Немцы зафіксавалі землятрус каля Астравецкай АЭС. НАН Беларусі абвяргае штуршкі


Цэнтр даследаванняў зямлі ў нямецкім Потсдаме 21 траўня зафіксаваў у Беларусі землятрус магнітудай 4,2 балы.

БелАЭС. 25 красавіка 2021 года. Астравецкі район, Беларусь.
Фота: ВК / Белсат

Эпіцэнтр глыбінёй у 10 км знаходзіўся за 28 км ад Ліды і 21 км ад Наваградка, што прыкладна адпавядае месцазнаходжанню Бярозаўкі. Па беларускім часе было 11:02.

Адлегласць да Астравецкай АЭС, дзе нядаўна падключылі другі энергаблок, складае крыху болей за 100 км ад эпіцэнтру землятрусу. Паводле мапы, прыведзенай патсдамскімі спецыялістамі, Астравец і ваколіцы трапілі ў першае кола сейсмічнай актыўнасці.

Нацыянальная акадэмія навук абвяргае штуршкі. Там заявілі, што згодна з афіцыйнымі запісамі апаратуры, ніякіх землятрусаў апошнім часам у Беларусі не было.

«Нашыя датчыкі не фіксавалі нічога падобнага, сейсмалагічная абстаноўка ў Беларусі па-ранейшаму спакойная», – перадае Sputnik Беларусь словы галоўнага навуковага супрацоўніка Цэнтру геафізічнага маніторынгу НАН Беларусі Аркадзя Аронава.

Паводле навукоўца, землятрус магнітудай 4,2 балы быў бы даволі адчувальным, а хвалі дайшлі б да Менску.

Аронаў нагадаў, што мацнейшы землятрус у гісторыі Беларусі адбыўся ў раёне пасёлку Гудагай, недалёка ад раёну, дзе сёння знаходзіцца БелАЭС 28 снежня 1908 года. Тады магнітуда падземных штуршкоў ацэньвалася ў раёне 4,0. У гэты ж дзень у італьянскай Месіне адбыўся землятрус магнітудай 7,1. Яно амаль цалкам разбурыла горад, загінулі больш за 80 тысяч чалавек.

Падчас будаўніцтва БелАЭС дзяржаўныя СМІ ставілі пад пытанне гудагайскі землятрус.

На сённяшні дзень усе землятрусы ў Беларусі адбываюцца ў асноўным у Салігорскім горнапрамысловым раёне, дзе працуе калійны камбінат. Яны даволі слабыя, за ўвесь перыяд назіранняў было зафіксавана пяць найбольш адчувальных штуршкоў у 3-4 балы, піша Sputnik Беларусь.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

 

Стужка навінаў