Беларусы пачалі пераходзіць з пошуку «Google» на «Яндэкс» – статыстыка «DataReportal»


Аналітыкі «DataReportal» апублікавалі чарговую статыстыку пра інтэрнэт-карыстальнікаў з розных краінаў, у тым ліку з Беларусі. Пераказваем найцікавейшае.

Офіс кампаніі «Яндэкс»
Офіс кампаніі «Яндэкс» у Маскве, Расея. 31 кастрычніка 2015 года.
Фота: Фотобанк Moscow-Live / Flickr

На пачатак 2024 года ў Беларусі налічылі 8,48 млн карыстальнікаў інтэрнэту – гэта 89,5 % насельніцтва краіны. Без малога мільён жыхароў Беларусі не карыстаюцца інтэрнэтам.

Другі год запар колькасць карыстальнікаў інтэрнэту зніжаецца: у пачатку 2023-га іх было на 40 тысячаў больш, у пачатку 2022-га – на 70 тысячаў больш, чым цяпер. Пры тым агулам у свеце колькасць інтэрнэт-карыстальнікаў расце няспынна – проста ў Беларусі знізілася колькасць насельніцтва (паводле «DataReportal», на 44 тысячы асобаў за год).

Мабільны інтэрнэт ёсць у 11,42 млн абанентаў – гэта значыць, некаторыя маюць больш за адну сім-картку, бо абанентаў на 20,5 % больш, чым жыхароў краіны (ва Усходняй Еўропе агулам на 44 % больш абанентаў, чым жыхароў). За год мабільных абанентаў стала менш на 96 тысячаў,  або на 0,8 %.

Інтэрнэт-трафік ідзе праз мабільныя тэлефоны (51,67 %), настольныя камп’ютары (47,34 %), планшэты (0,94 %) і іншыя прылады (0,05 %). Яшчэ летась настольныя камп’ютары крыху абганялі мабільныя тэлефоны ў аб’ёмах трафіку.

Сярод мабільных прыладаў 71,52 % трафіку ідзе праз Android-прылады, 28,31 % – праз прылады на iOS.

Самы папулярны браўзер – «Google Chrome» (54,4 %), за ім ідуць «Safari ад Apple» (20,3 %), «Opera» (9,0 %) і расейскі «Яндэкс.Браўзер» (8,8 %). Летась у «Chrome» было 59,8 %, а «Яндэкса» не было ў топе браўзераў.

Самы папулярны пошукавік – «Google» (66,3 %), следам за ім стаіць расейскі «Яндэкс» (32,0 %). Летась было 76,2 і 21,9 % адпаведна  – карыстальнікі пераходзяць з «Google» на «Яндэкс». Гэта бачна нават у папулярных пошукавых запытах у «Google», дзе слова «Яндекс» – на 4-м месцы:

Пошукавыя запыты жыхароў Беларусі ў «Google»
Пошукавыя запыты жыхароў Беларусі ў «Google».
Скрыншот: Datareportal.com

Адметна, што ў пошукавых запытах на Youtube слова «Украина» папулярнейшае за слова «Беларусь» – імаверна, праз вайну ва Украіне.

Сярэдняя хуткасць стацыянарнага інтэрнэту – 62 Мбіт/с, мабільнага – 12 Мбіт/с. Гэта павольней, чым ва Украіне (74 і 25), Расеі (85 і 24), Літве (103 і 83) і Польшчы (139 і 42), наконт Латвіі звестак няма. І калі за год стацыянарны інтэрнэт стаў заўважна хутчэйшым (+23,2 % хуткасці спампоўкі і +16,3 % запампоўкі), мабільны практычна не паскорыўся (+2,0 % хуткасці спампоўкі і 3,6 % запампоўкі).

Сацыяльнымі сеткамі карыстаюцца 5,63 млн жыхароў Беларусі, або 59,4 % насельніцтва – гэта ніжэй за сярэдні ў свеце паказнік у 62,3 % і ўсходнееўрапейскі ў 70,4 % (не абавязкова гэта асобныя людзі – адзін чалавек можа карыстацца некалькімі сацсеткамі). Але даследнікі лічаць, што 66,4 % жыхароў Беларусі з доступам да інтэрнэту маюць акаўнт у хаця б адной сацсетцы. За год колькасць карыстальнікаў сацсетак вырасла на 1,4 млн, або на 31,8 %.

Колькасць карыстальнікаў сацсетак і змены лічбаў да 2023-га такія:

• TikTok: 5,63 млн (+31,8 %);

• Instagram: 3,90 млн (+14,7 %);

• LinkedIn: 0,88 млн (+10,0 %);

• Facebook: 0,70 млн (+5,9 %), а таксама 0,19 млн карыстальнікаў Facebook Messenger (–3,5 %);

• X (былы Twitter): 0,22 млн (–4,6 %).

Колькасць карыстальнікаў расейскіх VK і OK не падлічвалі, але VK наўрад ці значна папулярнейшы за Facebook, мяркуючы па колькасці пераходаў з сацсеткі на іншыя сайты: гэты паказнік блізкі ў VK і X.

«УКантакце» і «Аднакласнікі» фактычна падкантрольныя расейскім уладам, а значыць, звесткі з іх могуць быць лёгка дасяжныя для беларускіх сілавікоў. Калі ёсць магчымасць, лепш імі не карыстацца ўвогуле і ў мэтах бяспекі выдаліць свае акаўнты, бо ў Беларусі трываюць палітычныя рэпрэсіі, у тым ліку на падставе пастоў у сацсетках.

Разбор
Як чысціць сацсеткі ад «палітычных» пастоў, каментароў і лайкаў
2024.02.19 07:16
Разбор
Што рабіць, калі ў Беларусі заблакуюць YouTube, Facebook ці Telegram – і як паставіць VPN
2024.01.12 10:36
Разбор
Што рабіць, калі ў Беларусі пачнуць блакаваць VPN, і ці трэба хвалявацца ўжо цяпер
2024.02.12 07:00
Агляд
Як бяспечна карыстацца Telegram у Беларусі? 7 пытанняў да «Кіберпартызанаў»
2023.07.11 13:00
Разбор
Як бяспечна тэлефанаваць праз інтэрнэт, каб не праслухалі сілавікі?
2023.10.03 15:41

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў