Сацыяльная сетка, кам’юніці-платформа, фандрэйзінг. Павел Лібер пра «Digital Belarus»


Адзін са стваральнікаў платформаў «Голас», «еЗдароўе» і «LegalHub», які цяпер займаецца праектам электроннай Беларусі, для артыкулу назваўся проста інжынерам. Мы сустрэліся з Паўлам Ліберам у Варшаве, напярэдадні ягонай тэставай прэзентацыі «Digital Belarus», каб разабрацца, на якім этапе цяпер гэты праект – і што ён дасць звычайным беларусам.

Павел Лібер, адзін са стваральнікаў платформы «Голас», «еЗдароўе», «LegalHub» і «Digital Belarus». Варшава, Польшча. 8 кастрычніка 2022 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Павел прызнаецца, што палітычных амбіцыяў не мае, хоць і стварае платформу, дзе можна будзе не толькі рабіць ахвяраванні і ствараць свае праекты, але і галасаваць, пераводзіць грошы ды здзяйсняць іншае:

«Мы ствараем праекты, што працуюць наўпрост з людзьмі. У гэтым заўжды ёсць палітычны складнік, бо палітыкі таксама працуюць з людзьмі. Спрабуем зрабіць сінэргію добрай тэхналогіі, здольнай прывабіць людзей, і палітычнага кампаненту, каб можна было пашырыць гэтую тэхналогію за межы Беларусі».

«Супольнасць, што здолее групавацца вакол зразумелых задачаў»

«Ідэя «Digital Belarus» – гэта пра тое, каб стварыць супольнасць, што здолее групавацца вакол зразумелых задачаў. Каб людзі бачылі, дзе і як яны могуць далучыцца да пэўнай справы. Калі будзе нармальнае паразуменне, што ты нешта робіш з іншымі людзьмі, бачыш вынікі і нешта атрымліваеш, то, безумоўна, гэта будзе мець плён», – адзначыў наш суразмоўца.

Яшчэ адна тэма, якую бяруцца развязаць стваральнікі «Digital Belarus», – галасаванне.

«Нам увесь час прапаноўваюць прагаласаваць за нейкіх новых людзей. Напрыклад, у Каардынацыйную раду… А я не ведаю, каго туды абіраць, я паловы гэтых людзей не ведаю ўвогуле. Я хачу галасаваць за дзеянні. Вядома, за дзеяннямі будзе стаяць чалавек, які возьме на сябе адказнасць. Але я найперш хачу зразумець, якія будуць дзеянні, не проста бачыць імя і прозвішча. Гэтая экасістэма мае палітычны кантэкст, бо яна сімулюе дзеянні ў рэальнай краіне. Натуральна, нейкіх інстытутаў не будзе – паліцыі, напрыклад. Можа, гэта і някепска», – разважае стваральнік праекту.

Павел Лібер, адзін са стваральнікаў платформы «Голас», «еЗдароўе», «LegalHub» і «Digital Belarus». Варшава, Польшча. 8 кастрычніка 2022 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Павел Лібер хоча, каб «Digital Belarus» стала сумессю сацыяльнай сеткі, кам’юніці-платформы, фандрэйзінг-платформы і палітычных інстытутаў:

«Кожная краіна – гэта некалькі слаёў: грамадства, эканоміка і палітычныя інстытуты. Каб прывабіць грамадства, трэба насамрэч моцна пастарацца. Калі б мы зрабілі гэтую платформу ў кастрычніку 2020 года, проста б усе беларусы прыйшлі, бо людзі хацелі рабіць хоць штосьці. Цяпер людзі стаміліся, выпалі з парадку дня, павыдалялі чацікі, таму мы пачынаем збіраць супольнасць не адразу вакол палітычных рэчаў, а праз сустрэчы, узаемадапамогу, культурніцкія падзеі.

Так, мы – беларусы, нас раскідала па ўсім свеце, цяпер маем наладжваць гарызантальныя сувязі адно да аднаго.

Наступны слой – эканамічны, калі беларусы могуць даваць працу адно аднаму ў галіне медыцыны, юрыдычных і іншых паслуг, сэрвісаў. І мы разам рухаемся да агульнай мэты, таму далей у нас з’яўляюцца палітычныя інстытуты. У ідэальным свеце – гэта арганізацыі, якія ведаюць, куды далей рухацца і як. Не факт, што яны будуць, і што ўсе крокі будуць правільныя, але гэты шлях трэба прайсці. Бессэнсоўна чакаць планаў і простых адказаў. Гэта эвалюцыя любога грамадства».

Ці будуць новыя пашпарты?

У «Digital Belarus» ужо існуе і стала працуе медычны складнік – онлайнавыя кансультацыі з медыкамі «еЗдароўе», юрыдычны – бясплатная дапамога правазнаўцаў паводле беларускага заканадаўства, таксама пошук працы і мапа беларускіх бізнесаў за мяжою.

Адна з задачаў платформы – падтрымліваць праекты, якія ўжо існуюць. Так, у дадатку можна будзе даведацца пра ініцыятыву «ByWork», што дапамагае беларусам у Польшчы знайсці працу і плануе такім жа чынам працаваць і ў іншых краінах.

Павел Лібер, адзін са стваральнікаў платформы «Голас», «еЗдароўе», «LegalHub» і «Digital Belarus». Варшава, Польшча. 8 кастрычніка 2022 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«Ініцыятывы ўвесь час узнікаюць. Мы бачым «Digital Belarus» як агрэгатар і акселератар усяго добрага і карыснага, што можа быць ад беларусаў беларусам», – падкрэсліў наш суразмоўца.

Думкі наконт сваіх пашпартоў, выдадзеных структурамі дэмакратычнай Беларусі, у стваральнікаў праекту ёсць. Праўда, гэта справа вельмі доўгага часу, і Павел спадзяецца, што «мы вернемся дадому раней».

Спадар перакананы, што свой шлях з усімі памылкамі і нягодамі беларусы маюць прайсці самастойна:

«Гэтая гісторыя з пашпартамі… Як людзей будуць пазбаўляць грамадзянства. «А давайце нам падораць пашпарты з Пагоняй і правам заезду ў любую краіну». Калі б было так лёгка зрабіць пашпарт віртуальнай краіны, то ў свеце было б мільён такіх краінаў. Нам прыйдзецца працаваць самастойна. Што мы можам зрабіць? З дапамогаю лічбавых інструментаў спрасціць узаемадзеянне людзей у працэсе гэтай працы».

«Digital Belarus» не будзе цалкам замяняць краіну, аднак дазволіць супольнасці людзей развязваць пэўныя пытанні.

«Вакол чаго гэты праект? Вакол таго, што ніхто не дапаможа беларусам, акрамя саміх беларусаў. Апошнія два гады вельмі добра гэта паказалі. Гэта значыць, што беларускай супольнасці трэба навучыцца самаарганізоўвацца і працаваць на сістэмным узроўні. Нармальная сістэма людзей, якія падтрымліваюць адно аднаго, у тым ліку і фінансава», – падкрэслівае Лібер.

Асобнае месца ў планах стваральнікаў «Digital Belarus» займае адукацыя. Яна выйдзе ў выглядзе асобнай платформы ў другой версіі праекту і дазволіць настаўнікам і выкладчыкам навучаць малых і маладых беларусаў онлайн.

Павел Лібер, адзін са стваральнікаў платформы «Голас», «еЗдароўе», «LegalHub» і «Digital Belarus». Варшава, Польшча. 8 кастрычніка 2022 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«Ёсць вельмі шмат сем’яў, якія выехалі за мяжу, і бацькі хочуць, каб дзеці працягвалі вывучаць мову, літаратуру і гісторыю хаця б беларускую. Да таго ж гэта павысіць дасяжнасць адукацыі для людзей, якія жывуць не ў Менску ці не ў абласных гарадах. У нас тое самае было з «еЗдароўе», калі аўдыторыя з рэгіёнаў не магла паехаць у сталіцу, але атрымала магчымасць пракансультавацца онлайн з менскім лекарам.

