«Не як у фільмах пра Другую сусветную». У ЗСУ заявілі, што прарвалі расейскую абарону блізу дэакупаванага Работына


Камандуючы аператыўна-стратэгічнай групоўкаю «Таўрыя» Аляксандр Тарнаўскі паведаміў, што ЗСУ прарвалі расейскую абарону каля Вэрбовага на ўсход ад дэакупаванага паселішча Работына. «І мы працягваем наступ», – сказаў генерал у каментары CNN.

ЗСУ прарвалі расейскую абарону каля Вэрбовага.
Фота: pravda.com.ua

«На левым флангу ў нас прарыў, і мы працягваем наступаць далей. Не так хутка, як чакалася, не як у фільмах пра Другую сусветную. Галоўнае – не страціць гэтай ініцыятывы», – сказаў генерал Аляксандр Тарнаўскі, які кіруе контрнаступам украінскіх войскаў на паўднёвым фронце.

Ён таксама назваў найбліжэйшую мэту ЗСУ: вызваленне гораду Такмаку. І гэта будзе найбуйнейшы прарыў цяперашняга наступу. Расейскія сілы абапіраюцца там на глыбіню сваёй лініі абароны:

«Ідзе злучэнне невялікіх груповак абароны ворага, якія наносяць пашкоджанні, яны цяпер размешчаныя вельмі дакладна і слушна. Але дзеянні нашых ваяроў прымушаюць іх павольна адступаць, калі тыя сутыкаюцца з нашымі штурмавымі падраздзяленнямі».

У размове з амерыканскім тэлеканалам CNN Тарнаўскі таксама выказаў упэўненасць, што асенне-зімовая непагадзь не замарудзіць контрнаступу. Размоклая глеба сапраўды ўскладніць рух цяжкой тэхнікі, напрыклад танкаў, але ЗСУ, як растлумачыў генерал, рухаюцца невялікімі групамі, у асноўным пехатою.

Вызваленне Работына Мінабароны Украіны пацвердзіла ў канцы жніўня. Там была адная з ключавых умацаваных зонаў акупантаў. Узяцце Работына адкрыла перспектывы вызваліць Такмак – стратэгічна важны лагістычны вузел.

Аналітыка
У чаканні бітвы за Такмак. Тлумачым, чаму контрнаступ ЗСУ ўваходзіць у ключавую фазу
2023.08.26 08:00

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў