У Польшчы затрымалі чарговую партыю кантрабандных цыгарэтаў з Беларусі – амаль на $ 2 млн


На Падляшшы знайшлі амаль паўмільёна пачак беларускіх цыгарэтаў, замаскаваных пад партыю шклопакетаў.

Падляскія памежнікі выявілі на памежным пераходзе ў Кузніцы кантрабандную партыю з 485 тысяч пачак беларускіх цыгарэтаў, якіх перавозілі як партыю шклопакетаў.

На відэа памежнікаў бачна, што за сапраўднымі шклопакетамі былі пустыя рамы, у якіх складзеныя скрыні з лагатыпам ГТФ «Нёман».

Партыю ацанілі на 7,3 млн злотых – гэта каля 1,86 млн долараў. Калі б цыгарэты прадалі на тэрыторыі Польшчы, дзяржава страціла б 12 млн злотых (3 млн долараў) нясплачаных падаткаў.

Затрымалі кіроўцу грузавіка, 33-гадовага беларуса. Яму пагражае пакаранне ад штрафу да 5 гадоў турмы.

Выяўленне буйных партыяў кантрабанды – не рэдкасць. Напрыклад, у канцы ліпеня ў Літве затрымалі партыю беларускіх цыгарэтаў на 1,9 млн еўраў, табачныя вырабы маскавалі пад партыю морквы і дынь, і яшчэ адну партыю на 3,6 млн еўраў, якую маскавалі пад груцу і брыкеты з апілак. Таксама ў ліпені і палякі, і літоўцы злавілі партыі кантрабандных цыгарэтаў на 2,3 млн долараў і 1,9 млн еўраў адпаведна, іх маскавалі пад партыю дошак у падобных скрынях.

АА belsat.eu

Стужка навінаў