Сваякі Паліны Шарэнды-Панасюк заяўляюць: «Нашая родная знікла»


Апошнія месяцы палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк была ў СІЗА № 3 Гомля, аднак цяпер яе там няма. Дзе жанчына, ейным родным не кажуць.

Паліна Шарэнда-Панасюк з мужам Андрэем Шарэндам і дзецьмі.
Фота: асабісты архіў сям’і Шарэндаў

«Пасля апеляцыі ў Гомельскім абласным судзе, якая была 8 чэрвеня, Паліну этапавалі з СІЗА-3. Гэта адбылося 13 чэрвеня. З гэтага часу месцазнаходжанне Паліны не вядомае. Некалькі дзён мы спрабавалі даведацца ейнае месцазнаходжанне, але і ў Магілёўскай турме, і ў Гомельскай жаночай калоніі адмаўляюцца даць інфармацыю. Звароты маці Паліны ў Дэпартамент выканання пакаранняў таксама застаўся без адказу. Фактычна Паліна знікла», – заявіў «Белсату» муж жанчыны Андрэй Шарэнда.

Нагадаем, што 7 красавіка Паліне дадалі яшчэ 1 год калоніі да асноўнага тэрміну. Такое рашэнне прыняў суддзя суда Чыгуначнага раёну Гомля Мікалай Крупадзёраў. Жанчыну судзілі ў закрытым рэжыме за быццам бы парушэнне ч. 2 арт. 411 КК («Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы»).

У няволі Паліна застаецца ўжо больш за год. Яшчэ летась суддзя Яўген Брэган прысудзіў Паліне 2 гады зняволення паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: арт. 368 («Абраза прэзідэнта»), арт. 369 («Абраза прадстаўніка ўлады») і арт. 364 («Гвалт або пагроза гвалту ў дачыненні супрацоўніка органаў унутраных справаў»).

Са жніўня 2021 года Паліна заставалася ў жаночай калоніі Гомля, дзе яна зазнала ўсе магчымыя варыянты ціску. Жанчыну доўга трымалі ў карцары, яе пазбавілі сустрэчаў і перадачаў, якіх нельга пазбавіць паводле закону, да яе не пускалі адваката, але так і не змаглі зламаць. Пазней яе перавялі ў СІЗА № 3. Паліна працягвае лічыць сябе захопленай у палон.

Супраць Андрэя Шарэнды таксама завялі некалькі крымінальных справаў, але яму ўдалося збегчы з Беларусі. Сям’ю пазбавілі арэндавага жытла.

Артыкулы
Муж Ірыны Слаўнікавай: Тое, што цяпер адбываецца, яе не зламае. Яна застанецца сабою, і стане яшчэ мацнейшая
2022.06.23 09:34

АЛ belsat.eu

Стужка навінаў