І нам цікава, каб настаўнікі зараблялі грошы. Бо сацыяльная гісторыя – гэта вельмі добра, але на хлеб яе не намажаш», – праводзіць паралель Лібер.

Адкуль грошы?

На гэты момант «Digital Belarus» ствараецца высілкамі валанцёраў і за ўласныя грошы. Гэтага хапіла, каб запусціць платформу, але надалей яе фінансаваць трэба будзе іншым чынам. Магчыма, будзе збірацца камісія з праектаў – на падтрыманне працы платформы. Або ў Беларусі з’явіцца свая плацежная сістэма.

«Гэта даволі проста зрабіць, мы мелі партнёра. Але пасля пачатку вайны Беларусь трапіла пад санкцыі, і адразу некалькі партнёраў адмовіліся. Мы знайшлі іншых, але яны здолеюць нешта запусціць толькі бліжэй да канца лютага ці сакавіка. Фактычна, гэта будзе аналаг «Revolut» ці «Paysera», які будзе працаваць для беларусаў у Беларусі. Гэта вельмі істотная рэч.

Па-першае, гэта спрашчае пераводы грошай праз мяжу, і можна будзе падтрымліваць сяброў, сваякоў і ўсіх астатніх унутры краіны. Па-другое, гэта змяншае рызыкі для людзей праз іхныя трансакцыі з краіны.

Бо мы памятаем, як блакавалі людзей, хто рабіў данаты на «BYSOL». Таму на «еЗдароўе» мы адмыслова забаранілі плацяжы з Беларусі і згубілі шмат данатаў, але запэўнілі бяспеку людзей. Свая сістэма спросціць гэтыя моманты», – распавядае Лібер.

Які ўрок быў у 2020 годзе?

Лібер мяркуе, што стваральнікі праекту не ставяць сабе амбітных мэтаў:

«Цяпер не 2020 год, і нельга, як тады ў «Голасе», набраць за два тыдні больш за мільён чалавек. Таму калі за тры гады назбіраецца на платформе 500 тысяч – мы будзем гэта лічыць вялікім поспехам».

Павел Лібер, адзін са стваральнікаў платформы «Голас», «еЗдароўе», «LegalHub» і «Digital Belarus». Варшава, Польшча. 8 кастрычніка 2022 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Стваральнік «Digital Belarus» перакананыя, што развагі пра беларускую вывучаную бездапаможнасць не маюць пад сабой глебы менавіта праз падзеі 2020 года і пазнейшыя:

«Гэты год стаў для грамадства істотным урокам, што недастаткова проста выйсці на вуліцы ў любой колькасці. Мы паспрабавалі – не атрымалася, але гэта не значыць, што наступныя сто гадоў ніхто нічога не робіць. Мы наступны раз выйдзем і скажам, што калі нанова нічога не атрымаецца, то пад’едуць хлопцы з боку Польшчы і Літвы на 50 джыпах. Можа, і гэта не атрымаецца, тады будзем іншае спрабаваць. Гэта шлях, які трэба ісці. Самае страшнае – зрабіць памылку і не рабіць нічога».

Праца над «Digital Belarus» доўжыцца ўжо больш за год. Павел Лібер прызнаўся, што за гэты час шмат што памянялася ў праекце і вымагае вялікіх высілкаў, бо хутка такія справы не робяцца. Рэліз праекту плануецца праз месяц, функцыянальна платформа амаль цалкам працуе.

На пытанне, ці хацелася ўсё кінуць ад стомы, Павел прызнаўся, што забараніў сабе дні роспачы:

«Калі ты інжынер, то можаш так зрабіць. Да перамогі я сабе такія дні забараніў».

Марыя Мурашка belsat.eu

Стужка навінаў