Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 23 траўня


«Белсат» падводзіць вынікі 454-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 23 траўня чытайце ў нашым аглядзе.

Мужчына сядае ў цягнік да Львова падчас эвакуацыі з пацярпелых ад вайны раёнаў усходняй Украіны. Пакроўск, Данецкая вобласць, Украіна, 23 траўня 2023 г.
Фота: VIACHESLAV RATYNSKYI / Reuters / Forum

За апошнія содні Узброеныя сілы РФ нанеслі 20 ракетных і 48 авіяцыйных удараў, а таксама здзейснілі каля 90 абстрэлаў з рэактыўных сістэмаў залпавага агню пазіцыяў украінскіх вайскоўцаў і населеных пунктаў краіны. У прыватнасці, па Днепрапятроўскай, Запарожскай і Харкаўскай вобласцях расейцы наносілі ўдары крылатымі ракетамі паветранага базавання, балістычнымі ракетамі «Іскандэр-М» і зенітнымі кіраванымі ракетамі комплексаў С-300.

У выніку такіх дзеянняў ёсць пацярпелыя сярод мірных жыхароў, знішчаныя і пашкоджаныя прыватныя будынкі і цывільная інфраструктура Украіны.

Наземныя аперацыі расейцаў былі засяроджаныя на купянскім, ліманскім, бахмуцкім, аўдзееўскім і мар’інскім кірунках у Харкаўскай, Луганскай і Данецкай вобласцях. Паводле Генеральнага штабу Збройных сілаў Украіны, цягам содняў на вышэйзгаданых кірунках адбылося больш за 30 баявых сутыкненняў. Пры гэтым інтэнсіўнасць баявых дзеянняў істотна адрознівалася ў залежнасці ад канкрэтнага ўчастку фронту.

Валынскі і палескі кірункі (украінска-беларускае памежжа)

Нязменнай застаецца сітуацыя на мяжы з Беларуссю: фармавання наступальных груповак на тэрыторыі краіны не зафіксавана.

Сіверскі і слабажанскі кірункі (украінска-расейскае памежжа)

Цягам ночы і ў першай палове дня 23 траўня працягваліся баі ў сёлах Казінка і Глотава Грайваронскага раёну Белгародскай вобласці РФ.

Нягледзячы на заяву Міністэрства абароны РФ пра выцісканне дыверсійных групаў на тэрыторыю Украіны, прысутнасць байцоў легіёну «Свобода России» і «Российского Добровольческого Корпуса» у памежных населеных пунктах працягвала фіксавацца незалежнымі крыніцамі.

Тэлеграм-канал «Рыбарь» па стане на 15-ю гадзіну пазначаў кантроль ДВГ над сялом Казінаўка і часткай дарогі да суседняга населенага пункту Глотава.

Таксама крыніца паведамляла пра прыбыццё рэзерваў з тэрыторыі Украіны ў складзе да 500 чалавек.

Толькі а 17-й гадзіне 23 траўня «Рыбарь» напісаў пра расейскі кантроль над сялом Казінка і памежным пераходам «Грайваран».

Толькі бліжэй да 18-й гадзіны губернатар Белгародскай вобласці РФ Вячаслаў Гладкоў заявіў пра адмену рэжыму контртэрарыстычнай аперацыі ў рэгіёне.

Купянскі кірунак (паўночна-ўсходняя частка Харкаўскай вобласці і паўночны захад Луганскай)

На гэтым участку фронту УС РФ працягваюць ціснуць у ваколіцах сяла Масютаўка. Пакуль ЗСУ ўдаецца трымаць пазіцыі.

Ліманскі кірунак (паўднёвы захад Луганскай вобласці і поўнач Данецкай)

Украінскі Генштаб піша пра няўдалыя наступальныя дзеянні праціўніка каля Белагораўкі.

Расейскі ваенкор Сямён Пегаў пра атаку войскаў РФ у ваколіцах Неўскага, у выніку якой былі занятыя новыя пазіцыі.

Бахмуцкі кірунак (аднайменны раённы цэнтр і ягоныя ваколіцы)

Паводле намесніцы Міністра абароны Украіны Ганны Маляр, ЗСУ кантралююць паўднёва-заходнія ўскрайкі Бахмуту ў раёне «Самалёт». У сваю чаргу расейскія сілы зачышчаюць падкантрольныя кварталы гораду.

У Deepstate мяркуюць, што пад украінскім кантролем застаецца АЗС на выездзе з гораду, якая адносіцца да адміністрацыйных межаў Бахмуту.

У ваколіцах гораду расейцы контратакавалі каля Іванаўскага, Грыгораўкі і Івана-Дар’еўкі, але паўсюль не мелі поспеху. У гэты ж час ЗСУ прасунуліся ў ваколіцах Ягаднага.

Поспехі ЗСУ фіксуе і Ганна Маляр. Па ейных словах, агулам на бахмуцкім кірунку адзначаецца зніжэнне атак расейцаў, пры гэтым шчыльнасць артылерыйскіх удараў па ўкраінскіх пазіцыях застаецца высокай.

Аўдзееўскі кірунак (на поўначы ад Данецку)

Украінскае камандаванне паведаміла пра безвыніковыя наступальныя дзеянні праціўніка каля населеных пунктаў Новакалінавае, Севернае, Вадзяное і Первамайскае.

Аналітыкі праекту Deepstate пішуць, што ў выніку баёў у ваколіцах Первамайскага ЗСУ ўзялі ў палон 22 расейскія вайскоўцы.

Сямён Пегаў фіксуе ўкраінскую контратаку ў бок сяла Краснагораўка.

Мар’інскі кірунак (на захадзе ад Данецку)

Па-ранейшаму працягваюцца гарадскія баі ў заходняй частцы Мар’інкі, а таксама ў ейных ваколіцах. Пакуль войскам РФ не ўдаецца прарваць украінскую лінію абароны.

Шахцёрскі кірунак (паўднёвы ўчастак фронту ў Данецкай вобласці)

На поўдні ад Данецку расейцы не праводзілі наземных аперацыяў, абмежаваўшыся ўдарамі артылерыі па пазіцыях ЗСУ.

Запарожскі кірунак (лінія фронту ў аднайменным рэгіёне)

У Запарожскай вобласці УС РФ засяродзіліся на вядзенні абароны. Пры гэтым уздоўж лініі сутыкнення працягваюцца артылерыйскія дуэлі.

Херсонскі кірунак (лінія фронту ў аднайменным рэгіёне і на Кінбурнскай касе ў Мікалаеўскай вобласці)

Пегаў піша, што ЗСУ намагаліся замацавацца на Чаркескім востраве насупраць падкантрольнага расейцам сяла Забарына. Пра вынікі аперацыі не паведамляецца.

Генеральны штаб ЗСУ паведамляе, што за апошнія содні было знішчана каля 480 расейскіх вайскоўцаў, пасля чаго агульныя беззваротныя страты РФ дасягнулі 204 360 чалавек.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

ТМ belsat.eu 

Стужка навінаў