У Афганістане не здалася адна правінцыя. Талібы выставілі ўльтыматум

У правінцыі Панджшэр, што на поўначы ад Кабула, з «Талібанам» гатовыя змагацца атрады, на чале якіх – сын вядомага палявога камандзіра, які змагаўся спачатку з саветамі ў 80-х, а потым з талібамі ў 90-х.

Ахмад Масуд, 32-гадовы сын колішняга камандзіра антыталібскага «Паўночнага альянсу» Ахмада Шага Масуда, заявіў у звароце 22 жніўня, што даліна Панджшэр не будзе перададзеная «Талібану» і што байцы супраціву гатовыя змагацца, перадае тэлеканал «аль-Арабія».

«Мы змагаліся з Савецкім Саюзам, мы будзем здольныя выступіць супраць «Талібану», – казаў Ахмад Масуд.

 

 

Гэткім чынам ён адказаў на ўльтыматум талібаў: яны давалі чатыры гадзіны на тое, каб здаць даліну і правінцыю. Пры тым ён дадаў, што гатовы дараваць талібам забойства яго бацькі ў 2001 годзе, калі будуць выкананыя ўмовы для міру і бяспекі ў Афганістане.

Струмень уцекачоў шукае выйсце. Спыталі экспертаў, што адбываецца на межах Афганістану

Масуд паабяцаў, што вайна будзе «непазбежнай», калі талібы адмовяцца ад дыялогу. Раней ён казаў, што да захопу ўлады талібамі рыхтаваліся, маюць запасы зброі, якія збіралі з часоў забойства яго бацькі.

«Талібан» цяпер кантралюе амаль увесь Афганістан – акрамя правінцыі Панджшэр. Сталіца здалася ім без бою 15 жніўня, урад уцёк. Разам з Масудам застаўся віцэ-прэзідэнт Афганістану Армула Салех і некаторыя вайскоўцы, якія не захацелі здавацца талібам.

Віцэ-прэзідэнт Афганістану Амрула Салех абвесціў сябе кіраўніком краіны і заклікаў змагацца з талібамі

АА belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны