«Наперад. З праўдай. І алілуя!» Анджэліка Борыс – год за кратамі


Роўна год таму, 23 сакавіка, у Горадні затрымалі старшыню незалежнага Саюзу палякаў Беларусі Анджэліку Борыс. На яе склалі пратакол за арганізацыю несанкцыянаванай масавай акцыі (кірмашу рамёстваў «Гарадзенскія Казюкі») і арыштавалі на 15 содняў. Затым выявілася, што яе зрабілі фігуранткаю крымінальнае справы за «распальванне нацыянальнай варожасці» і «рэабілітацыю нацызму».

Анджэліка Борыс.
Фота: Rafal Oleksiewicz / REPORTER / East News

Разам з ёй за кратамі пазней апынуліся і іншыя сябры арганізацыі: кіраўніца аддзялення ў Ваўкавыску Марыя Цішкоўская, кіраўніца аддзялення ў Лідзе Ірэна Бярнацкая, сябра галоўнай рады і журналіст Анджэй Пачобут і старшыня Форуму польскіх мясцовых ініцыятываў у Берасці Ганна Панішава. Праз тры месяцы Цішкоўскую, Бярнацкую і Панішаву вывезлі ў Польшчу. А Анджэліка Борыс і Анджэй Пачобут вось ужо 12 месяцаў застаюцца ў няволі, у Жодзінскай турме. Ім пагражае ад 5 да 12 гадоў пазбаўлення волі.

Анджэліка Борыс – вядомая ў паланійным свеце асоба, якая шмат гадоў працавала над адраджэннем і развіццём польскай мовы і культуры ў Беларусі. З Саюзам палякаў яна звязаная яшчэ са школы. Працавала настаўніцай, у арганізацыі займалася развіццём адукацыі, ладзіла культурніцкія імпрэзы. У 2005 годзе ўзначаліла СПБ.

Улады Беларусі ўсяляк спрабавалі ціснуць на незалежны Саюз і саму Борыс, яе часта выклікалі на допыты ў пракуратуру, міліцыю і КДБ, яна неаднаразова атрымлівала вялікія штрафы за правядзенне культурніцкіх імпрэзаў. Аднак спадарыня Анджэліка ўпарта працягвала рабіць сваю справу, кіруючыся прынцыпам «калі не я, то хто».

У 2021 годзе ціск на палякаў Беларусі ўзмацніўся шматкроць і выліўся ў так званую «справу палякаў». Цяпер Анджэліку Борыс вінавацяць у правядзенні масавых акцыяў з удзелам непаўнагадовых, падчас якіх нібыта ўшаноўваліся ўдзельнікі антысавецкіх бандыцкіх фармаванняў, а іхныя дзеянні нібыта мелі на мэце рэабілітаваць нацызм і апраўдаць генацыд беларускага народу.

Плакаты з выявай Анджэя Пачобута і Анджэлікі Борыс на спатканні са Святланай Ціханоўскай у Варшаве. 3 чэрвеня 2021 года.
Фота: ЮШ / Белсат

«Я працаваў настаўнікам польскай мовы на курсах, арганізаваных Саюзам палякаў. І паколькі я быў выкладчыкам, то сустракаўся з Анджэлікай даволі часта. Яна такая харызматычная, я нават у пэўны час баяўся да яе падысці. Але заўсёды ад яе дапамога была. Падручнікі, матэрыялы для навукі – я ні пра што не мусіў клапаціцца. І калі яе пасадзілі – гэта быў шок для мяне. Я два разы ёй пісаў, але ніякага адказу не было. Я ўжо два гады не быў на бацькаўшчыне. Вельмі гэта ўсё цяжка», – кажа Міраслаў Тарнаўскі, якія раней выкладаў польскую мову ў Магілёве пры Саюзе палякаў, а зараз вучыць украінскіх дзяцей польскай мове ў Польшчы.

Артыкулы
Яна кіруецца прынцыпам «калі не я, то хто». Хто такая Анджэліка Борыс – старшыня Саюзу палякаў у Беларусі
2021.04.09 09:15

«Анджэліка – чалавек міласэрнасці. Як стварыўся Саюз палякаў Беларусі, яна маладзенькай дзяўчынай прыязджала да нас у Ліду, займалася адукацыяй. Яна старалася знайсці падыход да кожнага, заўсёды імкнулася дапамагчы і аддавала апошняе. Яна шмат дапамагала беларусам. Не сядзела склаўшы рукі, не маўчала і змагалася да апошняга. Як пачаўся ковід, мы ў Саюзе адразу пачалі шыць маскі, дапамагаць гарадзенскім медыкам. Мы маем дзве Беларусі. У «другой» каронавіруса не было, а ў нашай быў каранцін, мы адразу пачалі дзейнічаць. Дапамагалі хворым дзецям, вазілі іх на рэабілітацыю, і не глядзелі, паляк гэта ці беларус. Проста дапамагалі. Цяпер у мяне няма ніякай сувязі з Анджэлікай. Таму так баліць, перажываеш, бо няма інфармацыі, што з ёй адбываецца», – кажа ў інтэрв’ю «Белсату» Ірэна Бярнацкая.

Яна і сама пасля жніўня 2020 года неаднаразова затрымлівалася, мела чатыры адміністратыўныя справы. Пані Ірэна згадвае, што падчас гэтага пераследу Анджэліка заўсёды ёй дапамагала, прыязджала ў Ліду на суды, падтрымлівала.

«Анджэліка заўсёды казала: «Наперад. З праўдай. І алілуя!» За гэту моц і шчырасць я яе вельмі люблю. Вядома, яна вельмі эмацыйная, часам патэлефануеш, чуеш – яна ўсхваляваная ці раззлаваная чымсьці, кажаш: так, я пазней пазваню. А праз дзве хвіліны яна сама тэлефануе, спакойная: «Гавары». Анджэліка паводле натуры гарачы чалавек. Але мне падаецца, трэба больш баяцца людзей без эмоцыяў», – адзначае Ірэна Бярнацкая.

Яна, як і Анджэліка Борыс з Анджэем Пачобутам цяпер, да свайго вызвалення і высылкі ў Польшчу, была ў жодзінскай турме. Пані Ірэна адзначае, што гэтае месца – найгоршае, што можа існаваць. Знутры камеры нагадваюць падвальнае памяшканне канцлагеру. Вядома, што ў такіх умовах у Анджэлікі Борыс моцна пагоршыўся стан здароўя. Аднак, нягледзячы на тое, што ёй неаднаразова прапаноўвалі напісаць прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі, яна адмовілася.

«Напісаць прашэнне аб памілаванні – гэта палічыць сябе вінаватым. Рабіць людзям дабро, а потым ісці і прасіць аб памілаванні? Дык за што прасіць, калі ты нічога кепскага і злога не рабіў? Анджэліка мае гонар, годнасць, яна ніколі не напіша такога», – перакананая Ірэна Бярнацкая.

У траўні 2021 года, дзякуючы намаганням польскай дыпламатыі, яна разам з дзвюма іншымі арыштаванымі польскімі актывісткамі – Ганнай Панішавай і Марыяй Цішкоўскай – пакінула Беларусь і пераехала ў Польшчу.

Саюз палякаў у Беларусі пры падтрыманні фонду «Польшча 360» арганізаваў публічнае святкаванне дня нараджэння зняволенай старшыні Саюзу палякаў Беларусі Анджэлікі Борыс у Варшаве. Ірэна Бярнацкая з плакатам справа. 7 кастрычніка 2021 года.
Фота: ЮШ / Белсат

«Па прыездзе я адразу трапіла на акцыю салідарнасці з Анджэлікай і Анджэем. Такія акцыі тут праходзяць рэгулярна, практычна штомесяц, у розных гарадах – Беластоку, Варшаве, Гданьску і іншых. Увесь час помнім, стараемся нагадваць пра Анджэліку. Я кожны месяц заказваю імшу ў касцёле за яе. Мы пісалі да Еўрапарламенту з просьбаю паўплываць на гэтую сітуацыю, але ўлады Беларусі – з імі ж немагчыма размаўляць! Пра што можна размаўляць з уладамі, якія робяць з людзей мяса?» – кажа Ірэна Бярнацкая.

На гадавіну затрымання Анджэлікі Борыс яна замовіла імшу ў беластоцкім касцёле, за яе і ўсіх палітвязняў.

У падтрымку спадарыні Борыс праводзілі шмат пікетаў, а ў Варшаве рабілі і канцэрт. Надзея Залатарэвіч, чалец Саюзу палякаў у Беларусі, абяцае, што людзі працягнуць гэта рабіць.

Сама пані Надзея пазнаёмілася з Анджэлікай Борыс, калі працавала над праектам «Польскі для дзяцей». Была створана тэатральна-музычная майстэрня для дзяцей, якія вывучалі польскую мову, гралі ў тэатры, здымалі фільмы.

«І на адным з канцэртаў мы пазнаёміліся з пані Анджэлікай Борыс, яна вельмі мне дапамагала, маральна падтрымлівала. Мы з ёй, як кажуць, былі на адной хвалі, – ўспамінае Надзея. – І калі здарылася год таму гэтая бяда, для мяне гэта быў такі асабісты ўдар. Бывае так, што сустракаеш людзей і разумееш, што яны твае і будзеш далей з імі ісці па жыцці».

Чаму спадарыню Борыс арыштавалі, Надзея таксама не разумее:

«За што? Чаму? Што мы зрабілі? Мы вучылі дзяцей польскай мове, польскай культуры. Мы анічога кепскага не рабілі. За што чалавека кідаюць за краты? Аніякіх тлумачэнняў, аніякіх абвінавачванняў… Гэта псіхалагічна цяжка ўспрымаць і разумець. Безумоўна, я заўсёды буду выказвацца ў яе падтрымку. Я асабіста ведаю гэтага чалавека, хоць і не так блізка. Такога кіраўніка, такога чалавека з добрай душой, добрым сэрцам, які вельмі любіць дзяцей – я яшчэ не сустракала».

Кіраўніца Саюзу палякаў ў Лідзе – Ірэна Бярнацкая – падтрымлівае стасункі з палякамі, якія застаюцца ў Беларусі. Кажа, што сітуацыя цяжкая: людзі баяцца праяўляць хоць якую актыўнасць.

«У Беларусі самі беларусы баяцца штосьці рабіць, што казаць пра палякаў, мы меншасць тут. Але галоўнае – захоўваць патэнцыял унутры. Пазней гэта ўсё спатрэбіцца, калі з’явіцца магчымасць. Людзі цяпер збіраюць архівы, штосьці занатоўваюць, пішуць. Ёсць патрыёты, якія ціхенька працягваюць вучыць польскай мове дзяцей, прыбіраюць могілкі. Робяць тое, што магчыма, нават у такіх умовах. Я падтрымліваю сувязь са сваімі лідчанамі. Камунікуем, дапамагаем адзін аднаму. Плануем, калі сустрэнемся. Будзем, напэўна, плакаць ад радасці», – кажа пані Ірэна.

Стэнды з партрэтам палітзняволенага актывіста і журналіста Анджэя Пачобута і кіраўніцы Саюзу палякаў Анджэлікай Борыс у цэнтры Варшавы. 12 кастрычніка 2021 года. Фота Аліса Ганчар / Белсат

Што тычыцца Ірэны Бярнацкай, то крымінальная справа супраць яе да гэтай пары не закрытая. За год да яе дадалася яшчэ адна – за тое, што Ірэна была на судзе над актывістам з Бярозаўкі Вітольдам Ашуркам.

«Там тэрмін да 6 гадоў. У гэтай другой справе арыштавалі мэблю ў маёй хаце. Хоць за Ашурка я ўжо заплаціла штраф у адміністратыўнай справе», – адзначае пані Ірэна.

Яна вельмі сумуе па Беларусі і хоча вярнуцца ў Ліду пры першай жа магчымасці.

«Там мае продкі, там мая мама засталася. Я годнасць маю. Мяне не можна як ляльку проста ўзяць за руку, кінуць праз шлагбаум і ўсё. Я паеду ў Беларусь. Можа, там будзе бедна, можа, не будзе чаго есці, але паеду, бо гэта мая зямля, зямля маіх продкаў, я маю права там жыць», – падкрэслівае Ірэна Бярнацкая.

Hавiны
Беларусы Беластоку: «Мы спадзяваліся, што гэтыя акцыі хутка скончацца, але людзі яшчэ за кратамі»
2022.01.25 21:42

Пра Анджэліку Борыс вельмі вельмі цёпла адклікаецца і Артур Конрад, дырэктар Фундацыі «Польшча 360»:

«Перадусім вельмі сумуем па нашай сяброўцы, кіраўніцы Саюзу Палякаў у Беларусі Анджэліцы. Гэта вялікая страта для палякаў, для ўсяго Саюзу, што Анджэліка зараз сядзіць у няволі. Анджэліка – гэта вялікая полька, патрыётка, была аддана польскай дыяспары ў Беларусі. У той момант, калі яе арыштавалі, прынялі гэта з вялікім болем і сумам. Столькі гадоў працавалі разам, арганізавалі вялікую колькасць праектаў у Беларусі, дбалі мы пра польскія могілкі, помнікі, знакавыя для Польшчы месцы. Рабілі разам вялікую колькасць культурных імпрэзаў. Ужо год, як Анджэліка незаконна знаходзіцца за кратамі, і гэта для нас вялікая страта».

Артур Конрад кажа, што ніхто з яго каманды не можа прыняць того, што Анджэліка была арыштавана толькі за сваю працу. І хвалюецца з-за таго, што не ведае, у якім яна стане, бо няма аніякага кантакту з ёй.

«У XXI стагоддзі нельга так абыходзіцца з людзьмі. Анджэліка Борыс не займалася ані палітыкай, ані справамі, якія б перашкаджалі інтарэсам Беларусі. І гэта для нас цалкам незразумела. Палякі ў Беларусі зараз пазбаўлены сапраўднага лідара, які апякаўся іх лёсам – каб працавалі школы, каб усе справы Саюзу палякаў маглі далей ісці. У Польшчы мы пастаянна праводзім розныя імпрэзы, маніфестацыі, каб паказаць усяму свету, што памятаем пра спадарыню Борыс і каб свет памятаў пра тое, што дагэтуль у Беларусі пануе бандыцкім рэжым Лукашэнкі», – дадае спадар Артур.

Аналітыка
Лукашэнка абяцаў: калі стане прэзідэнтам, палякі будуць мець столькі школаў, колькі неабходна. Гісторыя Саюзу палякаў Беларусі
2021.04.05 08:00

СП belsat.eu

Стужка навінаў