Сейм Літвы не хоча абмяжоўваць колькасці паездак беларусаў з ВНЖ на радзіму


Сейм Літвы не ўхваліў прапановы абмежаваць колькасць паездак на радзіму за год для беларусаў, якія жывуць у Літве. Галасаванне чальцоў Сейму адбылося 23 красавіка, піша LRT.

На памежным пераходзе «Лаворышкес – Катлоўка» на літоўска-беларускай мяжы. 19 верасня 2022 года.
Фота: Белсат

Паводле праекту закону, беларусы, у якіх ёсць часовы від на жыхарства ў Літве, змогуць ездзіць у Беларусь не часцей за адзін раз на тры месяцы. Калі абмежаванне парушаецца, то ВНЖ прапаноўвалі адбіраць. Большасць дэпутатаў не падтрымалі гэтага.

За пазбаўленне часовага віду на жыхарства ў Літве за парушэнні прагаласавалі 20 дэпутатаў, супраць – 47, устрымаліся – 45.

За ўвядзенне абмежаванняў на паездкі выказаўся 41 дэпутат, супраць – 37, а ўстрымаліся – 39.

Працягваецца галасаванне наконт прапановы падоўжыць на год (да 2 траўня 2025 года) санкцыі ў дачыненні беларусаў і расейцаў ды зрабіць больш жорсткім надгляд беларусаў, якія ўязджаюць у Літву.

Абмяркоўвалася і прапанова прыпыніць прыём візавых заяваў ад грамадзянаў Расеі і Беларусі літоўскімі візавымі офісамі за мяжой, калі гэта не будзе зроблена пры пасярэдніцтве Міністэрства замежных справаў Літвы.

«Мы абапіраемся на справаздачы нашых спецслужбаў. Ужо ў леташняй справаздачы яны адзначалі і падкрэслівалі, што перасячэнне мяжы ў такой колькасці і з такіх падставаў уяўляе рэальную пагрозу нацыянальнай бяспецы Літвы і ў той жа час патэнцыйна спрыяе ўмацаванню сетак расейскіх і беларускіх спецслужбаў у Літве і за мяжой», – сказаў журналістам кансерватыўны палітык Аўдронюс Ажубаліс, які прэзентаваў першапачатковы варыянт праекту.

Hавiны
Даследаванне: жыхароў Літвы ўсё больш турбуе пагроза вайны
2024.04.22 17:04

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў