Канцэрт «Граем для Беларусі – 2021» – у чацвер, 25 сакавіка, а 22:15


У Дзень Волі, 25 сакавіка, адбудзецца канцэрт, дзе прагучаць творы гурта «Naviband», песня «Грай» гурта «Ляпіс Трубяцкі», а таксама гіты Чэслава Немэна. Гэтая імпрэза – праява салідарнасці палякаў з беларусамі ў іхным імкненні да законнасці і справядлівасці.

Гурт NaviBand.
Фота: naviband.by

Канцэрт адбудзецца ў Нацыянальнай філармоніі ў Варшаве, у сувязі з эпідэмічнаю сітуацыяй – онлайн, без гледачоў у зале. Паглядзець урачыстасць можна на каналах «Белсат», «TVP Kultura», «TVP Polonia», «TVP Wilno», а таксама ў інтэрнэце – на YouTube-канале «БЕЛСАТ МУЗЫКА», старонцы Нацыянальнага цэнтру культуры ў Facebook і на інтэрнэт-старонцы.

Прагучаць песні іконы польскае музыкі Чэслава Немэна, які паходзіў з Беларусі, новыя песні «Naviband», слынныя «Муры» Яцэка Качмарскага, а таксама «Грай» – гіт гурта «Ляпіс Трубяцкі». Польскія выканаўцы Крыстына Пронька, Кася Цэрэквіцка, Ігар Гэрбут і Пётр Цугоўскі разам з беларускімі – гуртом «NaviBand» і хорам «Гармонь» з Ласінкі – заспяваюць у суправаджэнні аркестру Нацыянальнай філармоніі пад кіраўніцтвам Адама Штабы і Зузанны Фалькоўскай, якія разам з Марцінам Міроўскім адказваюць за аранжаванне і музычнае афармленне канцэрту.

Гэтак палякі выказваюць салідарнасць з беларусамі, якія са жніўня 2020 года зацята і адважна, не зважаючы на рэпрэсіі ды пагрозы, дамагаюцца справядлівасці і свабоды. Падобнае нашыя суседзі зведалі сорак гадоў таму, калі страйкі, пратэсты і сутыкненні з паліцыяй былі для Польшчы штодзённасцю.

Арганізаваў канцэрт польскі Нацыянальны цэнтр культуры пры падтрыманні Міністэрства культуры, нацыянальнай спадчыны і спорту, Цэнтру культуры і гісторыі, Польскага тэлебачання і Нацыянальнай філармоніі ў Варшаве.

Віншуем з Днём Волі! Жыве Беларусь!

Запіс канцэрту «Граем для Беларусі», які адбыўся 11 верасня 2020 года:

Стужка навінаў