У Малдове арыштуюць Пуціна, калі ён прыедзе ў краіну


Малдова выканае рашэнне Міжнароднага крымінальнага суда і арыштуе расейскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна, калі ён прыедзе ў краіну. Аб гэтым прэзідэнтка Мая Санду сказала ў інтэрв’ю выданню Euronews Romania.

Мая Санду. Крыніца: gov.md

Прэзідэнтка Малдовы Мая Санду, адказваючы на пытанне журналіста аб тым, ці арыштуюць Пуціна паводле ордару Міжнароднага крымінальнага суда, калі ён прыедзе ў Малдову, заявіла:

«Так. Рэспубліка Малдова падпісала пагадненне аб Крымінальным судзе, і Малдова будзе паважаць рашэнне суда».

Нагадаем, 17 сакавіка 2023 года Міжнародным крымінальным судом у Гаазе быў выдадзены ордар на арышт прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна ў сувязі з незаконнай дэпартацыяй украінскіх дзяцей. У адказ на гэта Следчы камітэт РФ завочна прадʼявіў абвінавачанне і абвесціў у вышук пракурора і суддзю Міжнароднага крымінальнага суда, якія выдалі ордар на арышт прэзідэнта РФ.

Таксама падчас сустрэчы з журналістамі Мая Санду закранула тэму пагрозы для Малдовы з боку Расеі: «Цяпер няма рызыкі ваеннага ўварвання для Рэспублікі Малдова, дзякуючы Украіне, якая трымае расейскую армію далей ад нашых межаў. Але мы сутыкаемся са спробамі Расеі дэстабілізаваць нашую краіну. Мы казалі пра гэтыя спробы некалькі месяцаў таму. На шчасце, нашым інстытутам удалося абараніць краіну, і мы становімся ўсё больш устойлівымі».

Яна дадала, што ўлады РФ шмат гадоў спрабуюць шантажаваць краіну, выкарыстоўваючы энергію. «Я хачу вам сказаць, што сёння, упершыню пасля набыцця незалежнасці, Малдова, за выключэннем Прыднястроўскага рэгіёну, не спажывае расейскага газу. Гэта значыць, што мы не залежым ад Расеі, як гэта было на працягу трох дзесяцігоддзяў. Мы працуем, становімся больш вынослівымі, але, вядома, нам патрэбнае падтрыманне», – дадала яна.

Палітычная лідарка згадала і пра расейскую прапаганду як вялікую праблему, што паўплывала на дэмакратычны працэс.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў