Падрабязнасцяў пакуль няма, але міністр піша, што на дапамогу памежнікам таксама прышлюць больш вайскоўцаў.
23 жніўня міністр абароны Польшчы Мар’юш Блашчак паведаміў у Twitter, што на мяжы з Беларуссю паставяць «новы, салідны плот вышынёй 2,5 м». Ён паабяцаў неўзабаве раскрыць падрабязнасці адносна далейшага ўдзелу Сілаў абароны Польшчы ў дапамозе памежнікам.
Працягласць беларуска-польскай мяжы – амаль 400 км, але частка праходзіць па рэках. На мяжы дзейнічае 13 пунктаў пераходу.
Рашэнне пра сцяну было агучанае на фоне міграцыйнага крызісу, вінаватым у якім у Еўразвязе называюць рэжым Аляксандра Лукашэнкі.
За пару гадзінаў да заявы Блашчака Лукашэнка казаў кіраўнікам краінаў Арганізацыі дамовы калектыўнай бяспекі, што гэта не ён, а Польшча вінаватая ў канфлікце вакол уцекачоў, якія ўжо два тыдні сядзяць пад польскай мяжой – іх не пускаюць у Польшчу польскія памежнікі, а беларускія памежнікі не даюць сысці з-пад мяжы. Польшча прапаноўвала Беларусі гуманітарную дапамогу для гэтых людзей.
У сувязі з міграцыйным крызісам Літва ўсталявала на мяжы з Беларуссю калючы дрот (Польшча дапамагла Літве з верталётам для памежнікаў, Украіна і Эстонія дапамаглі з дротам). Памежнікі Літвы цяпер прапаноўваюць усталяваць чатырохметровы сеткаваты плот. Латвія ўвяла на мяжы з Беларуссю рэжым надзвычайнага становішча.
АА belsat.eu