Ад каліноўцаў да Пазняка: вандруем па месцах беларускага нацыянальнага руху. Частка 1


Большая частка лета ўжо прайшла, таму калі вы адкладалі паездку па Беларусі, самы час адправіцца ў дарогу. Нашая краіна багатая на маршруты на любы густ – для аматараў гісторыі, прыроды ці архітэктуры. Мы ж прапаноўваем адкрыць для сябе тую Беларусь, якою варта і трэба ганарыцца, і адправіцца ў вандроўку па мясцінах беларускага нацыянальнага руху.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Від на Беларускую АЭС з вёскі Варняны, Гарадзенская вобласць, Беларусь.
Фота: Белсат

Наведаем месцы, звязаныя з выбітнымі постацямі, адукаванымі і неабыякавымі людзьмі-рэфарматарамі, якія жылі, абганяючы час, і шмат зрабілі для развіцця і падтрымання беларускай нацыянальнай ідэі. Часта – у вельмі складаных, неспрыяльных умовах, але заўсёды – з вялікай любоўю да беларусаў і сваёй зямлі.

Гісторыі
Яны бачылі сваёй марай вольную Беларусь: вандруем па месцах беларускага нацыянальнага руху. Частка 2
2022.07.24 10:30

Вёска Слабодка каля Астраўца: вялізны меч на памяць аб паўстанні Каліноўскага

Выпраўляемся з Менску на захад. Першы пункт нашага падарожжа – вёска Слабодка. Побач з ёй на высокім пагорку знаходзім вялікі крыж з шэрага каменю ў выглядзе гіганцкага мяча, загнанага вастрыём у зямлю. На ім бачым паўстанцкі пароль «Каго любіш?», напісаны лацінкай і кірыліцаю, на дзяржальне мяча – выява Пагоні. Уторкнуты ў зямлю меч азначае, што бітва закончаная, трэба пахаваць памерлых і захоўваць памяць пра іх.

Гэты крыж усталявалі ў 2013 годзе ў гонар 150-годдзя паўстання Каліноўскага. Аўтар ідэі – краязнаўца Алесь Юркойць, скульптар – Ігар Засімовіч. Калі цямнее, помнік адмыслова падсвечваецца – і выява залітага святлом вялікага мяча на ўзгорку ў атачэнні цёмнага лесу сапраўды ўражвае.

Помнік у гонар 150-годдзя паўстання 1863 году. Вёска Слабодка, Гарадзенская вобласць, Беларусь.
Фота: Белсат

Рэгіён Панямоння – Гарадзеншчына і сумежныя раёны Берасцейшчыны і Меншчыны – быў найбольш ахоплены дзеяннямі паўстанчых атрадаў каліноўцаў. Тут захавалася найболей адзначаных 9 і нашымі сучаснікамі памятных мясцінаў – магілы паўстанцаў, рэшткі іх сямейных гнёздаў, памятныя табліцы і помнікі. Мы налічылі больш за 40 такіх пунктаў. А ўздоўж шашы ад Менску да Горадні засталося шмат мясцовасцяў, якія памятаюць паўстанне, яго герояў і гісторыі, але пакуль не маюць ніякіх знакаў.

Вёска Баруны: Сымон Рак-Міхайлоўскі

Ёсць на Ашмяншчыне невялікая вёсачка Баруны на паўтары сотні двароў і паўтысячы жыхароў. Але паселішча гэта не простае: за тры стагоддзі Баруны, дзякуючы дзейнасці манахаў-базылянаў, ператварыліся ў значны для вялікага рэгіёну Усходняй і Цэнтральнай Еўропы асяродак духоўнасці, асветы і мастацтва.

У цэнтры вёскі стаіць велічны касцёл Пятра і Паўла – помнік архітэктуры віленскага барока». Адразу за ім, у будынку былога манастыра і школы базылянаў, размяшчалася настаўніцкая семінарыя, якая дзейнічала тут у 1915–1933 г. і рыхтавала кадры педагогаў для пачатковых школаў. Яна была расейскай, потым – беларускай, пазней – польскай.

Стваральнікам і дырэктарам беларускай семінарыі (дзейнічала ў 1920–1921 г.) быў палітычны і грамадскі дзеяч, публіцыст і педагог Сымон Рак-Міхайлоўскі. Ён разам з настаўнікамі прыклаў шмат намаганняў, каб арганізаваць навучанне на беларускай мове. Аднак семінарыя сутыкалася з мноствам перашкодаў, праблемаў, і ўжо праз год, нягледзячы на пратэсты мясцовых жыхароў, яе перавялі на польскую мову навучання.

Беларуская настаўніцкая семінарыя ўзнікла ў Барунах не выпадкова. Гэты куточак Ашмяншчыны заўсёды вылучаўся высокім узроўнем нацыянальнай свядомасці людзей: з гэтых мясцінаў паходзіла шмат вядомых і яшчэ малавядомых рупліўцаў беларускай справы.

Кляштар базыліян. Вёска Баруны, Гарадзенская вобласць, Беларусь.
Фота: Белсат

Асоба Рак-Міхайлоўскага шмат у чым выбітная. Нарадзіўся ў шматдзетнай сялянскай сям’і, настаўнічаў, займаўся асветніцкай дзейнасцю.

У пачатку 1917 года ўступіў у Беларускую сацыялістычную грамаду (БСГ), актыўна ўключыўся ў палітычнае жыццё, выступаў за стварэнне ўласнай дзяржавы з апорай на беларускі працоўны народ. У кастрычніку 1917 года арганізаваў з’езд воінаў-беларусаў Заходняга фронту, узначаліў утвораную на з’ездзе Цэнтральную беларускую вайсковую раду. Паралельна займаўся развіццём беларускай нацыянальнай адукацыі, арганізацыяй беларускіх пачатковых школаў. А гэта было няпроста ва ўмовах нямецкай акупацыі, пасля – пад польскай, а затым савецкай уладамі. Пасля абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі 25 сакавіка 1918 года Рак-Міхайлоўскі ездзіў у Кіеў на перамовы з урадам Украінскай Народнай Рэспублікі, але наладзіць двухбаковыя стасункі не ўдалося.

За палякамі Рак-Міхайлоўскі ўдзельнічаў у стварэнні беларускага нацыянальнага войска, дамогся вылучэння палякамі некаторых субсідыяў на развіццё беларускай нацыянальнай адукацыі. Пасля прыходу саветаў перабраўся з Менску ў Горадню, працягваў выкладаць і займацца арганізацыяй беларускіх школаў.

У 1927 годзе быў арыштаваны польскімі ўладамі ў справе Беларускай сялянска-работніцкай грамады, віленскім акруговым судом асуджаны да 12 гадоў турмы. У 1930 вызвалены паводле рашэння апеляцыйнага суда. Пераехаў у БССР, жыў у Менску, працаваў дырэктарам Беларускага дзяржаўнага музею. Уступіў у ВКП(б), быў чальцом ЦВК БССР.

Рак-Міхайлоўскага арыштавала ГПУ БССР у 1933-м, у справе «Беларускага нацыянальнага цэнтру». Ён быў прысуджаны да расстрэлу як «арганізатар і кіраўнік контррэвалюцыйнай арганізацыі БНЦ», але прысуд замянілі на 10 гадоў лагераў. Адправілі на Салаўкі. Праз чатыры з паловай гады, у 1937, Рак-Міхайлоўскага этапавалі ў Менск, дзе «тройка» НКВД БССР прысудзіла яго да расстрэлу.

Гальшаны: Вінцук Адважны

Наступны пункт нашага падарожжа – Гальшаны, што зусім побач з Барунамі. Тут у сям’і рамесніка нарадзіўся святар-марыянін, вядомы беларускі пісьменнік, вязень ГУЛАГу Вінцук Адважны (сапраўднае імя Язэп Германовіч).

Від на цэнтральную частку Гальшан, Гарадзенская вобласць, Беларусь.
Фота: Белсат

Пасля Віленскай семінарыі служыў у Беластоцкім, Ваўкавыскім, Слонімскім, Дзiсенскім паветах. У 1921-м уступіў у Таварыства беларускай школы, арганізаваў адну з беларускіх школаў, выкладаў у Друйскай гімназіі. Казанні ў касцёлах гаварыў на беларускай мове, за што яго цкавалі, пераследавалі польскія свецкія і духоўныя ўлады.

У 1932 г. Вінцук Адважны выехаў у Харбін (Маньчжурыя), дзе быў дырэктарам гімназіі, спавядальнікам жаночых манастыроў.

Праз чатыры гады ён вярнуўся на радзіму. Кіраваў беларускім студэнцкім інтэрнатам у Вільні. У 1938 г. польская адміністрацыя закрыла беларускі кляштар у Друі і марыянскі дом у Вільні. Вінцук Адважны і семінарысты былі выселеныя ў цэнтральную частку Польшчы. Адтуль ён праз Рым зноў адправіўся ў Харбін, дзе арганізаваў дапамогу беспрытульным і бедным дзецям. У 1948 г. арыштаваны кітайскімі ўладамі і перададзены ў СССР, дзе беспадстаўна асуджаны на 25 гадоў зняволення ў сібірскіх лагерах. У 1955 г. быў вызвалены, пасля чаго выехаў у Польшчу, а потым, у канцы 1959 г. – у Італію. Праз год пераехаў у Англію, дзе жыў да канца жыцця. Цягам некалькі гадоў быў дырэктарам школы-інтэрнату Св. Кірылы Тураўскага, браў удзел у рэлігійным і культурным жыцці беларускага замежжа. Пахаваны на могілках святога Панкрата ў Лондане.

Друкавацца Вінцук Адважны пачаў у 1920-я гг. Ягонаму пяру належаць шматлікія артыкулы, сатырычна-гумарыстычныя вершы, замалёўкі, апавяданні, байкі на побытавыя, маральна-этычныя і грамадскія тэмы, рэлігійныя і нацыянальныя праблемы. Асобнае месца ў яго творчасці займае кніга «Кітай – Сібір – Масква», у якой аўтар расказаў пра перажытае ў папраўча-працоўных лагерах. Гэтыя ўспаміны перакладзеныя і выдадзеныя на рускай, польскай, літоўскай, італьянскай мовах.

Вёска Суботнікі: Зянон Пазняк

Адпраўляемся на радзіму легенды беларускага нацыянальнага руху. Суботнікі месцяцца на Іўеўшчыне ў 30-кіламетровай памежнай зоне з Літвой. Некалі тут і ў 43 вёсачках навокал жылі да 4 тысяч чалавек, а засталося менш за тысячу, пераважна пенсіянераў. Калісьці тут быў спіртзавод і макаронны цэх, сёння ці не адзінае месца працы – жывёлагадоўчая ферма «Жымаслаўль». Але некалькі гадоў таму тут паклалі асфальт у цэнтры і адрамантавалі школу.

Касцёл, у якім хрысцілі Зянона Пазняка ў вёсцы Суботнікі, Гарадзенская вобласць, Беларусь.
Фота: Белсат

Цэнтральны пункт вёскі і галоўная адметнасць – неагатычны касцёл Святога Уладзіслава. Граф Уладзіслаў Умястоўскі, які ў ХІХ стагоддзі прафінансаваў будоўлю, замаўляў цэглу аж у Францыі. Алтар рабілі варшаўскія майстры, палатно ў ім – баварскае. Перад партрэтам графа Умястоўскага жалобны надпіс: «Зломлены, але не жалюся».

У гэтым касцёле хрысцілі Зянона Пазняка, які нарадзіўся ў Суботніках напрыканцы Другой сусветнай вайны. Зянон Пазняк – беларускі палітык, грамадскі дзеяч, археолаг, пісьменнік. Ён шмат зрабіў для захавання гістарычнай спадчыны і помнікаў архітэктуры. У 1988 адкрыў і даследаваў масавыя пахаванні людзей у Курапатах. Узначальваў Беларускі Народны Фронт «Адраджэнне» (1989–1999), а пазней – Партыю КХП БНФ. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савету XII склікання. Дабіваўся адкрыцця праўды пра маштабы чарнобыльскай катастрофы, зацвярджэння нацыянальных сімвалаў як дзяржаўных, удзельнічаў у распрацоўванні сацыяльна-эканамічнага заканадаўства. У 1994 вылучаўся кандыдатам на прэзідэнцтва Рэспублікі Беларусь. З палітычных прычынаў вымушаны быў эміграваць.

Дом, дзе ён рос, стаіць на ўскрайку вёскі. Яго можна знайсці, напрыклад, у праграме Maps.me, дзе ён так і пазначаны – «дом Зянона Пазняка». На драўлянай хаце вісіць памятная дошка, якая нагадвае, хто тут нарадзіўся. У доме цяпер ніхто не жыве.

У мясцовай школе маленькі Зянон вучыўся добра, быў сябрам драматычнага гуртка. Ягоная сям’я, вядомая сваёй адукаванасцю, была па тагачасных мерках заможнай. Выхоўваўся Зянон не па-савецку. Напрыклад, у трэцім класе намаляваў сябе вугальныя вусы «пад Пілсудскага» і некалькі гадзінаў сядзеў так на ўроках. Любіў тузаць за коскі дзяўчат. Зянон часта прастываў, і каб перамагчы хваробы, актыўна займаўся гіравым спортам.

Шыльда на хаце, дзе нарадзіўся Зянон Пазняк. Вёска Суботнікі, Гарадзенская вобласць, Беларусь.
Фота: Белсат

Гародна: генерал Кіпрыян Кандратовіч, міністр абароны БНР

Адпраўляемся на малую радзіму несправядліва забытага царскага генерала, які прайшоў чатыры вайны і свядома стаў беларусам.

Генерал Кіпрыян Кандратовіч мае шляхецкае паходжанне, нарадзіўся ў маёнтку Зіневічы (цяпер Лідскі раён) і зрабіў кар’еру на расейскай вайсковай службе. Ветэран расейска-турэцкай, расейска-японскай і Першай сусветнай войнаў, ён зрабіў свой выбар на карысць Беларусі ў свядомым узросце: далучыўся да беларускага нацыянальнага руху і ўвосень 1917 г. узначаліў Беларускую Вайсковую Раду. Рабіў тое, што было ў ягоных сілах: ствараў беларускае войска, змагаўся за незалежнасць Беларусі на дыпламатычным фронце. У 1918 г. мы бачым яго ў другім урадзе БНР, створаным Раманам Скірмунтам, на наступны год ён сабраў беларускія вайсковыя фармаванні пры літоўскім урадзе, потым быў чальцом дэлегацыі БНР на мірнай канферэнцыі ў Парыжы. Але, на жаль, нягледзячы на ўсе намаганні, вырвацца з-пад бальшавікоў Беларускай Народнай Рэспубліцы не ўдалося.

Апошнія гады свайго жыцця, да смерці ў 1932 годзе, беларускі генерал правёў на радзіме, у маёнтку Гародна, дзе жыў разам з дачкою Верай і жонкай Адай. Быў у інвалідным вазку, пакутуючы на страту каардынацыі. Сям’я жыла ў старым драўляным палацы, які згарэў падчас Другой сусветнай вайны: яго спалілі жаўнеры Арміі Краёвай, каб ён не дастаўся саветам. Цяпер пра шляхетнае мінулае гэтага мястэчка нагадваюць толькі рэшткі старога парку.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Касцёл ў вёске Пагародна, Гарадзенская вобласць, Беларусь.
Фота: Белсат

Прыезд Кандратовіча ў Гародна на аўтамабілі зрабіў на сялянаў вялізнае ўражанне. Сям’я Кандратовічаў вызначалася інтэлігентнасцю і добразычлівасцю да людзей. У жніво Ада Кандратовіч сустракала кожныя першыя вазы з падзякай да сялянаў і кілішкам гарэлкі. Жонка генерала сачыла за прыгажосцю і парадкам у парку, сваім доме і ў дамах, дзе жыла прыслуга. Людзі, якія працавалі ў Кандратовічаў, атрымоўвалі безадсоткавыя крэдыты на развіццё гаспадаркі, і, калі гаспадары бачылі, што грошы ўкладзеныя з розумам, крэдыт спісваўся.

Генерал карыстаўся расейскай, беларускай, польскай мовамі ў побыце, у залежнасці ад абставінаў. Да іх у Гародна прыязджалі госці з Варшавы, Францыі ды Іспаніі, дзе жылі сваякі жонкі Ады. Дачка Вера атрымала хатнюю адукацыю і выйшла замуж за мастака з Англіі, іспанца паводле паходжання, і да канца жыцця жыла ў Англіі.

Цяпер унукі і праўнукі генерала жывуць у Англіі ды ЗША. А ў Беларусі да магілы генерала Кандратовіча каля царквы ў Воранаве прыходзяць тыя, каму дарагія ідэалы Беларускай Народнай Рэспублікі, за якія ён змагаўся.

Саша Гоман belsat.eu

Стужка навінаў