над авіябазамі ў Баранавічах і Лідзе, хоць адзначаў, што іх выкарыстоўваюць для трэнаванняў расейскіх пілотаў (не выключана, што для вайны ва Украіне) і што ў Баранавічы прыбылі расейскія знішчальнікі.

Hавiны
На аэрадром у Баранавічах прыбылі расейскія знішчальнікі
2022.09.29 15:34

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў