У Пэнтагоне лічаць небяспечнай заяву Крамля пра магчымасць выкарыстання ядравай зброі


Мінабароны ЗША асудзіла заяву прэс-сакратара прэзідэнта РФ Дзмітрыя Пяскова аб тым, што Расея можа выкарыстаць ядравую зброю, калі сутыкнецца з пагрозай самому свайму існаванню. Пра гэта паведамляе Бі-Бі-Сі.

Прадстаўнік Пэнтагону Джон Кербі назваў заявы Масквы аб ядравай пагрозе небяспечнымі:

«Гэта не тое, як павінна дзейнічаць адказная ядравая дзяржава».

Пры гэтым прадстаўнік Пэнтагону дадаў, што ў ведамстве пакуль не бачаць нічога, што прымусіла б іх змяніць сваю стратэгічную пазіцыю стрымлівання.

Раней, адказваючы на пытанне журналіста CNN, пры якіх умовах Пуцін будзе выкарыстоўваць ядравую зброю, прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў заявіў: «Калі ёсць пагроза самому існаванню нашай краіны, яна можа быць выкарыстаная ў адпаведнасці з канцэпцыяй».

Нагадаем, 27 лютага Пуцін загадаў прывесці расейскія сілы ядравага стрымлівання ў асаблівы рэжым баявога дзяжурства. Ён абгрунтаваў гэтую пастанову «агрэсіўнымі выказваннямі на Захадзе» і эканамічнымі санкцыямі, уведзенымі супраць Расеі.

Аналітыка
Колькі ядравай зброі ў Расеі, і ці можа Пуцін распачаць ядравую вайну?
2022.03.22 07:30

РР belsat.eu

Стужка навінаў