Усіх адвакатаў у Беларусі абавяжуць прынесці прысягу


Міністр юстыцыі Беларусі Сяргей Хаменка падчас пашыранага паседжання рады Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў, якое адбылося 22 жніўня, заявіў пра неабходнасць прывядзення да прысягі адвакатаў, прынятых у калегію да 2017 года.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Беларускія адвакаты, якіх прынялі ў Рэспубліканскую калегію, працуюць без прысягі, бо норма аб прынясенні прысягі была дададзеная ў Закон аб адвакатуры ў 2017 годзе. Гэтую сітуацыю і хоча паправіць Міністэрства юстыцыі ды абавязаць прынесці прысягу ўсіх адвакатаў.

Міністр юстыцыі Сяргей Хаменка прапанаваў правесці адмысловую ўрачыстую цырымонію прынясення прысягі адвакатамі, якія пакуль працуюць без яе. Прымеркаваць падзею хочуць да нейкага дзяржаўнага свята.

Намеснік міністра юстыцыі Мікалай Старавойтаў распавёў на паседжанні аб прафілактычнай працы, якая была праведзеная сярод адвакатаў у тэрытарыяльных калегіях і нібыта дала значны станоўчы вынік. Сяргей Хаменка таксама выказаўся аб «падтрыманні дысцыпліны і законнасці ў адвакацкай супольнасці».

У 2021 годзе ў беларускі Закон аб адвакатуры былі ўнесеныя змяненні. З таго часу адвакаты могуць працаваць толькі пры юрыдычных кансультацыях. Загадчыкі кансультацыяў прызначаюцца толькі пасля ўхвалення кандыдатуры Мінюстам.

Каментар
Каб сталі «маўклівымі спецыялістамі». Як улады помсцяць адвакатам за іх прафесійную дзейнасць
2023.05.11 21:09

Адвакаты ў Беларусі рэгулярна трапляюць пад рэпрэсіі з боку ўладаў – іх пазбаўляюць ліцэнзіі ды пераследуюць за абарону палітвязняў. Паводле ініцыятывы «Права на абарону», з пачатку 2020 года колькасць адвакатаў у Беларусі зменшылася больш чым на 500 чалавек – з 2200 да 1650. На сайце ініцыятывы прыводзяцца прозвішчы 10 адвакатаў, якія цяпер пад крымінальным пераследам.

Беларуская асацыяцыя адвакатаў правоў чалавека адзначала, што да 300 адвакатаў самастойна сышлі з прафесіі, бо не пажадалі працягваць практыку ва ўмовах рэпрэсіяў.

Hавiны
Беларуская незалежная асацыяцыя адвакатаў правоў чалавека заявіла аб пачатку дзейнасці
2023.04.12 16:34

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў