Брытанская выведка: Расея не здолела дасягнуць значнага прагрэсу


Расейскія вайскоўцы ўзмацнілі наступальныя дзеянні. У той жа час ніякага значнага прагрэсу дасягнуць ім не ўдалося. Пра гэта паведамляе брытанская выведка ў Twitter.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Брытанцы адзначаюць, што ўдалыя ўкраінскія контратакі перашкодзілі ворагу дасягнуць значных поспехаў за апошнія содні. Таксама паветраныя і марскія сілы Расеі не змаглі ўсталяваць кантролю ні ў небе, ні на моры. Гэта стала магчымым дзякуючы эфектыўнасці супрацьпаветранай і марской абароны Украіны.

Працягваюцца баі за Марыупаль, што запавольвае прагрэс расейскіх захопнікаў у імкненні захапіць тэрыторыю ўсяго Данбасу.

Апроч таго, брытанская выведка лічыць заяву міністра абароны РФ Сяргея Шайгу ад 19 красавіка аб «укараненні новых спосабаў вядзення баявых дзеянняў» «маўклівым прызнаннем» таго, што прагрэс РФ не такі, як планавалася.

Выведнікі заяўляюць, што расейцам спатрэбіцца час, каб перавесці новыя спосабы ў адаптаваную тактыку, метады і працэдуры, а затым ужыць для павышэння аператыўнага эфекту. Такім чынам, у прамежкавы перыяд, хутчэй за ўсё, РФ будзе спадзявацца на бамбаванні як на сродак здушэння ўкраінскага супраціву.

У выніку магчыма, што расейскія сілы будуць расчараваныя няздольнасцю хутка зламіць украінскую абарону.

ПС belsat.eu

Стужка навінаў